Жанчына. Ведае цану льдам. I таму не зразумее. Не даруе. Не прымірыцца".
...Лёталі над агнём вялізныя, як птушкі, начныя матылі. Нерухомыя ў чыстым паветры, стаялі зоркі над вяршынямі гор.
Ён ведаў, што жанчына тут, побач, спіць у гэтай закінутай хатцы. А можа, і не спіць, бо яе таксама жорстка ўразіла размова на беразе рэчкі. А менавіта таму, што гэтая размова была, да жанчыны было зараз далей, чым да гэтых высокіх, халодных зор.
Яна ніколі не паставіцца да яго з даверам. Сябрам не будзе. Нават старонняй не будзе. Будзе ворагам, пільным назіральнікам, лазутчыкам у стане такіх, як ён. Таму што ён і яна – розныя бакі жыцця. Жыцця? Увогуле розныя палюсы ўсяго існага.
Яму было вельмі горка адчуваць гэта.
Ноч. Добрая музыка ночы. Сонна цмокае вуснамі рака. Падушка з водарасцяў у яе пад шчакой. Схіліліся і пільна слухаюць сны ўсяго жывога гонкія чазеніі. Чуйным сном спіць недзе ў нетрах жэньшэнь. Спіць недзе ў зямлі Генусь. Спяць мёртвыя ў магілах, жывыя – у ложках і ля вогнішчаў.
I ўсе-ўсе слухаюць песню ночы: адны з надзеяй, другія з безнадзейнасцю. Адны – прымірыўшыся, другія – гатовыя зубамі бараніць жыццё.
Але ў ночы няма нічога страшнага. I зла няма ў ночы. I бяспека ў ночы ў руках. I таму побач, далёка-далёка, ляжыць і ніколі не даруе, не наблізіцца жанчына. Не даруе за спробу прынесці ў ноч зло. Не даруе чазенія.
У дрымоце, праз напаўапушчаныя веі, ён раптам убачыў, як бязгучна сеў і выцягнуўся Амур. Футра на загрыўку ўстала, як грыва, напружыліся мускулы, бязгучна выскалілася пашча. I бязгучны выскал быў страшнейшы за рык і брэх.
Севярын сеў.
Агонь дагараў. I першае, што чалавек убачыў у цемры, за межамі цьмянай, чырванаватай плямы святла, за гэтым згасаючым у цямноцці аазісам, – гэта былі два халодныя зялёныя агеньчыкі. Ледзяныя, застылыя, нерухомыя, неміргаючыя.
Чалавек i звер глядзелi адзiн аднаму ў вочы. Пасля чалавек устаў. I адразу з цемры, адтуль, адкуль свяцiлi два бязлiтасныя, пачварна гiганцкiя светлякi, даляцеў гарлавы, прыглушаны кашаль i хрып.
Нешта пагрозна варочалася ў самай, здавалася, глотцы цемры, нешта перакатвалася, як далёкі пярун, узносілася да высокага, здрадліва-пяшчотнага, сладастраснага муркання і адразу падала ледзь не на дзве актавы, да брукатання, да клёкату. Нібы бурчала сама старажытная ноч. I не было на свеце нічога больш першабытнага, больш страшнага, больш усеўладнага.
Чалавек зрабіў крок, і другі, і трэці. З голымі рукамі. Задушаны рык нібы адскочыў ад самога агню ў змрок. I яшчэ на крок адскочыў. I яшчэ...
– Ты, маньчжурская пантэра, – сказаў чалавек. – Ты, барс. Ты, леапард, і як цябе там яшчэ клічуць. Драная кошка, ці што? А ну, давай сюды!
Гукi чалавечага голасу нiбыта прымусiлi леапарда адскочыць яшчэ. Рык ператварыўся ў задушлiвае бурчанне, нiбы ў цямноццi нехта канаў.
Севярын зрабіў яшчэ крок. Ён не памятаў сябе ад злосці. Ад злосці на гэтую пачвару, што палюе на сабаку, а можа, і на яго, ад злосці на цемру, ад злосці на гэтую жанчыну, якая, хай сабе і з меркаванняў вышэйшай праўды, перакрэсліла ягонае жыццё.
На гэтую жанчыну, што глядзела на яго з агідай у той час, калі ён не варты такога. На гэтую непрымірымую жанчыну, што ніколі не даруе і не працягне з сяброўскім даверам сваю руку.
Хрып цяпер блукаў вакол вогнішча. Па нябачным коле. Блукаў і паступова аддаляўся. З відавочнай неахвотай, з пачуццём смяротна абражанай годнасці.
I чалавек ведаў, што звер ніколі не даруе яму паражэння. Так, як ён, чалавек, ніколі не даруе свайго паражэння гэтай жанчыне.
Ён кінуў у агонь сушняку. Полымя ўскінулася і заскакала барвай па чорных лапах кедраў, па светлых крылах гіганцкіх арэхаў, па адчыненых дзвярах хаткі, па абліччы жанчыны, якая стаяла ў гэтых дзвярах.
– Псіх ненармальны... – голас яе сарваўся. – А стрэльба? Стрэльба дзе?
– Леапард не нападае на чалавека, – глуха сказаў ён.
– Так. Ніколі не нападае. Але гэта – я не ведаю, што ён такі за звер, гэты... Пашэнціла раз дзіця ўкрасці? Людаедам зрабіўся з-за старасці ці фізічнай вaды? Проста звык паляваць на самага безабароннага... на чалавека... без кіпцюроў і рог?.. Або... або такі самы псіх, як вы?
Яна ішла да агню, і выгляд у яе быў страшны.
– Я не ведаю, але...
Ён нічога больш не сказаў. З яго было досыць. Ён лёг на подсцілку, закутаўся з галавою ў коўдру і змоўк, павярнуўшыся да яе спіною.
...Калі ён пракінуўся – палыхала зара. Святло ахапіла палову неба. Росы сплывалі з абмытых, нібы лакіраваных, дрэў.
Жанчына сядзела, абхапіўшы рукамі ногі і паклаўшы падбароддзе на калені. На ўлонні ў яе ляжала стрэльба.