Выбрать главу

Лёгкія аж распірала ад духмянага, густога ветру з джунгляў, ад празрыста-халаднаватага павеву з гор. I сталёва, нястомна спружынілі ногі, несучы яго і яе насустрач сонцу.

– Пусці. Стомішся.

– Я? – Ён пабег угару, і Амур, які не без падстаў меркаваў, што гаспадар з'ехаў з розуму, і ўвогуле ўхваляў гэты новы стан, з вясёлым рыкам кінуўся за ім, робячы выгляд, што хоча хапаць яго за пяткі.

– Пусці.

Замест адказу ён падкінуў яе высока. I яшчэ. I яшчэ раз.

– Сонца! Сонейка! На!

– Ну пусці, ну калі ласка.

– Выкуп. Самы моцны пацалунак на свеце. – Ён спаймаў яе і трымаў на ўзнятых руках.

Зверху, з блакіту, яна глядзела на яго дзіўнымі, суцішанымі вачыма. Бачыла растрапаную чупрыну, бліскучыя вочы, ашчэраны белазубы рот.

– Я сама. – Яна сціснулася ў яго руках, заплюшчыла вочы і асцярожна дакранулася вуснамі да яго рота.

Дзіўнае пачуццё сваёй безабароннасці і адначасова сваёй улады над ім поўніла яе сэрца, нясцерпна гарнула да яго, нараджаючы пачуццё адданасці і ціхай пакоры.

"Вялікі свойскі звер. Накшталт слана ці ручнога мядзведзя. Нязмерны сілаю, мог бы зрабіць усё, што хацеў, толькі баіцца сваёй сілы, шкадуе, слухаецца аднаго позірку. I правільна. Хіба я не ягоная?"

Ішлі сцежкай. Вялікія, у метр вышынёй, стаялі на дрэвах дуплянкі.

– Дзеля каго?

– Дзеля самых прыгожых на свеце птушак. Дзеля качак-мандарынак... Пацалуй мяне.

– А хто то, блакітны, лётае над чазеніямі?

– Сіні салавей... Пацалуй мяне.

Яна нібы не магла напіцца сонцам і яго блізкасцю.

Чароўна, велікапышна спяваў лясны каменны дрозд сваю апошнюю ў гэтым леце песню. Флейтай свісцеў у разнатраўі кітайскі чорнагаловы гівал.

– I ўсё ж тайга амаль маўчыць, – сказала яна. – Паслухаў бы ты яе ў маі. Пусцее ўсё. Нават даурскія ластаўкі цягнуць на поўдзень.

Маленькая шэрая птушка пырхала перад імі.

– А гэтая?

– Усходнеазіяцкая соўка. Лі-у. Яна чараўніца. Адводзіць шукальнікаў ад жэныпэня.

– То чаго яна нас адводзіць? Хіба мы ідзём па жэньшэнь?

– Хочаш? – раптоўна захапіўшыся, сказала яна. – Я ведаю, дзе. Колькі хочаш пакажу табе.

– Хачу, – сказаў ён.

– Вось гэта пачынаюцца яго сваякі. Араліевыя. Элеутэракок. Аралія кантынентальная. Унь чорныя ягады разам – гэта акантапанакс скупчанацветны. А унь то – заманіха, лістота, як вінаград. Лацінскае імя ў яе прыгожае: эхінапанакс элятум накаі.

– Столькі ведаеш, што страшна цалаваць цябе. – Ён пацалаваў.

Яны ішлі і разважаліся тым, што прыдумвалі адно аднаму новыя прафесіі.

– Намміністра сельскай гаспадаркі па пагалоўю чорных махаонаў.

– Прадстаўнік леапардавых інтарэсаў у ААН.

– Пажыццёвы старшыня вялікай лігі суфражыстак-антыфізікаў.

– Сіні барада ў касмічным маштабе. Вялікі пажырацель жанчын.

Севярын зарагатаў:

– Хіба гэта прафесія? Гэта лаянка.

– Ну і атрымай.

Ён ішоў і любаваўся ёю. Невядома па якіх прыкметах знаходзіць нейкія травы, схіляецца і асцярожна выкопвае з коранем. Шукае. Працуе.

...Схіляецца, напружваюцца моцныя, стройныя ногі, выгінаецца, як лук, тонкая паясніца, падаюць валасы, і яна падбірае іх тыльным бокам кісці, адвечным і ўсё ж толькі сваім рухам. Вечна, вечна глядзець...

I ён глядзеў. Глядзеў так, што яна раз-пораз падымала на яго пастражэлыя вочы. Сінія, яны ў такія імгненні цямнелі.

"Стаіш, – думала яна. – I немагчыма пайсці ад цябе з тваёй чыстай цэльнасцю і сілай. Хіба ўцячы? Не хочацца. Немагчыма. Нельга абразіць цябе за гэтую тваю наіўнасць, дзякуючы якой ты нічога, нічога не зразумеў. I зараз не разумееш, не прадчуваеш. Нельга так адразу, не аддаўшы ўсяго. Божа мой, увесь залаты ад гэтага сонца, увесь раскрыты насустрач яму і мне. Як хутка ты акрыяў! I я зраблю так, каб ты назаўсёды застаўся такі, любы мой, добры, харошы".

Яны падымаліся да нагор'яў. Уначы тут, відаць, было халадней, і таму траплялася болей вінна-чырвонай, іржавай, палымянай, лілаватай і пяшчотна-залатой лістоты. Але цяпер гарачыня і задуха панавалі над светам, і павявала з нетраў нейкім праным, дзівосным, нетутэйшым водарам.

– Ліяны пахнуць, – сказала яна. – Джунглі.

Яны ішлі да гэтых джунгляў праз паляны, на якіх сярод белага дня зіхацеў месячны бляск, блакітны, срэбны, таемны. Гэта варушыліся серабрыстыя султаны міскантуса чырванеючага. Без краю дрыжала на палях месячнае мора.

...У раптоўным, амаль вячэрнім цяні ад сопак насунуліся джунглі.

I гэта сапраўды былі джунглі, а ніяк не тайга.

Саракаметровыя калоны дрэў, змрок і буралом, рэдкія плямы святла, буяны, дзікі падлесак. Чорныя, сабраныя ў шары, плады элеутэракока, медная лістота вінаграду, шызаватыя, нібы запацелыя, гроны яго.

Вежы дрэў. I на іх вісяць, аплятаюць, душаць, шалушацца, як маладая сасновая галіна, тоўстыя, са сцягно дарослага чалавека, удавы ліян.