Выбрать главу

Барбара.Да каго?

Мнішак.Да Кацярыны Габсбургскай! Цьфу! Паверце, яснавяльможная панна, там няма на што глядзець, ды хіба яго зразумееш? Для яго іншым разам пакаёўка — каралева, каралева — пакаёўка. Закахаўся! Піша вершы! Захацелася аўстрыячкі! Дзе ж гэта бачна, каб жаніх сам... сам паехаў прасіць рукі... Кажа, стану на калені перад ёй і буду стаяць да таго часу, пакуль не дасць згоду быць маёй жонкай.

Барбара.Вы гэта самі чулі?

Мнішак.Гэта чулі ўсе прыдворныя і ведае ўся Польшча. Каралева Бона залівалася слязьмі, маліла не рабіць гэтага, бо вяселле з хаўтурамі ніхто не ладзіць адначасова, ды хіба маладога жарабка зацугляеш? Паехаў! Чароўная панна! Калі да вас будуць сватацца, не давайце згоды італьянцу. Народзіцца сын ці дачка з тэмпераментам Жыгімонта, і ўсё жыццё будзеце пакутаваць з імі. Трэба ехаць далей. Два дні, кажаце, да Вільні?

Барбара.Два дні.

Мнішак.Неяк даеду. Вам не даводзілася, чароўная пана, рабіць у жыцці тое, што вы ніколі не збіраліся рабіць? Мне давялося... За Бярэсцем на дарогу з ляснога гушчару выйшаў кудлаты сівы вяшчун. Пытаецца: «Ці не мае пан жадане мець сродак, каб марудна-марудна памерці?» Я кажу: «Такі сродак я маю, бо гэта маё ўласнае жыццё, і я тое і раблю ад нараджэння, што марудна паміраю». Кажа: «Калі жыццё ваша параўнаць са свечкай, то пасля таго, як гэта вып'еце, застанецца малюсенькі агарачак. Праз паўгода згаснеце ціха, непрыкметна і без пакут. Ніхто не ведае часу свайго, а вы будзеце ведаць». I ведаеце, чароўная панна, я купіў. Я аддаў гэтаму ведзьмаку ўсе грошы, што браў на дарогу, вось за гэтую бутэлечку. Зараз праклінаю сам сябе: нашто мне гэтая атрута? Далібог, ачмурэнне нейкае найшло... Не збіраюся ні сам піць, ні векага частаваць... Бачылі дурня? Ад Бярэсця еду галодным, бо не маю за што купіць кавалка хлеба... ці жменю аўса для каня. А яшчэ да Вільні два дні...

Барбара.

Вунь стайня, адвядзіце туды коней,

Пасля прыходзьце да мяне ў палац.

Мы разам павячэраем, і вы

Раскажаце пра Кракаў падрабязна.

Мнішак.

О, дзякуй вам! Чым толькі адплаціць

Змагу я панне за такую ласку? Ну, не атрутай жа...

Барбара.

Не, шчыраю размовай. Чакаю вас.

Мнішак кланяецца і выходзіць.

Не веру, а бывае...

Калі ў вадзе чысцюткай, як сляза,

Жыве хвароба страшная. I мёдам

Салодкім можна проста атруціць...

Каханы мой! Няўжо ўсё гэта праўда?!

Няўжо цяпер душой ты не са мной?

Ад усяго я ў гэтым свеце збегла,

Альбо з табою ў рай, альбо адной у пекла.

Кракаў. Каралеўскі палац. Пакоі каралевы Боны.

Уваходзяць каралева Бона і Радзівілы.

Радзівіл Чорны.

Мы дзякуем вам шчыра, каралева,

Што вы ў такі для вас нялёгкі час

Змаглі прыняць нас.

Бона.

Слухаю.

Радзівіл Чорны.

Кароль як?

Бона.

Надзеі, князь, ужо зусім няма,

Наш уладар паўстане перад Богам

Не сёння заўтра.

Радзівіл Чорны.

Літасцівы Бог!

Прымі свайго пакорлівага служку

Ласкава. I занадта не судзі.

Бона.

Я слухаю.

Радзівіл Чорны.

У Кракаў нас прыслалі

Два абавязкі: перад сваім родам

I перад каралеўскаю сям'ёй.

Бона

Я слухаю.

Радзівіл Чорны.

Адкрыць я тайну мушу.

Наша сястра і сын ваш Жыгімонт

Каханнем моцна звязаны.

Бона

Няўжо?

Радзівіл Чорны.

Паверце, я хацеў гэта спыніць. Сястра яму не пара.

Бона

Гэта праўда.

Радзівіл Руды.

Але яна й не цацка для забавы.

Род Радзівілаў — самы годны род

Ў Вялікім княстве.

Радзівіл Чорны.

Я зрабіў усё.

Усё, што толькі мог, каб перашкодзіць

Ім сустракацца.

Бона.

Ну і урэшце што?

Радзівіл Чорны.

Ды іх нядаўна тайна павянчалі!

Бона.

Што, гэта праўда?

Радзівіл Чорны.

Праўда, каралева.

Я з тым плябанам сам размову меў!

Ён іх вянчаў па просьбе Жыгімонта.

Радзівіл Руды.

Ці па загаду.

Бона

Гэта можа быць.

Ды толькі ўсё, што робяць па-зладзейску,

Употайкі, цішком — не трэба Богу,

А значыць, непатрэбна будзе ўсім!

Я гэты шлюб ніколі не прызнаю.

I Польшча не прызнае! I касцёл!

Бо з прынцам можна ўпотайкі кахацца,

Ды толькі нельга ўпотайкі вянчацца.