Яны?.. Гэта яна.
Брыльянт найпершы у Вялікім княстве,
Як каралевіч кажа.
Бона.
Што... брунетка?
Мнішак.
Не, каралева...
Бона.
Ды няўжо бландзінка?
Мнішак.
Незразумела. Валасы ў яе
Нібы святлом пранізаны. Такія
Бываюць, мабыць, толькі у русалак.
Бона.
Або ў вядзьмарак...
Мнішак.
Мусіць, так і ёсць.
Бона.
Яна адна ў яго?
Мнішак.Мая нябожчыца маці, калі добразычлівыя суседзі сказалі, што ў яе мужа (майго, спадзяюся, бацькі) вельмі багата жанчын, сказала мудра і глыбока: «Чым больш, тым менш. Абы адна не завялася».
Бона.
Яна адна ў яго?
Мнішак.
Яна ў яго адна.
Бона.
Відаць, дурная пакаёўка з замка,
Ім аддаюць каханне хлапчукі.
Мнішак.
Ваш сын высакародяы, каралева.
Высакародныя ж кахаюць каралеў
Або нікога.
Бона.
У Вільні каралева?
Там нават роду добрага няма.
Мнішак.
Той род магутны. Гэта Радзівілы.
Бона.
Што? Радзівілы? Хочаш ты сказаць... I хто ж яна?
Мнішак.
Барбара.
Бона.
Не!
Мнішак.
Барбара...
Ён трэці месяц з ёй ужо шчаслівы... ёй вершы піша.
Бона.
Ўсемагутны Бог!
Як ты дазволіў?!
Чорная блуднідаі
Нікчэмнасць!
Ведзьма дзікае Літвы.
Разбэшчаная дрэнь майго дзіцёнка
Спіхнула ў багну бруду і граху.
Яна звяла ў магілу свайго мужа,
Ёй не хапае соцень мужыкоў,
Каб спаталяць юрлівыя жаданні.
I ёй цяпер патрэбны Жыгімонт?!
Я сына ад цябе абараню!
Перад табой сцяна агню паўстане!
Або адыдзеш прэч, або цябе не стане!
Вільня. Спальня Барбары.
Жыгімонт і Барбара на ложы. Ноч.
Жыгімонт.
Ці дзень ці ноч цяпер на белым свеце?
Барбара.
Цяпер на свеце толькі ты і я,
I зоркі ўсе на наша ложа свецяць.
Жыгімонт.
Каханая, каханая мая.
Барбара.
Здаецца мне — я толькі што памерла
I нарадзілася... Мінулае маё
Ляжыць цяпер на могілках далёка.
I там не я... I там не я...
Жыгімонт.
Барбара...
Барбара.
Я толькі-толькі вершы раз дыхнула,
Заплакала... і я яшчэ дзіця.
Жывая мама... Бацька на руках
Мяне ласкава гушкае... А потым
Бягу па парку... Родны мой Нясвіж!
Мая Літва, мае лясы і пушчы...
Я — чыстая... Нічога не было,
Што без цябе... Сплыло... Сплыло... Сплыло...
(Засынае.)
Жыгімонт.
Спі, любая... Хай прыляціць анёл...
Не! Не хачу! Ён будзе любавацца
Тваім празрыстым целам... Толькі змрок
Цябе схавае ад вачэй нясціплых.
Але ж тады не буду бачыць я...
Як мне цябе схаваць, але каб бачыць.
Самому... Трэба ў сэрца увабраць,
З табою зліцца і адзіным стаць.
Засынае. Грукат у дзверы.
Голас Радзівіла Рудога.
Барбара! Барбара! Зараз жа адчыні!
Барбара.
Хто там?
Радзівіл Чорны.
Не прыкідвайся, ты пазнала нас. Адчыні!
Барбара.
Што вам трэба?
Радзівіл Руды.
Нам трэба, каб ты адчыніла дзверы.
Барбара.
Навошта?
Радзівіл Чорны.
Пагаварыць.
Барбара.
Пагаворым заўтра.
Радзівіл Чорны.
Сёння. Толькі сёння.
Радзівіл Руды.
Калі ты не адчыніш сама, клянуся, я ўзламлю дзверы.
Барбара (ціха Жыгімонту).
Ідзі.
Жыгімонт.
Бывай.
Барбара.
Бывай.
Радзівіл Руды.
Барбара!
Жыгімонт выскоквае праз акно. Барбара адчыняе дзверы. Заходзяць Радзівілы.
Барбара.
Што адбылося, каб сярод начы
Ламіцца ўпарта ў дзверы да жанчыны?
Радзівіл Чорны.
Не да жанчыны, Барба! Да сястры!
Радзівіл Руды.
Так, да сястры, што гонар свой згубіла!
Барбара.
Брат мой...
Радзівіл Руды.
Маўчы! Няхай бы толькі свой...
Ты гонар роду збэсціла!
Барбара.
Пра што ты?
Радзівіл Руды.
У княстве сёння кожны дурань знае:
Што ты наложніца! Ты дзеўка Жыгімонта!
Падсцілка каралеўскага сынка!
Жыгімонт (з'яўляецца ў акне і з кінжалам кідаецца на Радзівіла Рудога).
Вы за абразу сплоціце спаўна!
Б'юцца.
Радзівіл Чорны.