Жыгімонт.
Так, да жонкі.
Бона.
Яе ніхто ніколі не прызнае
Як тваю жонку. Гетман гаварыў,
Што лепш на троне бачыць Сулеймана,
Скарыцца туркам, чым тваёй...
Жыгімонт.
Маўчыце!
Я ад яе не адступлюся, нават
Хай будзе свет увесь супроць яе!
Бона.
Сенатары і біскупы даводзяць,
Што ты абразіў іх, абразіў Польшчу,
Што ганьба — выбар твой для іх усіх...
Жыгімонт.
Я ў жонкі ім яе не прапаную!
Не прымушаю іх яе любіць.
Але Барбара будзе каралевай,
Таму што муж яе цяпер — кароль!
Бона.
Я не прыеду на каранаванне.
Жыгімонт.
Згадайце, што гаворыцца ў Пісанні:
«Ад бацькі, маці трэба адысці
I ўсёй душой да жонкі прырасці».
I гэта для людзей любога звання,
Грэх страшны быць з жанчынай без кахання.
Бона.
Ды ад цябе адвернецца ўся Польшча!
Жыгімонт.
Я адвярнуся ад яе і сам!
Мне Польшча без Барбары не патрэбна!
Хай ведае і канцлер, і сенат,
Усе, хто пасылае ёй праклёны,
Я лепей адракуся ад кароны,
Чым ад яе. I з'еду у Літву.
А Польшча караля хай выбірае
З тых, у каго душы няма, хто не кахае...
Хто мне не вораг, той яе прызнае.
А не прызнаюць нелюдзі і злыдні!
Каранаванне будзе праз два тыдні.
Бывайце, каралева.
Выходзіць.
Бона.
Ён за яе да смерці будзе біцца,
Выйсця няма. Даводзіцца... скарыцца.
О жорсткі лёс! Няслава ўсёй Кароне.
О страшны сон! Ліцвінка ўжо на троне.
Пан Мнішак!
Уваходзіць Мнішак.
Мнішак.Слухаю, мая каралева...
Бона.Вам належыць неадкладна выехаць у Літву і выправіць сваю памылку.
Мнішак.Якую памылку, каралева?
Бона.Мне сасніўся нядобры сон... Як быццам пушчанскае зелле, якое вы незнарок пакінулі ў Нясвіжы, выпіла маленькая дзяўчынка...
Мнішак.Калі каралева сніла сон?
Бона.Сёння ноччу.
Мнішак.Сны ў ноч на нядзелю ніколі не спраўджваюцца.
Бона.Тым не менш у мяне неспакойна на душы... Выязджайде зараз жа.
Мнішак.Я паеду зараз жа, забяру гэтую бутэлечку і дзе-небудзь закапаю яе ў лесе.
Бона.Грэх закопваць смяротнае зелле ў зямлю. Прывязіце яе сюды...
Мнішак.Слухаю, каралева...
Нясвіж. Палац Радзівілаў.
Жыгімонт і Радзівілы.
Жыгімонт.
Я толькі з Вільні. Мне сказалі ў замку...
Барбара пераехала да вас?
Радзівіл Чорны.
Так, тут яна, ды бачыць вас не хоча.
Радзівіл Руды.
Я не хачу, каб бачыліся вы.
Радзівіл Чорны.
Даруйце нам, даруйце нашу дзёрзкасць.
Жыгімонт.
Я вам ужо аднойчы дараваў,
Хай будзе так. I гэты раз дарую.
Дзе мая жонка?
Радзівіл Руды.
Я вас не пушчу!
Жыгімонт.
Я ваш кароль.
Радзівіл Руды.
Яна — мая сястра,
Якая з вашай ласкі захварэла.
Жыгімонт.
Што з ёю?
Радзівіл Руды.
Ды цяжэй няма хваробы,
Калі душу параніць.
Жыгімонт.
Дзе яна?
Радзівіл Чорны.
Ваша вялікасць, я прашу...
Жыгімонт.
Мне што,
Паклікаць стражнікаў, каб вас яны звязалі?
Барбара дзе?!
Уваходзіць Барбара.
Барбара.
Пакіньце нас, прашу...
Радзівілы выходзяць.
Жыгімонт.
Барбара, любая!
Барбара.
Скажыце мне, кароль...
Як ваша найкаштоўнае здароўе?
Жыгімонт.
Ужо цудоўна!
Барбара.
Я надзвычай рада.
Калі ваш шлюб?
Жыгімонт.
Ды роўна праз два тыдні.
Барбара.
Мне загадаеце да Вавеля прыбыць?
Жыгімонт.
Малю! Прашу! Прашу і загадаю,
Бо я на гэта трошкі права маю.
Барбара.
Вядома, мой кароль...
Жыгімонт.
Вы нездаровы?
Барбара.
Так... Глупства... Пройдзе...
Жыгімонт.
Лекараў прыслаць?
Барбара.
Не трэба, мой кароль, я... я прыеду
На цырымонію...
Жыгімонт.
Я гэта добра ведаў.
Бо як жа можна нарадзіць дзіцяці,
Калі няма ці бацькі, ці то маці.
I не бывае ў свеце шлюбных фэстаў,
Калі жаніх памёр альбо няма нявесты...
Барбара.
Якой нявесты?
Жыгімонт.
Вам напраўду дрэнна...
У ложак хуценька! Мне жонка не патрэбна