Выбрать главу

Прыйдзі, каханы мой, прыйдзі хутчэй!

Мне страшна! Я хачу тваіх вачэй.

Уваходзіць каралева Бона ў чорным вэлюме.

Адкуль вы тут?

Бона падымае вэлюм.

О Божа! Каралева...

Барбара апускаецца на калені.

Бона.Устаньце, дзіця маё... Гэта не вы, а я павінна апусціцца на калені і маліцца... Маліцца таму высокаму пачуццю, якое даў вам Бог ці то ва ўзнагароду, ці на выпрабаванне.

Барбара.О, светлая каралева...

Бона.Мой сын кахае вас... Кахае глыбока, шчыра, самаахвярна... Кахае так, як не могуць... і не павінны кахаць намеснікі Бога на зямлі... Яго душа разрываецца паміж вамі і святым абавязкам дзяржаўнага мужа перад Айчынай... Перад Польшчай... Венцаносныя асобы ніколі не зведаюць шчасця з тым, каго кахаюць... Дзеля карысці дзяржавы яны мусяць цярпець... цярпець на сваім ложы... нялюбых, нямілых... і мець ад іх дзяцей... Вы ж ведаеце, колькі намаганняў, колькі часу патрэбна, каб з'явіўся нашчадак прастола... Ва ўсіх каралеўствах гэта страшная праблема... I ведаеце чаму? Каля трона не жыве каханне... А без кахання дзеці цяжка нараджаюцца... Ой, як цяжка... Паверце, я гэта ведаю... А калі і народзіцца, дык хваравіты, кволы, худасочны... Па ўсёй Еўропе на пасадах сядзяць убогія... Тыя, хто народжаны не ад кахання... I яны змушаны дзеля дзяржаўных інтарэсаў нараджаць сваіх дзяцей з нялюбымі... Выраджэнне, заняпад...

Барбара.Гэта праўда, што каралевіч Жыгімонт сам... сам паехаў да Габсбургскай прынцэсы Кацярыны?

Бона.Гэта праўда.

Барбара.Гэта праўда... даруйце, каралева, гэта праўда, што ён збіраецца стаяць перад ёй на каленях і казаць, што яна найцудоўнейшая ў свеце і што ён яе любіць...

Бона.Праўда, дзіця маё... Я магу пакляспдся на Бібліі... Тым, хто служыць народу, сваёй Айчыне, амаль ніколі не даводзіцца казаць тое, што ён думае, і рабіць тое, што хоча... Абавязак... Лёс...

Барбара.Чым я магу аддзячыць сваю каралеву за той гонар, які...

Бона (перапыняе).Мой тайны візіт да вас — гэта клопат пра будучага караля Польшчы, пра свайго сына... I ў гэтым я таксама магу паклясціся на Бібліі...

Барбара.Я слухаю сваю каралеву і зраблю ўсё, што яна мне загадае...

Бона.О, даруйце мне, мая прыгожая дзяўчынка... Я ехала ў Вільню, спадзеючыся сустрэць халодную драпежніцу, якая шукае сваёй выгады... а сустрэла... Вы кахаеце каралевіча?

Барбара.Мне добра тады... калі яму добра... Калі яго вочы свецяцца радасцю. Я... адчуваю сябе на нябёсах... Бог не даў мне дзетак, але я ведаю, як іх любяць. Маці памрэ, калі гэта спатрэбіцца яе дзіцяці.

Бона.Вы кахаеце.

Барбара.Вы прыехалі загадаць мне, каб я больш не бачылася з каралевічам?

Бона.Не. Гэткай пакуты ні ён, ні вы не здолееце стрываць. Я прашу вас прыбыць да двара яго каралеўскай мосці.

Барбара.Навошта?

Бона.Каб стаць маёй фрэйлінай.

Барбара.А яго высокасць ажэніцца з аўстрыйскай прынцэсай?

Бона.Так.

Барбара.Але ж... мы з яго высокасцю павянчаныя...

Бона.Святая царква ніколі не прызнае гэты шлюб... Як жанчына, як маці, я прызнаю... Уся Польшча не прызнае! Душа Жыгімонта разарвецца паміж вамі і Польшчай... Пашкадуйце яго, Барбара...

Барбара.Што... мне... рабіць?

Бона.Даць згоду быць маёй фрэйлінай. Вы будзеце штодзень бачыць караля, ён будзе бачыць вас... А я здолею паклапаціцца пра вашае дзіця.

Барбара.Я не маю дзяцей...

Бона.Я пра таго, хто будзе...

Барбара.У мяне дзяцей не будзе...

Бона.Вы ўпэўнены?

Барбара.Мне не дванаццаць год.

Бона.Я ўсё адно чакаю вас. Бывайце. (Выходзіць.)

Барбара (адна).

Я — фрэйліна... Я — фрэйліна... Быць побач.

I быць далёка ад цябе... О, не!

Такой пакуты не знайсці і ў пекле,

Я — побач, побач, іншая ж цябе

Цалуе, лашчыць.

Божа! Божа! Божа!

Пякельны жах з маёй душы здымі,

Даруй ты мне... і грэшную прымі...

Баль адшумеў, і ціша навакол,

У чорным небе дрэмле ясны месяц,

Абліты цьмяным срэбрам лес і дол,

I болей не чутно птушыных песень.

Усімі зоркамі мяне цалуе ноч,

Ласкавы ветрык лашчыць, лашчыць грудзі,

I гладзіць цемра мне павейкі воч...

Я зведаю... чаго не зведаць людзям.

Адкаркоўвае бутэлечку, што пакінуў Мнішак, і выпівае.

Кракаў. Каралеўскі палац.

Жыгімонт і Бона.

Бона.

У Польшчы яшчэ слёзы не прасохлі

Пасля нядаўняй смерці караля,

А ты ірвешся ў Вільню?