Выбрать главу

Памаўчаў.

– Я вось цяпер шмат каго нізавошта не заб'ю. Да канца ведаю шкоду і карысць. "Гідкую" тыгравую вужаку не заб'ю. Тыгра не забіваў ніколі, нават калі можна было. Шмат каго яшчэ не заб'ю. А вось харзу – непальскую куніцу – і секунду не павагаюся.

– Восем кілаграмаў сто пяцьдзесят грамаў, – сказала Ніна.

– Ну, восем кілаграмаў мне не трэба, – даволі няўдала пажартаваў Будрыс. – А сто пяцьдзесят – магу.

На яго здзіўленне, яны засмяяліся. I ён зразумеў, што тут чалавечыя адносіны проста ачышчаны ад усіх умоўнасцей, што тут радуюцца кожнаму чалавеку і важліва тут не тое, удалы жарт ці не, а проста самы намер чалавека-сябра нязлосна пажартаваць.

– Гэта, як вернецеся, – сказаў Дзянісаў. – Праўда, Ніна?

– А што ж, – усміхнулася тая, і Севярын раптам зразумеў, што яна вельмі харошанькая.

Дзянісаў павёў Будрыса ў свой кабінет-закутак. Тут таксама былі шафы. Пакуль Севярын разглядаў у слоіках бялёсыя, падобныя на пятрушку і на чалавека, карані жэньшэня, Дзянісаў нешта пісаў.

– Вось. Пропуск. "Прапаную егерам аказваць садзейнічанне на ўсёй тэрыторыі запаведніка". Самае галоўнае для вас – гэта. Кардоны ў нас пераважна па хрыбтах. Унь там – першы. Праз дваццаць кіламетраў другі, – ён паказваў у акно. – Там горы сінеюць. Гэта – Чорны хрыбет. Там тры кардоны. I тут, на левым хрыбце, чатыры. Можаце ў егера браць каня. Нават калі гаспадара дома няма. З першага даедзеце да другога. Там зменіце – і на падменным да трэцяга. Ну, і гэтак далей...

– А як там гаспадара не будзе...

– Паставіце ў стайню. Рана ці позна егер з першага кардона прыедзе на другі і возьме сваё. Або егер з другога сам прыгоніць.

– Я лепей пешшу.

– Вярхом не ўмееце?

– Умею. А лепей пеша.

– Што ж, правільна. Убачыце болей. А ходзіце добра. Бачыў, як спускаліся з хрыбта. Не ломіцеся. Бязгучна, як звер. Так можна ўсё ўбачыць. Для такіх людзей лес– жыве. Паляўнічы?

– Ёсць трохі.

– А кажаце – "кот".

– Кот даў маху. I ўсё ж ката шкада...

– Іначай вы не былі б чалавек... Компас ёсць?

– Мяркую, ён тут не патрэбен.

– Чаму?

– Унь арыенціры, – Севярын паказаў на вяршыні гор. – Хрыбет злева, хрыбет справа, хрыбет наперадзе. За спіной няма гор. Мора. Ад левага да правага хрыбта кіламетраў дзесяць. Ад мора да хрыбта наперадзе кіламетраў сорак – пяцьдзесят. Не заблукаеш.

– А за хрыбтамі?

– А мне там пакуль няма чаго рабіць. I тут цікавага хопіць.

Вочы ў Дзянісава блішчалі:

– Слухайце, вы мне ўсё больш падабаецеся. Паляўнічы, умееце бачыць, умееце хадзіць, умееце кеміць і ўзважваць, звяроў шкадуеце, можаце перамагаць нават жах і гідлівасць... хаця б – да змей... Гэта цяжка, паверце мне. Можа, застанецеся? Хата будзе, грошы будуць, жонку знойдзем. А галоўнае, вельмі... вельмі будзе цікава.

– Я падумаю, – нечакана для самога сябе сказаў Будрыс. – У мяне зусім іншая праца... вельмі важлівая... Мне позна, бадай, ламаць жыццё. Але мне прыемна думаць, што я магу застацца.

– Харошы адказ. Ну, цяпер пра дарогу. Карта... Цьфу, д'ябал, дзе ж карта? Ну, усё адно. Тут вельмі проста. Бачыце, сапраўды за спіною мора. Запаведнік – гэта наша падзь, тры хрыбты і тое, што за імі. Злева – хрыбет Ярай Вады, справа – хрыбет Санлін, або Мангу. Ведаеце, што такое па-маньчжурску – Санлінчжычжу? Гэта – "Уладар гор і лясоў". Тыгр. А наперадзе – Чорны хрыбет. Амаль увесь запаведнік – даліна Тыгравай. Амаль ля вусця, на левым беразе яе, наша база.

Дзянісаў маляваў на памяць. Нават фігуркі сям-там крэсліў.

– З хрыбта Санлін плыве толькі дзве рэчачкі. Крыніца Ізюбраў – амаль з-пад Кардона Старога Аленя – і Паляўнічая крыніца ля вашае хаткі.

Ён намаляваў хатку, амаль ля вытокаў Тыгравай.

– Але вы пойдзеце правабярэжжам. Пад хрыбтом Ярай Вады. Там старая сцежка хунхузаў. Пасля – паштовая. Мы ёю карыстаемся. Тут будуць крыніцы, рэчкі. Іх многа. Горская крыніца. Залатая, Япруковая, Мёртвая, Другая Залатая.

– Чаму Залатая?

– Там калісьці прышлыя кітайцы золата мылі. Нямнога. За лета намые чвэрць фунта – яму і досыць... Пасля Падкрыжовая, бо плыве з-пад Крыжовай гары. Убачыце. Высачэзная, чорная. Потым будзе крыніца Лаўжовая, Яром, Папярочная. А далей пойдзе Чорны хрыбет і па ім старая, забытая паштовая дарога. Ад Лаўжовай да хрыбта суцэльныя джунглі... Ліяннікі, вінаград, дзіч, нетры.

Ён круціў ручкай па аркушы, паказваў, якая там дзіч.

– Вы туды не ідзіце. Адразу за Другой Залатой крыніцай пераходзьце Тыгравую – і вось яна вам будзе, хата. Над Паляўнічай крыніцай. Яны там.