Захварэў кароль.
Радзівіл Руды.
I ўсё?!
Барбара.
Усё. Паехаў развітацца.
Радзівіл Руды.
А ці не развітаўся ён з табой?
Барбара.
Пра што ты, брат?
Радзівіл Чорны.
Паведамляюць людзі...
Ён з Кракава да Габсбургскай прынцэсы
Раптоўна выехаў.
Барбара.
Нашто?
Радзівіл Чорны.
Прасіць рукі.
Барбара.
Пакінь, мой брат, ды гэта проста смешна.
Радзівіл Руды.
Смех іншым разам і прадвесце слёз.
А калі праўда?
Барбара.
Гэтакая ж праўда,
Як я цяжарная. I вельмі-вельмі хутка
Ад Жыгімовта сына нараджу.
Даўно ўжо ў Вільві чэшуць языкамі.
Радзівіл Руды.
О, калі б так...
Барбара.
Калі б... Было б цудоўна.
Ды толькі Бог нічога не дае...
Радзівіл Чорны.
Так ці не так, а абвяргаць няварта,
Хай чуткі ў Кракаў вецер данясе
Да слыха найяснейшага.
Барбара.
Навошта?
Радзівіл Чорны.
Каб ведалі: нашчадак Жыгімонта
Народзіцца не ў Польшчы, а ў Літве.
Радзівіл Руды.
I яго маці гожая ліцвінка,
А не заморак з Аўстрыі.
Барбара.
Усё!
Мне гэта непрыемна чуць.
Радзівіл Руды.
Барбара!
Ты Жыгімонту верыш?
Барбара.
Ён кахае.
Любоў жа, брат, заўжды вышэй за веру
I за ўсё іншае.
Радзівіл Руды.
Няхай бы так было.
Тут холадна, хадзем, сястра, ў пакоі.
Барбара.
Я пагуляю ў парку яшчэ трошкі.
Радзівіл Чорны.
Чакаем вас. (Выходзяць.)
Барбара (спявае).
На моры вутачка купалася,
Пакупалася, у бор паляцела,
У барочку шчыранька грачаць стала:
— Дзе ж мае дзетачкі падзяваліся?
Ад майго гняздзечка адчураліся.
Дзе ж мае дзетачкі падзяваліся?
Ад майго гняздзечка адчураліся.
З'яўляецца Мнішак.
Мнішак.О ясная панна! Я вітаю вас і жадаю, каб жыццё вашае было гэткім жа чыстым і звонкім, як ваша песня, але не такім сумным.
Барбара.Дзякую.
Мнішак.Скажыце, цудоўная панна, беднаму вандроўніку, што гэта за краіна?
Барбара.Вы ў Вялікім княстве Літоўскім.
Мнішак.Панна не зразумела. Я хацеў спытацца: не якая гэта краіна, што гэта за дурная краіна? Чаму тут столькі дарог? Адны ростані. Еду гасцінцам на Вільню і раптам тпр-р-р... Адзін шлях проста прама, другі прама і трошкі ўлева, трэці прама і трошкі ўправа, чацвёрты ў левы бок, пяты ў бок правы, шосты назад і ўлева, сёмы назад і ўправа, а восьмым я прыехаў. Стаю, як дурань, і гадаю, а які ж на Вільню? Гэта ж колькі трэба было таптацца па гэтым краі, каб натаптаць столькі дарог. Рымляне зрабілі некалі так, што ўсе дарогі вялі толькі ў Рым... Тут жа ўсе дарогі вядуць к чортавай матары... Дзе я, ласкавая панна?
Барбара.Гэта Нясвіж, да Вільні два дні шляху.
Мнішак.Дзякую магутнаму Богу! Я выехаў з Кракава маладым дзецюком і збіраўся дабрацца да Вільні сівым дзедам. Такая краіна, такая краіна...
Барбара.Вы з Кракава? Што там чутно, скажыце?
Мнішак.Там непагадзь, чароўная панна, непагадзь і ў прыродзе, і ў народзе. Жыгімонт стары доўга памірае, а Жыгімонт малады розуму не мае.
Барбара.Чаму так?
Мнішак.Каралі не павінны доўга паміраць, ад гэтага дзяржава слабее, і ўжо ім зусім не да твару быць закаханымі — ад гэтага дзяржава чмурэе. А ў Польшчы і тое, і гэта. Калі ты надумаўся паміраць, дык памірай на здароўе... Дай народу радасна крыкнуць: «Кароль памёр! Няхай жыве кароль!» Дык не! Каторы год квохча, скрыпіць як... не ведаю што...
Барбара.А ў каго ён закаханы?
Мнішак.Ён закахаўся ў Смерць, а тая круціць хвастом... Ну ты ж кароль! Ды атруціся ты на карысць народа! Для шчасця народнага! Усё адно ж памрэш...
Барбара.Вы казалі, што малады ў некага закаханы...
Мнішак.I гаварыць пра гэта не хачу! Брыдота! Яго маці каралева Бона — італьянка. I паўднёвы тэмперамент усёй Італіі перайшоў да Жыгімонта. Ён з дзяцівства каго бачыць, таго і кахае. Перакахаў усіх фрэйлін яе вялікасці, усіх сваіх выхавальніц і настаўніц... Усе пакаёўкі ў каралеўскім палацы ад яго плакалі... Калі на карову надзець спадніцу — ён пакахае карову. I гэта будучы ўладар Польскай Кароны! Няшчасная краіна!
Барбара.Дык а ў каго ж цяпер ён закаханы?
Мнішак.Цяпер яму, мабыць, надакучылі вытанчаныя полькі і прыгожыя ліцвінкі. Наеўся! Бацька ляжыць на смяротным ложы, а ён едзе сватацца...