«Не, не мінулася. Прадкажы вяртанне надзеі, прадкажы, вяшчунніца».
Не магу прадказаць... Няма ў мяне чараў памяці. Не магу адвесці вачэй ад самага прыгожага чарадзея...
— Адкуль у цябе такая дзіўная зёлка? — гляджу ў вочы яму, усмешліваму, які падае мне нечаканы дарунак. — Не ведаю я такой.
— Бо не можаш ведаць таго, што чарамі маімі ўчора створана. Для цябе створана. Для цябе адной.
Прамаўляе так ды ўсміхаецца ласкава, добра. Падае мне дзіўную зёлку, лапінку-сцяблінку, такі цёмна-зялёны лясны агеньчык. Гляджу на чары новыя, невядомыя ў захапленні. Бяру ў рукі лясную зёлку. Дзіва-дзіўнае. Чую я галасы блізкіх дрэў, што шэпчуцца між сабою пра вятры ды навальніцы. Чую галасы начных птушак. Гамоняць пра свае справы, дзе здабычы ўзяць ды накарміць птушанят. Чую, як нешта распавядаюць травінкі пад нагамі, сонныя, змораныя. Бачаць шчаслівыя сны. Ды ці мала каго чую. Чую і разумею.
— Каго чуеш, шчаслівая? Што табе апавядае самы блізкі голас?
— Чую дрэвы ды птушак, ды малых травінак. Апавядаюць яны пра сваё.
— Не тых слухаеш. Не тых. Слухай голас, як крыніца, гаючы, як сэрца, блізкі.
Слухаю. Радуецца начной волі лёгкая жамяра. Весела пазвоньвае далёкая крыніца, радуецца зямлі, радуецца начы, радуецца возеру-прошчы, у якое цячэ. Расце на яе берагах ласкавая сон-трава, якая шэпча мне: «Спі, спі, засні. Не бойся чорнай лотаці, не чужая яна табе». Расце ля гаючай крыніцы магутны дзівасіл. Шэпча ён мне: «Паслухай сон-траву, адпачні. Падарую табе дзівосную сілу дазнацца праўду. Пра лотаць. Пра чарадзея, такога прыгожага, такога жаданага». Трымаю я ў руках сцяблінкі зёлкі дзіўнай, невядомымі чарамі створанай, і бачу, бачу на сцежцы травяністай, што да гаючай крынічкі вядзе, маленькі трыпутнічак. Шэпча ён мне: «Трыма пуцінамі я хадзіў, на трох шляхах я прарос. Праз учора на сёння і заўтра. Не бойся лотаці, не чорная яна, невінаватая яна. Не вер, не вер жа чарадзею прыгожаму».
— Вой, ты, маленькі трыпутнічак.
— Трыпутнік табе адазваўся, — пахмурнее ягоны ўсмешлівы твар. — Гэта гонар вялікі. Што ж сказаў табе той, траісты?
— Прасіў не верыць табе.
Прамаўляю, не адзводзячы ад яго вачэй. І знікае ягоная вясёлая бадзёрасць. Палынамі прарастае роспач, піжмаю ўзыходзіць горыч. Палынамі азываюцца мне ціхія словы:
— За што ты так са мной, шчаслівая?
— А навошта ты прадказваеш мой лёс? Трыпутнік мне азваўся. Навошта ж мне цяпер ведаць, што трыма пуцінамі давядзецца ісці, на трох дарогах шчасця шукаць. Як таму горка-гаючаму трыпутніку.
— Свайго лёсу ніхто не мінае. Яго не трэба баяцца, яго трэба ведаць. І я хачу ведаць, за што давядзецца мне паспрачацца з Конам ды Светавітам.
— З Конам, які ўсім вызначае лёс? Са Светавітам, які абдымае ўвесь свет? Хто ты?
— Той, які пойдзе за табою ўдалеч тваіх дарог. Колькі б іх не было.
— Я не веру табе. Хто ты?
Трымаю ў руках сцяблінкі дзіўнай зёлкі, і мроіцца мне, што цямнее сама цёмная ноч, змаўкаюць навакольныя галасы, падараваныя невядомымі чарамі. Адзін трыпутнік, блізкі ды гаючы, адзін ён не змаўкае: «Бачыў я многіх на сваіх шляхах-пуцявінах, зведаў шматлікіх такіх, якія цяжкімі дарогамі прастуюць. Толькі не магу здагадацца я, пра што думае ён, чарадзей прыгожы.» Грознай і сцішнай робіцца ноч, трымціць падараваная мне зёлка. Ды не змаўкае маленькі трыпутнік: «Чарадзей моцны, чарадзей прыгожы нечысць балотную за сабой вадзіў, кветку заклятую стварыў, скарбы страшныя зачараваў...»
Прачынаецца далёкая навальніца ў ціхай начы, і адбіваюцца навальнічныя водбліскі ў ягоных вачах. Тады гаворыць мне прыгожы:
— Паліць грамнічная навальніца нечысць. Нішчыць балотных чарадзеяў магутны Пярун, не даруе ім цёмных чараў. Ці ж магла б паслухаць перуновая навальніца таго, хто спазнаўся з балотнай нечысцю?
У цёмнай навальнічнай начы ляціць шэпт маленькага трыпутніка. Шэпча гаючы ва ўсім свеце мне адной: «Слухаецца яго балотная нечысць. Слухаецца як свайго. Кліча да сябе смелых ды кемлівых заклятая кветка, да якой не падступіцца ані чарамі, ані словам. Зманьваюць зачараваныя скарбы неасцярожных, прыўлашчваюць тых, хто пойдзе па іх і не вернецца.»
Слухаю гаючы трыпутнічак, слухаю не я адна.
— Не называй мяне болей шчасліваю. Чарамі тваімі зроблена так, што цяпер гэта няпраўда.
— Не чыніў я сваімі чарамі такога. Не чыніў і не ўчыню ніколі.
— Я не веру табе. Я ўсё яшчэ не ведаю, хто ты.
— Што ж, ты атрымаеш адказ, калі так гэтага жадаеш.
І... знікае сам. Знікае навальніца і знікае ноч. Знікае крыніца, сон-трава і дзівасіл. Не сціхае толькі голас трыпутнічка, твой, чарадзей прыгожы, твой голас: «Не паверыла мне, шчаслівая, каханая. Як жа скрушна ад тваёй няверы, цёмна, самотна. Забраны няверай тваёй чары твае...» Слухаю голас той ды разумею, што побач заўсёды чары, веды і вера. Вядзе вера чары, якія ведамі ствараюцца. І не можа на свеце быць іначай. «І я так верыў. Верыў у цябе.», — шэпча мне маленькі трыпутнічак. Шэпча мне свет:
— За тое, што веру страціла, разгадай таямніцу прыгожага чарадзея. Ты ж хацела ведаць, хто ён. Разгадаеш таямніцу — і вернуцца да цябе чары. А пакуль так не здарыцца, будуць у цябе толькі веды — дарунак той дзіўнай зёлкі, якую трымаеш у руках. Зёлкі, для цябе створанай, для цябе адной...
Пераліваецца таямнічым лясным агеньчыкам дзіўная зёлка: «Будзеш усе чары бачыць, будзеш усе чары ведаць, зможаш прадбачыць, што чары тыя ўчыняць. Будзеш прадказваць. Прадказваць — гэта значыць памятаць. Чары сыходзяць, пасланыя і непасланыя. Толькі памяць застаецца. Бо памятае ўсё свет. І чары, і жыццё памятае».
Ператвараецца дзіўны лясны агеньчык у пялёсткі блішчастыя, што цягнуцца-цягнуцца... Цягнуць памяць. Цягнуць самае страшнае...
Так зрабілася я вяшчунніцай. Страціла чары. Не папусціць ніколі свет, каб ствараў чарадзей без веры... А што можа быць страшнейшым за страту веры? Ты прасіла мяне прадказаць надзею, чорная лотаць. Што ты ведаеш пра надзею?
«Што надзея заўсёды хаваецца ў свеце, вяшчунніца. Ты пыталася ў мяне пра шэра-шэрага... Ці не ля яго схавалася і тваё спадзяванне».
Зноў ісці мне ў мінулае. Як жа цяжка пабачыць таго, хто пакутуе ад тваёй няверы. Як жа млосна маліць пра надзею, калі не змагу я мінулае змяніць. Мінулася страчанае. Няма там маёй волі.