Выбрать главу

Радзівіл Чорны.

Так ці не так, а абвяргаць няварта, Хай чуткі ў Кракаў вецер данясе Да слыха найяснейшага.
Барбара.

Навошта?

Радзівіл Чорны.

Каб ведалі: нашчадак Жыгімонта Народзіцца не ў Польшчы, а ў Літве.

Радзівіл Руды.

I яго маці гожая ліцвінка, А не заморак з Аўстрыі.

Барбара.

Усё! Мне гэта непрыемна чуць.

Радзівіл Руды.

Барбара! Ты Жыгімонту верыш?

Барбара.

Ён кахае. Любоў жа, брат, заўжды вышэй за веру I за ўсё іншае.

Радзівіл Руды.

Няхай бы так было. Тут холадна, хадзем, сястра, ў пакоі.

Барбара.

Я пагуляю ў парку яшчэ трошкі.

Радзівіл Чорны.

Чакаем вас.

(Выходзяць.)

Барбара (спявае).

На моры вутачка купалася, Пакупалася, у бор паляцела, У барочку шчыранька грачаць стала: — Дзе ж мае дзетачкі падзяваліся? Ад майго гняздзечка адчураліся. Дзе ж мае дзетачкі падзяваліся? Ад майго гняздзечка адчураліся.

З’яўляецца Мнішак.

Мнішак. О ясная панна! Я вітаю вас і жадаю, каб жыццё вашае было гэткім жа чыстым і звонкім, як ваша песня, але не такім сумным.

Барбара. Дзякую.

Мнішак. Скажыце, цудоўная панна, беднаму вандроўніку, што гэта за краіна?

Барбара. Вы ў Вялікім княстве Літоўскім.

Мнішак. Панна не зразумела. Я хацеў спытацца: не якая гэта краіна, што гэта за дурная краіна? Чаму тут столькі дарог? Адны ростані. Еду гасцінцам на Вільню і раптам тпр-р-р… Адзін шлях проста прама, другі прама і трошкі ўлева, трэці прама і трошкі ўправа, чацвёрты ў левы бок, пяты ў бок правы, шосты назад і ўлева, сёмы назад і ўправа, а восьмым я прыехаў. Стаю, як дурань, і гадаю, а які ж на Вільню? Гэта ж колькі трэба было таптацца па гэтым краі, каб натаптаць столькі дарог. Рымляне зрабілі некалі так, што ўсе дарогі вялі толькі ў Рым… Тут жа ўсе дарогі вядуць к чортавай матары… Дзе я, ласкавая панна?

Барбара. Гэта Нясвіж, да Вільні два дні шляху.

Мнішак. Дзякую магутнаму Богу! Я выехаў з Кракава маладым дзецюком і збіраўся дабрацца да Вільні сівым дзедам. Такая краіна, такая краіна…

Барбара. Вы з Кракава? Што там чутно, скажыце?

Мнішак. Там непагадзь, чароўная панна, непагадзь і ў прыродзе, і ў народзе. Жыгімонт стары доўга памірае, а Жыгімонт малады розуму не мае.

Барбара. Чаму так?

Мнішак. Каралі не павінны доўга паміраць, ад гэтага дзяржава слабее, і ўжо ім зусім не да твару быць закаханымі — ад гэтага дзяржава чмурэе. А ў Польшчы і тое, і гэта. Калі ты надумаўся паміраць, дык памірай на здароўе… Дай народу радасна крыкнуць: «Кароль памёр! Няхай жыве кароль!» Дык не! Каторы год квохча, скрыпіць як… не ведаю што…

Барбара. А ў каго ён закаханы?

Мнішак. Ён закахаўся ў Смерць, а тая круціць хвастом… Ну ты ж кароль! Ды атруціся ты на карысць народа! Для шчасця народнага! Усё адно ж памрэш…

Барбара. Вы казалі, што малады ў некага закаханы…

Мнішак. I гаварыць пра гэта не хачу! Брыдота! Яго маці каралева Бона — італьянка. I паўднёвы тэмперамент усёй Італіі перайшоў да Жыгімонта. Ён з дзяцівства каго бачыць, таго і кахае. Перакахаў усіх фрэйлін яе вялікасці, усіх сваіх выхавальніц і настаўніц… Усе пакаёўкі ў каралеўскім палацы ад яго плакалі… Калі на карову надзець спадніцу — ён пакахае карову. I гэта будучы ўладар Польскай Кароны! Няшчасная краіна!

Барбара. Дык а ў каго ж цяпер ён закаханы?

Мнішак. Цяпер яму, мабыць, надакучылі вытанчаныя полькі і прыгожыя ліцвінкі. Наеўся! Бацька ляжыць на смяротным ложы, а ён едзе сватацца…

Барбара. Да каго?

Мнішак. Да Кацярыны Габсбургскай! Цьфу! Паверце, яснавяльможная панна, там няма на што глядзець, ды хіба яго зразумееш? Для яго іншым разам пакаёўка — каралева, каралева — пакаёўка. Закахаўся! Піша вершы! Захацелася аўстрыячкі! Дзе ж гэта бачна, каб жаніх сам… сам паехаў прасіць рукі… Кажа, стану на калені перад ёй і буду стаяць да таго часу, пакуль не дасць згоду быць маёй жонкай.