Нядужая. А ў Польшчы каралева
Павінна быць прыгожай і здаровай.
У хуткім часе будуць нас каранаваць,
А гэты здзек не проста так стрымаць.
Барбара.
Мяне? Каранаваць?
Жыгімонт.
Каго ж яшчэ?
Вы — мая жонка. Значыць, каралева.
Барбара.
Дык вы не жэніцеся?
Жыгімонт.
З кім жа мне жаніцца?
Калі вы здольная яшчэ раз нарадзіцца,
Тады яшчэ раз ажанюся я.
Барбара.
Ці не казалі вы, што любіце прынцэсу?
Жыгімонт.
Казаў. Люблю, як родную сястру.
Барбара.
Лепш за яе нідзе на белым свеце...
Жыгімонт.
I прыгажэй не будзе і няма,
Ды гэтага ніколі я не ўбачу,
Бо ў сэрцы вы.
Барбара.
Яе вы цалавалі?
Жыгімонт.
Яна сама мяне пацалавала
I пажадала шчасця мне і вам:
«Жывіце доўга, смерць сустрэньце разам.
Каханне Бог вам даў, дык не згубіце часам».
Барбара.
Я — грэшніца!
Жыгімонт.
Што з вамі, каралева?
Я вас пакрыўдзіў, можа, незнарок?
Барбара.
Я — грэшніца, я — грэшніца, о Божа!
За самую пачварную хлусню
Страшней недагавораная праўда.
Жыгімонт.
Я ўсё вам расказаў! Ды не, яшчэ не ўсё!
Яна падаравала вам пярсцёнак.
Ён цудадзейны! Гоіць добра раны!
Барбара.
Я — грэшніца... Даруй мне, мой каханы.
Падае на рукі Жыгімонту.
Жыгімонт.
Сюды, сюды! Ёй дрэнна! Памажыце.
Выносіць Барбару на руках. З'яўляецца Мнішак.
Мнішак.Каралева сказала, што бачыла свой сон у ноч перад нядзеляй. Самай занюханай знахарцы вядома, што гэтыя сны спраўджваюцца толькі да апоўдня, у тую ж нядзелю, перад якой быў сон. Калі ён спраўдзіўся, дык беднай дзяўчынцы нічым не дапаможаш — хай яна будзе свае апошнія паўгода шчаслівай. Калі да апоўдня маю бутэлечку ніхто не чапаў, дык сон каралевы быў пустым і нічога нікому не пагражае. I ў тым выпадку, і ў тым няма сэнсу шукаць гэтую бутэлечку. Гары яна гарам! Але ж каралева запатрабавала, каб я яе абавязкова прывёз. Дык што з таго? На гэтай зямлі столькі атруты, столькі гадасці, знайду я што-небудзь і для каралевы. Тады чаго ж я сюды прыязджаў? Нясвіж! Палац Радзівілаў. Файныя мясцівы... Чаму б не прыехаць?
Кракаў. Кафедральны сабор.
Жыгімонт і Барбара у каранацыйных уборах.
Жыгімонт.
Прымі нас, Уселітасцівы Божа...
Барбара.
Прымі як непадзельнае — Адво...
Жыгімонт.
Прымі як непадзельнае — Адно...
Барбара.
Прымі нас, Уселітасцівы Божа...
Жыгімонт.
Адна Душа, адно Жыццё і Кроў...
Барбара.
Бог ёсць Любоў, і мы цяпер — Любоў...
Жыгімонт.
Бог ёсць Любоў, і мы цяпер — Любоў...
Барбара.
Адна Душа, адно Жыццё і Кроў...
Няхай Твой грозны гнеў нікога не кране,
Даруй усім, і ўжо апошняй мне.
Жыгімонт.
Барбара, што з табой?
Барбара.
Бывай, мой любы...
Жыгімонт.
Чаму бывай?
Барбара.
Я — грэшніца...
Жыгімонт.
Ніхто...
Няма нікога без граху на свеце,
Каханне наша ўсё нам даравала.
Барбара.
Я злу паверыла і грэшнай болей стала,
I не зямны, нябёсаў строгі суд
Абвесціць справядлівы свой прысуд...
Мой любы, ты даруй мне...
Жыгімонт.
Я кахаю...
I не аддам!
Барбара.
I мне не трэба раю...
Ніколі ад цябе не адыду.
Нават тады, калі ў нябыт сыду...
Нясвіж. Лета 1551 года. Парк перад палацам Радзівілаў.
Ноч. Мнішак і Радзвілы.
Мнішак.
А каралю з Нясвіжа трэба з'ехаць.
I тэрмінова.
Радзівіл Чорны.
А чаму?
Мнішак.
Чаму?
Мы трошкі загуляліся з чарцямі,
I пратапталі сцежку на той свет.
Яна па гэтай сцежцы і прыходзіць,
I па Нясвіжы ходзіць, ходзіць, ходзіць...
Радзівіл Руды.
Ды хто яна?
Мнішак.
Сястра ваша! Барбара!
Я тыдзень па начах ужо не сплю
I Бога, хоць не веру, а малю,
Каб заступіўся. Чуеце? Ізноў
Рыданні, стогны, плач у вашым парку.
Радзівіл Руды.
Ды гэта вецер...
Мнішак.
Гэтак галасіць
Не можа вецер! Гэта здань Барбары...
Яе кароль так клікаў апантана.
Яна і прыляцела... нечакана...