Самотнік паклікаў людзей на цэнтральную плошчу і абвясціў: «Паколькі Лёс стварыў нас дасканала, то я не магу быць памылкай. Адзінае тлумачэнне таго, што я не маю пары, – я павінен прыкласці шматкроць больш сіл на карысць Свету. Я павінен стаць князем Свету.
«Ніколі не было такога, каб над людзьмі нехта стаяў», – сказаў чалавек-гісторык.
«Каб правіць, трэба найперш стварыць», – сказаў чалавек-філосаф.
«Нас стварыў Лёс», – сказаў лёснік, служка цэркаўкілёсіцы.
«Гэта неэстэтычна», – загулі мастакі, паэты, музыкі.
«Тое, што ты адзін, – яшчэ не падстава для такіх высноў», – дадаў хтосьці з людзей-матэматыкаў, але і без яго слоў было відавочна: ідэя нікому не падабаецца.
Самотніку тут спыніцца б, забыцца на бязглуздую ідэю. А ён вырашыў: большасць падтрымлівае яго, толькі баіцца пайсці супраць выказаных слоў, трэба дапамагчы ім адчуць сваю рацыю. Самотнік закрычаў:
«Хто хоча, каб я правіў Светам, зрабіце крок наперад!» Людзі, што, разбіўшыся на купкі, гутарылі, нават не зірнулі на прамоўцу. І паўтораны яшчэ раз заклік не прымусіў іх сцішыць галасы. Толькі некалькі паблажліва-жаласных позіркаў злавіў на сабе няшчасны.
«Ідзі дадому, калі ласка, – ціха прашаптаў чалавек-філосаф, – і зробім выгляд, што нічога не здарылася».
Самотнік разгублена агледзеўся – ніхто не звяртаў на яго ўвагу – і знік з плошчы. Ідучы ціха-цёмнымі вуліцамі, змрочна радаваўся: за доўгія гады вандровак і пошукаў ён не забыўся сакрэтаў галоўнай сваёй навукі – алхіміі. І зробіць так, што жыхары Свету падпарадкуюцца яму. Упершыню, перахітрыўшы Нябёсную Птушку, Вогненны Птушкалоў сышоў на зямлю адметных, і крокі яго пакінулі чорны гарачы след.
Ніхто не хваляваўся, калі Самотнік знік. Напэўна, зноў выправіўся разам з вандроўнікамі шукаць сваю пару. Ці, можа, пакутуе праз глупства, што ўтварыў на плошчы – бядак.
Ён тым часам зацята працаваў, зрэдку перапыняючыся на сон і ежу. Выцягнутыя з забытых куфраў старыя кні гі былі яго кампаніяй. Сярод сотняў вядомых алхімічнай супольнасці формул няма нічога патрэбнага – бліжэй да кулінарных кніг, чым да падручнікаў. «Дзеткі! – з пагардай думаў Самотнік, – не могуць зрабіць нічога больш сур’ёзнага, чым марозіва з залатым напыленнем». І кінуўся імправізаваць.
Вялікі чан поўны гарачай крыві. Кроў павінна быць загартаванай – нагрэтай і астуджанай – каб той, у каго яна ўвальецца, быў дужы, але спакойны, здольны падпарадкоўвацца. Цікава, ці заўважылі гэтыя недарэкі, што ў лесе навокал Свету паменела жывёл? Самае складанае – развесці зямлю з астуджанай крывёй да густаты, якая дазволіць налепліваць месіва на косткі. Зрэшты, скласці з жывёльных костак шкілеты, падобныя на чалавечыя, – таксама задача не з лёгкіх. Стварэнні атрымаюцца розныя – высокія і нізкія, худыя і аб’ёмныя, дзюбаносыя і з лычамі. Можа, і добра – менш сумневаў у іх натуральнасці. А вось вочыкаменьчыкі і валасы з пажухлай травы будуць аднолькавыя. Ох і цікавыя атрымліваюцца твары – быццам і не скажаш, што страшныя, а глянеш у каменныя вочы і на выцягнуты ніткай рот – і вусцішна робіцца.
240 невялікіх земляных фігурак, падобных на паставы людзей, шчыльнымі шэрагамі ляжалі на зямлі. Апошняй, 241-й, чорнай, большай за астатнія і галоўнай над імі Самотнік прыладжваў вочы. Паспеў! Сёння поўня абліе сваім святлом усе фігуркі – зямля стане скурай, трава – валасамі, камяні – вачыма. На світанку, калі поўня аддасць усю сваю сілу, Самотнік падзеліцца сваім дыханнем з 241-й, атая ажывіць астатніх. Праз яе істоты падпарадкуюцца свайму ўладару. Дзеці Вогненнага Птушкалова і ночы.
Прайшоў год з таго дня, калі ён сабраў усіх на цэнтральнай плошчы. І вось 120 чалавек зноў стаяць перад ім. Позіркі напружаныя, недаверлівыя. Самотнік адчуваў вір іх думак вакол сябе, залежнасць іх ад яго слоў. Выраз твару яго стаў рахманым – куткі вуснаў і вочы апусціліся долу.
«Прабачце, што зноў патурбаваў вас, – ціха сказаў ён і з задавальненнем пачуў уважлівае маўчанне. – Каб паміж намі не было ніякіх сакрэтаў і крыўдаў, я пазваў вас сёння. Я зразумеў, што застаўся адзін, каб быць карысным, зрабіць вас шчаслівымі, а наш Свет – яшчэ лепшым. Каб кожны з вас мог займацца тым, чым сапраўды хочацца – навукамі, мастацтвамі, шпацырамі і гутаркамі, – я стварыў істоты, здольныя рабіць справы, не вартыя вашай увагі. Кожны з вас атрымае па два Шэрыя, што возьмуцца за любую працу, на якую вам шкада часу і сіл. Уявіце, колькі карыснага вы зможаце зрабіць! Да таго ж істотам амаль не трэба есці і спаць, працаваць яны будуць нястомна нават тады, калі вы адпачываеце!