Выбрать главу

— З такімі малайцамі не прападзеш! — сказаў ён.

— Воіны выдатныя, нічога не скажаш, — адказаў ганец. — Гледзячы на іх, я яшчэ больш шкадую, што вы не выступілі раней.

— На банкеце ўсё лепшае падаюць спачатку, а на полі бою — у канцы, сэр, — сказаў рыцар і ўскочыў у сядло. — Гэй! — закрычаў ён. — Джон! Джаана! Клянуся святым распяццем! Дзе яна? Гаспадар, дзе дзяўчынка?

— Дзяўчынка, сэр Дэніэл? — спытаў шынкар. — Я не бачыў ніякай дзяўчынкі, сэр.

— Ну хлопчык, дурань! — крыкнуў рыцар. — Няўжо ты не разгледзеў, што гэта дзеўка! На ёй цёмна-чырвоны плашч. Яна паснедала кубкам вады, помніш, нягоднік! Дзе ж яна?

— Ды выратуюць нас святыя! Вы называлі яе «майстар Джон», — сказаў гаспадар. — А я ж не здагадаўся… Ён паехаў. Я бачыў яго… яе… бачыў яе ў стайні гадзіну назад. Яна сядлала шэрага каня.

— Клянуся распяццем! — закрычаў сэр Дэніэл. — Дзеўка прынесла б мне пяцьсот фунтаў, калі не больш!

— Сэр рыцар, — з горыччу сказаў ганец, — пакуль вы тут крычыце аб пяцістах фунтах, вырашаецца лёс ангельскага трона.

— Добра сказана, — адказаў сэр Дэніэл. — Сэлдэн, вазьмі з сабою шасцёх арбалетчыкаў. Высачы яе і злаві. Я хачу, каб да майго вяртання яна была ў замку Мот, чаго б мне гэта ні каштавала. Ты адказваеш за гэта галавой!… Ну вось, сэр ганец, мы гатовы!

Войскі паскакалі рыссю, а Сэлдэн з шасцю воінамі застаўся пасярод вуліцы ў Кэтлі, акружаны дапытлівымі сялянамі.

Раздзел II

На балоце

Гадзіне а шостай майскай раніцай Дзік пад'ехаў да балота, цераз якое пралягаў яго шлях да замка Мот. Зіхацела блакітнае неба; вясёлы вецер дзьмуў шумна і роўна; крылы ветракоў шпарка кружыліся; вербы, схіленыя над балотам, калыхаліся пад ветрам і раптоўна святлелі, быццам пшаніца. Дзік усю ноч правёў у сядле, але сэрца ў яго было здаровае, цела моцнае, і ён бадзёра працягваў свой шлях.

Сцяжынка мала-памалу спускалася ўсё ніжэй, усё бліжэй да дрыгвы; дзесьці далёка ззаду на пагорку каля Кэтлі ўзвышаўся млын, і гэтак жа далёка наперадзе маячылі макаўкі Тэнстолскага лесу. З абодвух бакоў сцяжынкі калыхаліся вербы і чарот; лужыны пеніліся пад ветрам; здрадніцкая дрыгва, зялёная, як ізумруд, падсцерагала і заваблівала неасцярожнага вандроўніка. Сцежка ішла нацянькі цераз багну; гэта была вельмі даўняя сцежка. Яе праклалі яшчэ рымскія салдаты; з таго часу прайшлі вякі, і ў многіх мясцінах яе залілі гіблыя воды балота.

Калі ад'ехаў на мілю ад Кэтлі, Дзік наблізіўся якраз да такога месца; сцежка тут зарасла вербалозам і чаротам, і гэта хоць каго магло збіць з панталыку. Ды і дрыгва была тут шырэйшай, чым усюды; чалавек, мала знаёмы з гэтымі мясцінамі, лёгка мог трапіць у бяду. У Дзіка сціснулася сэрца, калі ён згадаў пра хлопчыка, якому так бесталкова растлумачыў дарогу. За сябе ён не турбаваўся; зірнуўшы назад, туды, дзе вёрткія крылы ветранога млына выразна чарнелі на блакітным небе, і наперад, на ўзвышэнне, пакрытае Тэнстолскім лесам, ён упэўнена паехаў напрамкі, хоць конь яго ступаў у вадзе па калена.

Палавіна дрыгвы ўжо была ззаду, і ён ужо бачыў сухую сцежку, што бегла ўгару, як раптам справа ад сябе ён пачуў усплеск вады і заўважыў шэрага каня, які да жывата праваліўся ў ціну і адчайна біўся, спрабуючы вылезці з яе. Быццам пачуўшы набліжэнне дапамогі, конь раптам пранізліва заржаў. Яго налітыя крывёю вочы былі поўныя вар'яцкага страху; конь валтузіўся ў дрыгве, і хмары насякомых кружыліся над ім.

«Няўжо няшчасны хлопчык загінуў? — падумаў Дзік. — Гэта яго конь. Слаўны шэры конь! Як самотна глядзіш ты на мяне, мілы! Я зраблю для цябе ўсё, што магчыма. Я не пакіну цябе марудна тануць, вяршок за вяршком!»

Ён нацягнуў арбалет і ўсадзіў у галаву каня стралу.

Здзейсніўшы гэтую поўную суровай міласэрнасці справу, Дзік рушыў далей. На душы ў яго было нявесела. Ён пільна глядзеў па баках, спадзеючыся знайсці хоць след таго хлопчыка, якога скіраваў на гэтую дарогу.

«Трэба было расказаць яму ўсё больш падрабязна, — думаў ён. — Баюся, што ён загінуў у балоце».

Раптам хтосьці аклікнуў яго па імені, і, зірнуўшы праз плячо, Дзік убачыў твар хлопчыка, які глядзеў на яго з чароту.

— Ты тут! — усклікнуў Дзік, спыняючы каня. — Ты так зашыўся ў чарот, што я ледзь не праехаў міма. Я застрэліў твайго каня; яго зацягнула ў дрыгву, і я збавіў яго ад пакут. Клянуся небам, калі б ты быў дабрэйшы, ты б сам яго прыстрэліў. Ну, вылазь. Тут цябе ніхто не пакрыўдзіць.

— Добры хлопчык, у мяне няма ніякай зброі; ды мне і не патрэбна зброя, таму што я ўсё адно не ўмею ёю карыстацца, — адказаў уцякач, выходзячы на сцяжынку.