Выбрать главу

Жыгімонт.

Дык запрасіце, панна, калі ласка, I я прыйду за некалькі гадзін Да часу запрашэння і чакаць Ля брамы буду… Гэта асалода — Чакаць хвіліны, каб убачыць вас.

Барбара.

Ой, майстра гаварыць…

Жыгімонт.

Зусім не ўмею! Ні гаварыць, ні на жанчын глядзець.

Барбара.

А што ж цяпер вы робіце?

Жыгімонт.

Малюся.

Барбара.

Я не святая…

Жыгімонт.

I таму вышэй…

Барбара.

Усё… Ідзіце, хлопчык мой…

Жыгімонт.

Бывайце… Даруйце мне… Я болей не прыйду…

Барбара.

Не прыйдзеце? А як жа запрашэнне? Ці ветліва?

Жыгімонт.

Дык запрашэнне ёсць?!

Барбара.

Прыходзьце заўтра да мяне апоўдні Не праз акно, вядома, як цяпер.

Жыгімонт.

Ды не, вы што… ды я прыйду праз дзверы.

Барбара.

Вы неяк разгубіліся?

Жыгімонт.

Ага…

Барбара.

Чакаю вас…

Жыгімонт.

Бывайце, мая панна…

Накіроўваецца да выхада.

Барбара.

Скажыце мне, каго я запрасіла.

Жыгімонт.

Я — Жыгімонт.

Выходзіць.

Барбара.

О Божа! Каралевіч! Я чую грозны голас твой, о лёс. Ці на дабро ты мне яго прынёс?

Кракаў. Палац на Вавелі. Пакоі каралевы Боны.

Уваходзяць каралева Бона і Мнішак.

Бона.

Што ў Вільні робіцца? I як там каралевіч?

Мнішак.

Жыве, як і належыць маладым. Вясёлы баль змяняецца банкетам, Банкет затым змяняецца на баль. Ды ўсё ж часцей бывае паляванне.

Бона.

Без рызыкі?

Мнішак.

Без рызыкі, вядома. Зуброў ён лічыць сімвалам і іх Ніколі не чапае, а касулі, Ласі, алені, козы, вепрукі… Для рыцара ці будуць небяспекай?

Бона.

Ён п’е зашмат?

Мнішак.

Не дужа. Нейкі келіх.

Бона.

Ці мае ён жанчын?

Мнішак.

О каралева! У такім узросце…

Бона.

Мне ўсё вядома пра ягоны ўзрост, Пытаюся: жанчыны ў яго ёсць?

Мнішак.

Так, ёсць ужо.

Бона.

І хто ж яны?

Мнішак.

Яны?.. Гэта яна. Брыльянт найпершы у Вялікім княстве, Як каралевіч кажа.

Бона.

Што… брунетка?

Мнішак.

Не, каралева…

Бона.

Ды няўжо бландзінка?

Мнішак.

Незразумела. Валасы ў яе Нібы святлом пранізаны. Такія Бываюць, мабыць, толькі у русалак.

Бона.

Або ў вядзьмарак…

Мнішак.

Мусіць, так і ёсць.

Бона.

Яна адна ў яго?

Мнішак. Мая нябожчыца маці, калі добразычлівыя суседзі сказалі, што ў яе мужа (майго, спадзяюся, бацькі) вельмі багата жанчын, сказала мудра і глыбока: «Чым больш, тым менш. Абы адна не завялася».

Бона.

Яна адна ў яго?

Мнішак.

Яна ў яго адна.

Бона.

Відаць, дурная пакаёўка з замка, Ім аддаюць каханне хлапчукі.