Выбрать главу
Гэта можа быць. Ды толькі ўсё, што робяць па-зладзейску, Употайкі, цішком — не трэба Богу, А значыць, непатрэбна будзе ўсім! Я гэты шлюб ніколі не прызнаю. I Польшча не прызнае! I касцёл! Бо з прынцам можна ўпотайкі кахацца, Ды толькі нельга ўпотайкі вянчацца. Ён не жаўнер, а будучы кароль, I жэніцца ён з Габсбургскай прынцэсай.

Радзівіл Руды.

Яна чакае ад яго дзіця.

Бона (паказвае Радзівілам аркуш).

Вось спіс каханкаў вашае сястры, Усіх каханкаў пасля смерці мужа, Калі ў ім праўды толькі напалову… Што напалову! Толькі адна чвэрць. Ёй пазайздросціць можа куртызанка.

Радзівіл Чорны.

Няпоўны спіс. Дадайце свайго сына, Ён у яе не першым быў, але Ён у яе апошні, каралева! Апошні самы!

Бона.

У яе гады Занадта рана ў гэтым ставіць кропку. Яшчэ ўсё будзе.

Радзівіл Руды.

Не, ужо не будзе. Ёй без яго не жыць. Яна памрэ!

Бона.

Каб ад кахання людзі паміралі, Ўсе гарады даўно б пустымі сталі.

Радзівіл Чорны.

Каханне проста не даецца людзям, Адзін агнём гарыць, другі яго астудзіць. Шчаслівы той, хто некалі кахаў, Бо ад яго дабрэйшым свет наш стаў. А спіс складалі, каралева, людзі. Галоўны спіс яшчэ у Бога будзе.

Радзівіл Руды.

I можа, нехта, што тут свята жыў… Больш за Барбару нават награшыў. I не паперка будзе! Цэлы стос! Блудніцы ж дараваў Ісус Хрыстос.

Бона. Я штодня чытаю Святое Пісанне… Хрыстос сапраўды дараваў Марыі Магдаліне. Але пасля гэтага яна ўсё жыццё плакала, клялася і маліла Бога ёй дараваць, а не села на каралеўскі пасад, каб быць для людзей прыкладам высакароднай жанчыны і маці народа,

Радзівіл Руды. Сястра не хоча быць каралевай. Яна хоча кахаць і быць каханай.

Бона. А сын мой хоча ці не хоча, а павінен быць каралём Польшчы! I побач з ім будзе жанчына, якую ні ў чым… ні ў чым не змогуць папракнуць ні Бог, ні людзі. З вышэйшых асоб, асоб царскага роду людзі бяруць прыклад ва ўсім. Вы жадаеце, каб маладыя жанчыны Кароны жылі па прыкладу сястры вашае? Думаю, што вы гэтага не жадаеце.

Радзівіл Чорны. Мне даражэй той, хто сваю хворую душу вылечыў…

Бона. Вы пра сваю сястру?

Радзівіл Чорны.…А не той, хто здаровую душу прымусіў захварэць… А ў асоб царскага роду гэта часцей за ўсё і бывае.

Бона. Князь!

Радзівіл Чорны.

Цнатлівасць часам на пасад садзіцца. А пройдзе час, і ўжо сядзіць блудніца. Сястра народзіць сына Жыгімонта, Пра гэта ведаюць і ў Польшчы і ў Літве.

Радзівіл Руды.

Хай сын ваш жэніцца, але няхай і знае, Што у яго ў Літве нашчадак падрастае.

Радзівіл Чорны.

Цалуем вашы рукі, каралева… Радзівілы кланяюцца і выходзяць.

Бона.

Ліцвіны каралеве пагражаюць, I зброяй лічаць грэшную сястру, Яна ў жыцці кахала шмат мужчын, Ну, а ў мяне быў толькі родны сын, Жывая краска на стаптанай пожні, Ён у мяне і першы, і апошні.

(Гукае.)

Пан Мнішак!

З’яўляецца Мнішак.

Мнішак.

Я слухаю ўсім сэрцам каралеву.

Бона.

Ну, як адбыўся ваш ваяж у Вільню?

Мнішак. О, найяснейшая каралева, гэтым разам я толькі змог дабрацца да Нясвіжа. Нейкі літоўскі вядзьмар з пушчы прымусіў мяне купіць у яго бутэлечку атруты. Нашто яна мне была?! Даю слова гонару, ён зачараваў мяне, і я, зачараваны, аддаў яму ўсе грошы, што браў з сабой на дарогу… Усе сто дукатаў!

Бона. Колькі?

Мнішак. Дзвесце. Ну дык вось: узяўшы мае трыста дукатаў, ён аддаў мне малюпасенькую бутэлечку. Калі яе выпіць, роўна праз шэсць месяцаў, дзень у дзень, гадзіна ў гадзіну, аддасі Богу душу… Вы чулі? Ну, ці варта было за гэтую дрэнь аддаваць чатырыста дукатаў? Дапусцім, я з’ехаў з глузду і выпіў гэтае зелле. Чакаю, каб роўна праз шэсць месяцаў, гадзіна ў гадзіну, аддаць канцы. А калі мне раней камень на галаву зваліцца ці ліхаманка якая прычэпіцца, і я памру раней… За што ж тады я аддаў свае пяцьсот дукатаў?! Калі Бог хоча пакараць чалавека — перш-наперш пазбавіць розуму… Я ехаў галодны, а, уяўляеце, як бы я мог пагуляць за гэтыя шэсцьсот дукатаў? Дзякуй Богу, я неяк дабраўся да Нясвіжа, і сястра нясвіжскага князя (дай Бог ёй дабра і усялякай радасці), даведаўшыся, што я па дурноце сваёй згубіў семсот дукатаў, ласкава прыняла мяне, накарміла, напаіла і нават дала грошай на дарогу.