– Севярыне, хлопча, – сказаў раптам Дзянісаў. – А вы не думаеце, што, можа, не варта даваць тэлеграму? Што, можа, гэта... зломіць ёй жыццё. Што яна... ну, скажам, – на дырэктара было шкада глядзець, – ...замужам ці нешта такое.
– I няхай зломіць, – праз зубы кінуў Паўлаў. – Так і трэба, раз магла. I што вы плявузгаеце?! Што вы плявузгаеце, наогул?! Вы што, не бачыце, што з ім?! I добра, калі зломіць! Тады ён, можа, падумае-падумае, ды і даруе ёй. Праўда ж?
– Кінь сварыцца, Васіль, – сказаў Севярын. – I не крычы на яго. Яна не замужам.
– Бачыце, святая вера, – успыхнуў "унук рабыні".
– Гэта не вера. Я ведаю. Але нават каб не ведаў – я б верыў. Іначай гэта была б занадта вялікая подласць – не сказаць мне. Усё адно адбылося б усё, як яно адбылося. Але я, прынамсі, ведаў бы, чаго мне чакаць. I чакаў бы з адкрытым тварам. Яна сказала б. Яна зусім не такая... Нават каб я не ведаў.
Даўшы тэлеграму ў Хабараўск, яны памчалі на аэрапорт. На вакзал ехаць не было прычыны, там не запісваюць прозвішчаў.
У аэрапорце яны даведаліся, што пасажырка Арсайла вылецела ў пятніцу рэйсам у Хабараўск.
– У той самы дзень была там, – ляпнуў дзверцамі таксі Паўлаў. – Субота – панядзелак – нядзеля – аўторак... I лічу па-цыганску ад хвалявання.
– Серада, – сказаў Будрыс. – Прайшоў амаль цэлы дзень. Адказ, добра – калі заўтра. Значыць, шэсць дзён. Адна нядзеля на заяву аб уходзе. За два тыдні. А могуць адпусціць і раней.
Яны знялі ў гасцініцы нумар, суседні з Будрысавым, набралі ў "штаб-кватэру" прыпасаў, каб і на хвіліну не пакідаць яе, і заселі там, чакаючы званкоў і тэлеграм.
У той вечар даволі моцна выпілі, і калі Васіль усхадзіўся быў лаяць яе, Будрыс упершыню не вытрьшаў:
– Ты гэта кінь. Не трэба.
– Ды што ж гэта ёй у башку дурную цюмкнула, – гарачыўся Паўлаў. – На табе, ні села ні пала. Хоць бы папярэдзіла. Хлопцы ёй такія пачкамі паўсюль валяюцца?
Дырэктар маўчаў.
– Мы нічога не ведаем, – сказаў Севярын. – Мы не маем права асуджаць. Ты не знаеш яе, не бачыў. А я, як сябе... I веру, як сабе... Адкуль нам вядомыя ўсе акалічнасці яе жыцця? Магчыма, пасткі яго? Думкі гэтай жанчыны? Раз яна зрабіла так – значыцца, было нешта неадольнае, значыцца, не мела права зрабіць іначай. Разумееш, хлусіць яна не магла. Можа, застацца са мною – гэта і была б хлусня. I таму я сам не буду і другім не дазволю судзіць гэтую жанчыну.
Васіль глянуў на прасветленыя вочы сябра і махнуў рукой.
– Што ж ты будзеш рабіць, як яна з'ехала? – асцярожна спытаў Дзянісаў.
– У яе ёсць мой адрас. I я буду чакаць. Калі ёй будзе цяжка – яна пазвоніць, напіша, прыедзе. Сама.
– А як не дачакаешся?
– Дачакаюся. Дачакаемся вось з Амурам. Яна не падмане. Я дачакаюся. Ты забыў, Захар, што я кахаю яе. I яна мяне. У гэтым я ўпэўнены. Ніхто, самы падступны, не мог бы так хлусіць. А я глядзеў у яе вочы. Ёй зараз таксама нясцерпна. Таму яна і зрабіла так. Яна ўцякае. Але вечна ўцякаць нельга. Яна прыйдзе і заўсёды знойдзе ў мяне свой дом, і цеплыню, і нават сабаку, і ёй добра будзе, бо яна змерзне на далёкіх шляхах. Я дачакаюся. Мне ж ніхто не патрэбен, толькі яна.
Васіль хапануў чарку і раптам заплакаў:
– У, сволачы, у, мучыцелі! Мала ім без таго бяды з пакутамі – яны яшчэ іншых тыраняць. Ты не глядзі, я не п'яны, мне крыўдна.
Ён усхліпваў, як дзіця. I раптам вызверыўся:
– Ну, я ўжо буду ведаць, што мне рабіць, як яна з'ехала! Як самалётам – ясна, у якім напрамку. А як цягніком – я тэлеграмы на цягнік ахну. На кожны дзень яго сямідзённай дарогі. Скажам, у Магочу, у Прыісковую, у Іркуцк, у Новасібірск, Свярдлоўск, Яраслаўль. I няхай крычаць: "Грамадзянка N, друг пры смерці. Вяртайцеся".
– Такія тэлеграмы без даведкі не возьмуць, – сумна сказаў дырэктар.
– Думаеш, мяне гэта спыніць? Я пайду да нашага лейб-медыка і стану трэсці яго да таго часу, пакуль у яго душа не вылеціць праз лысіну. Не гаруй, Севярыне. Мы гэтага так не дамо скончыць. У мяне, брат, прадзед...
Трэсці "лейб-медыка" за шкірку не давялося. Наступнай раніцай Хабараўск адказаў, што супрацоўнік Арсайла Гражына Янаўна ўзяла тэрміновы разлік па сямейных абставінах і ў панядзелак вылецела самалётам на Маскву.
Вечарам таго самага дня шэф адказаў, што за тры дні з ніводнага маскоўскага аэрадрома не вылятала жанчына па прозвішчу Арсайла і што ён спецыяльна два тыдні будзе наводзіць спраўкі па ўсіх аэрадромах.
Чакаць больш не было чаго. Спяшацца – таксама. Таму праз два дні Дзянісаў і Васіль праводзілі яго на цягнік. Амур ехаў у багажным вагоне. Гаспадар ягоны – у купэ.
Перад ад'ездам сядзелі ў тым самым марвакзале. Усё было перагаворана. Кожны ведаў, што прыдбаў дваіх сяброў. Верных. Сапраўдных. На ўсё жыццё. Тых, якія не забудуць, не кінуць, не прададуць, хай сабе, можа, і рэдка давядзецца сустракацца аднаму з адным.