– Чаго? – няўхвальна спытаў Дзянісаў.
Вочы ягоныя глядзелі на Гражыну дапытліва, і зморшчынак вакол іх пабольшала.
– Справу не скончыла, – ціха сказала яна.
– Лухта, – сурова сказаў дырэктар. – Усіх хвастоў усё адно не выцягнеце, нешта застанецца. Працы тут – на стагоддзі. А вам трэба быць разам.
Уздыхнуў.
– Урэшце, як хочаце. Справа ваша. А толькі б я так не рабіў. Што далей?
– Я падрыхтую ўсё, – сказаў Будрыс. – Пакоцім спачатку да яе, разлічыцца яна з работай. Пасля паедзем да мяне і там усё абгаворым з бацькамі і вырашым...
Ён глядзеў на Гражыну. Яна слухала яго і не чула. А вочы сурова-сумна сачылі за яго вуснамі, нібы вывучалі іх і ўсё аблічча.
– ...ці варта мне кідаць месца. Загадзя ведаю – бой давядзецца вытрымаць страшэнны. Увогуле гэта падобна на здраду сябрам. Каб толькі жывым, то гэта яшчэ нічога.
– Генусь? – спытала яна.
Севярын моўчкі схіліў галаву.
– Я не буду ні на чым настойваць, не буду нічога дамагацца,– ціха ўсміхнулася яна. – Усё разумею.
Жаль працяў Будрыса ад адной гэтай сумнай усмешкі, вялікі жаль.
– Калі ты будзеш так усміхацца – я кіну ўсё, нават не заязджаючы дадому, – сказаў ён. – Гэта я так аб здрадзе. Кожны – гаспадар свайго жыцця. Генусь, каб мог, сам сказаў бы мне гэта. Ён быў надзіва чалавечны чалавек. Такіх цяпер няма.
Зноў паглядзеў на яе твар і сказаў Дзянісаву:
– Баюся, што мы і на самай справе хутка вернемся сюды. Прымеце?
– Я сказаў...
Дырэктар сеў на кукішкі, узяў у далоні галаву сабакі і пачаў глядзець у арэхавыя, залацістыя вочы.
– Амур, – сказаў ён. – Будзь разумнікам, Амур. Не думай, што я здрадзіў табе. Я табе толькі хлеб даваў. Гэты – мог заплаціць за цябе даражэй. Жыццём. Разумееш? Ды яшчэ тады якраз, калі яно ўжо не належала аднаму яму. I ты будзь яму верны. Чуеш, Амур? А ён будзе верны табе, як дагэтуль, будзе даваць табе хлеб, дах і пяшчоту. Добра будзе ставіцца да цябе. Не будзе біць.
У любога іншага гэта было б смешна. Толькі не ў Дзянісава. Севярын занадта добра ведаў яго стаўленне да ўсяго жывога... Акрамя таго, у пса дрыжалі плямістыя бровы.
Пёс... плакаў. Другі раз у жыцці бачыў гэта Будрыс, сам зараз гатовы зараўці.
– Не плач, Амур. Ну што, на самай справе... Што табе тут? Дождж, звяры дзікія. Табе гэтага і трэба? Ён з табою на паляванне хадзіць будзе. I памрэш ты ў яго ў доме сваёй смерцю. Усыпляць ён цябе не павязе, не той чалавек. Ён пра гадасць такую і не падумае нават. А я да цябе ў госці прыеду. Ну, бывай, Амур.
Сабака лізаў яму рукі. Доўга лізаў. Пасля адышоў і сеў ля Будрысавых ног.
– Севярын! – раптам амаль крыкнула яна. – Ды не рвіце ж вы мне сэрца! До ўжо. Бо я не вытрымаю.
– Да сустрэчы, браце, – сказаў Дзянісаў. – Харошы ты чалавек.
– Ды й ты... дужа харошы чалавек.
Яны абняліся. Пасля грузавік крануўся з месца. Дзянісаў крэкнуў, махнуў рукою і пайшоў у дом.
...Сабака сядзеў у кабіне, побач з шафёрам. Паважна глядзеў наперад, бы развітваўся з мясцінамі, па якіх бегаў яшчэ шчанюком.
Мужчына і жанчына стаялі ў кузаве, успёршыся на кабіну.
– А можа, і сапраўды вернемся? – сказаў ён. – Гэта, па-мойму, найлепшае месца ў свеце.
– Але. Мне было тут лепш за ўсё ў жыцці.
– I мне.
– Мне было з табою заўсёды добра.
– I тады, калі вадаспад і ліяны?
– I тады.
– I пасля, у доме арнітолагаў?
– I тады.
– А лепей за ўсё?
– Хата. Калі з'явіўся леапард. I калі ён пайшоў. I заўсёды... Дзякуй.
Скалы, лясы і горы хутка скончыліся. Плылі, перамяшчаліся хрыбты, пакуль не закрылі сабою цясніну, вузкую дарогу ў падзь.
Шафёр гнаў машыну па беразе, проста па ўтрамбаваным пяску, па прыбойных лужынах – аж разляталася вада, – па жвіры, і ўсё ж даставіў іх на прыстань, калі да яе падыходзіў белы марскі катэр "Ізумруд".
– I ўсё ж, калі ты будзеш? Ну, супакой яшчэ раз.
– У суботу.
– Кінь, Амур. – Севярын убачыў, што сабака цягне яе за прыпол да катэра. – А як не будзе катэра? Паўтары мне.
– У сераду разам з катэрам запаведніка. – Вочы яе ўсміхаліся праз слёзы.
– Не трэба сонца праз дождж. Хай адно сонца, – папрасіў ён. – Пачнецца ж у сераду вечнае лета? Га? Бачыш, Амур, яна прыедзе. Кінь прыпол. Скажы нам, што прыедзеш.
Яна моўчкі затрэсла галавой.
...Катэр даў гудок. Яна прыціснулася да яго. Пасля з цяжкасцю адарвалася.
– Ідзі. Не сумуй гэты час... Моцны мой... Раз ты з кошкамі ваяваў... – нешта душыла яе. – Ну што з табой можа зрабіць нейкае там?.. Хай бы і самае кепскае.
I, узяўшы яго галаву ў далоні, не саромеючыся людзей на палубе, не звяртаючы ўвагі на цікаўных прыстанскіх баб, горка, страшна пацалавала яго ў вусны. Нібы ўсю душу ўклала ў адзін пацалунак.