– Я ніколі не была на тым беразе. Ніхто з горада не наважыцца пераплыць раку ды пайсці ў гушчар.
– Таму мы яго і выбралі.
Вікця сышла ціха – і куды толькі падзеўся шоргат крокаў у траве.
На хату Бася і не зірнула. Калі не развітвацца, то абавязкова вернешся – і ўсё будзе як раней. Спакойна і шчасліва.
Больш за ўсё Лесі хацелася ўцячы з дому. Трынаццаты дзень народзін не абяцаў нічога добрага. Выпадковая сустрэча са старэйшай сястрой па дарозе на кухню – і свята можна скамячыць і выкінуць у сметніцу.
– Прыбярэш сёння мой пакой, – ці то прапанавала, ці то загадала яна. Леся ведала, як трэба рэагаваць на такія выбрыкі. Таргавацца. Выбіваць для сябе найлепшыя ўмовы, найбольшую цану.
– А то што? – болей нахабства ў голас, быццам няма чаго баяцца.
– А то скажу маме пра тваю кантрольную па матэматыцы і пра вырваны з дзённіка ліст.
Халера, адкуль толькі даведалася? Ліст з тройкай па матэматыцы Леся выкінула на вуліцы, далёка ад дома. Сшытак заўсёды хавала на самым дне заплечніка пад спартыўнай формай і пакункам з абуткам. Хоць ты ператварыся ў каменную статую ці белы ліст – сястра ўсё адно знойдзе чым ушчыкнуць, як напаганіць. Леся маўчала.
– Толькі добра вымый, ва ўсе куты залезь. А то атрымаеш замест падарунка маміных кухталёў, – і пайшла ледзь не ўпрыскок, вольная, лёгкая без хатніх абавязкаў.
За камодай, пад ложкам, пад сталом спачывалі камякі шматгадовага пылу. Каб толькі мама пабачыла! Выдала б тады старэйшай. «Калі вы не можаце прыбрацца ва ўласным пакоі, то не павінны яго мець», – так яна кажа. Вось бы яна выселіла сястру ў «залу», а яе пакой аддала б Лесі. А можа, не прыбіраць гэты пыл? Мама вернецца, пабачыць і… Зрэшты, вопыт і інтуіцыя падказвалі, што найбольш атрымае менавіта Леся – ад старэйшай, што «здала» яе. А потым і ад мамы – заўтоеную тройку. І добра, калі выплаты па заслугах абмяжуюцца сапсаваным днём народзін. Зрэшты, ці можа быць горш?
З пылу і пяску Леся вымела ляльку Барбі. Касматая, брудная, у анучах, што некалі гадоў таму былі, напэўна, прыгожай сукенкай. Карацей, страхоцкая. Дзяўчына, гідліва ўзяўшы цацку ў два пальцы за шэрыя валасы, у кудзеры якіх ублыталіся пасмы пылу, мелася яе выкінуць. Ляльчыны ногі віселі за некалькі сантыметраў ад незваротнай прорвы сметніцы, калі Леся зірнула ёй у вочы. Пранізліва, балюча, звонка-сінія, яны глядзелі з дакорам, просьбай і разуменнем адначасова. Так мусіла б глядзець мама на дзіця, але Лесіна ніколі так не глядзела. Стала сорамна нават за саму думку, што ляльку можна выкінуць. Калісьці Леся спаць не магла – марыла пра цэлы набор такіх. І не атрымаўшы, забараніла сабе нават глядзець у бок цацак у крамах. І вось гэтая няшчасная пластыкавая істота нагадала. У сметніцы, а тым больш на звалцы ёй будзе страшна, сумна і смуродна. Моцна абхапіўшы далонямі ляльчын стан, дзяўчына панесла сваю знаходку ў ванны пакой.
Спатнелая рука расціснулася над тазам. Ударыўся пластык аб пластык, і Леся ачомалася: яшчэ надумала, шкадаваць хлам. Толькі перапэцкалася дарма. Раздражнёна пусціла самы вялікі напор вады. Лёгкую цацачную дзяўчыну панесла па тазе буйным струменем, што пераходзіў у непаслухмяную драпежную плынь. Яе кідала ў сценкі, біла аб дно, пераварочвала на новых і новых хвалях. Леся дадала ў ваду шампунь. Аблокамі ўзбілася белая пералівістая пена.
Хітрая рака спакою не абяцала. Сталіца на правым яе беразе расла і на поўнач, і на ўсход, і на поўдзень, і толькі з захаду мяжа была непарушнай – па рацэ. Нерухомая ў самоце, вада падманлівай цішынёй і лагоднасцю вабіла новых жыхароў сталіцы, што не ведалі пра яе выбрыкі, і непаслухмяных дзяцей, што адмаўляліся ў іх верыць. Варта было спусціць на раку човен ці памачыць у ёй хоць палец, і вада шалела. Выбухала хвалямі, паглынала ўсё, што траплялася ў яе пеністую пашчу, і зрыгвала пырскамі. Не раз раку намагаліся ўціхамірыць – ладзілі масты, збіралі ў абцугі труб, але яна была мацнейшая за самыя трывалыя пабудовы.
У гэтую неўтаймаваную моц пад цёмным люстэркам Бася збіралася зрабіць крок. Не ўмеючы ні веславаць, ні плаваць.
Човен не хіснуўся, калі Бася (даволі няўклюдна) села ў яго. Не паплыў, не панёс туды, куды ёй трэба, як абяцала Вікця. Не адбылося нічога. Унутры пуста – веславаць няма чым. Праседзеўшы так колькі хвіляў, адчуўшы сябе дурной і бездапаможнай, Бася вырашыла грэбці рукамі, каб адстаць ад берага і хоць натрапіць на плынь. Вада выглядала лагоднай і мяккай. Можа, маняць пра яе бурны нораў?
Цяжкім халодным покрывам легла на спіну першая хваля. Другая, збоку, накрыла з галавой, заліла вуха і нос. Мокрыя валасы закрылі вочы. Велізарныя далоні ракі адна за адной білі з усіх бакоў, ногі занямелі ў вадзе, што напаўняла човен. Невядома, дзе рака, а дзе неба, у чоўне яна ляжыць ці на дне. «Лёс, хутчэй бы патануць і скончыць усё». Плыні круцілі, пераварочвалі з ног на галаву і назад. Човен, разбіты на мноства шчэпак, віраваў навокал. Калі вада перастала апякаць холадам, Бася зразумела, што тоне.