— Кліпсбі, — крыкнуў ён, — выпраўляйся ў замак Мот і пашлі туды ўсіх астатніх лодараў! Збройнік выдасць табе кальчугу і шлем. Мы павінны рушыць у шлях да вячэрняга звону. Глядзі ж, хто з'явіцца на збор апошнім, таго сэр Дэніэл пакарае. Помні аб гэтым! Я ведаю, які ты махляр! Нэнс, — дадаў ён, звяртаючыся да адной з жанчын, — стары Эпльярд у вёсцы?
— Калупаецца ў сябе на агародзе, — адказала жанчына. — Дзе ж яму быць?
Народ разышоўся. Кліпсбі лянотна пасунуўся праз мост, а Бенет і юны Шэлтан паехалі разам угару па дарозе праз вёску і мінулі царкву.
— Паглядзім на старога балбатуна, — сказаў Бенет. — Ён будзе так доўга хваліць Гары Пятага, што, слухаючы яго, паспееш падкаваць каня. І ўсё таму, што ён ваяваў з французамі!
Дом, да якога яны накіроўваліся, стаяў наводшыбе ў самым канцы вёскі сярод кустоў бэзу; з трох бакоў яго агіналі лугі, якія цягнуліся да ўскрайку лесу.
Хэтч саскочыў з каня, закінуў вуздэчку на плот і разам з Дзікам пайшоў на поле, дзе стары салдат, стоячы да калень у капусце, капаў зямлю і час ад часу запяваў хрыплым голасам пачатак якойсьці песні. Уся вопратка яго была скураная; толькі капюшон і каўнер былі зроблены з чорнай байкі і завязаны чырвонымі тасёмкамі; твар Эпльярда і колерам, і маршчынамі нагадваў шкарлупіну валоскага арэха; але яго старыя шэрыя вочы былі яшчэ ясныя і бачылі добра. Ці то ён быў глухаваты, ці то лічыў, што не варта старому стралку, які ўдзельнічаў у бітве пры Ажынкуры, звяртаць увагу на ўсялякія дробязі, але ні гучныя поклічы набату, ні з'яўленне Бенета з хлопчыкам не зрушылі яго з месца. Ён працягваў упарта капаць зямлю, напяваючы тонкім, скрыпучым голасам:
Лэдзі, лэдзі, — малю, -
Пашкадуй ты мяне.
— Нік Эпльярд, — сказаў Хэтч, — сэр Олівер шле табе прывітанне і загадвае зараз жа прыбыць у замак Мот і прыняць каманду над гарнізонам.
Стары ўзняў галаву.
— Няхай беражэ вас Бог, паны, — прамовіў ён насмешліва. — А куды выпраўляецца майстар Хэтч?
— Майстар Хэтч едзе ў Кэтлі і забірае з сабой усіх, хто можа сесці на каня, — адказаў Бенет. — Чакаецца бітва, і майму валадару патрабуюцца падмацаванні.
— Ах, вось як! — сказаў Эпльярд. — А колькі чалавек ты пакінеш мне?
— Я пакіну табе шэсць добрых малайцоў і сэра Олівера ў прыдачу, — адказаў Хэтч.
— Гэтага малавата, — сказаў Эпльярд. — Для абароны замка патрабуецца чалавек сорак.
— Вось таму мы да цябе і звярнуліся, стары буркун! — адказаў Хэтч. — Хто, акрамя цябе, можа абараніць такі замак з такім гарнізонам?
— Ага! Калі баліць мазоль, згадваюць аб старым чаравіку, — сказаў Нік. — Ніхто з вас не ўмее ні на кані сядзець, ні алебарду трымаць. А як вы ўсе страляеце з лука, святы Міхаіл! Калі б стары Гары Пяты ўваскрэс, ён дазволіў бы вам страляць у сябе і плаціў бы па фартынгу за выстрал.
— Не, Нік, ёсць яшчэ людзі, якія ўмеюць як трэба нацягнуць цеціву, — сказаў Бенет.
— Нацягнуць цеціву? — ускрыкнуў Эпльярд. — Але, нацягнуць цеціву ўмеюць і зараз! А пакажыце мне хоць адзін добры выстрал! Для добрага выстралу патрэбна дакладнае вока, патрэбна галава на плячах. Які выстрал на далёкую адлегласць ты назваў бы добрым, Бенет Хэтч?
— Калі б чыя-небудзь страла даляцела адсюль да лесу, — сказаў Бенет, азіраючыся, — гэта быў бы слаўны выстрал на далёкую адлегласць.
— Але, гэта быў бы цудоўны выстрал, — сказаў стары, гледзячы праз плячо. — Адсюль да лесу далёка.
Раптоўна ён паднёс руку да вачэй і пачаў з-пад рукі разглядваць штосьці ўдалечыні.
— Каго ты там убачыў? — спытаў, смеючыся, Бенет. — Ці не Гары Пятага?
Стары салдат нічога не адказаў і працягваў глядзець удалячынь.
Сонца ярка асвятляла лугі на пакатых схілах пагоркаў; белыя авечкі пасвіліся на траве; было ціха, толькі далёкі звон гуў, не змаўкаючы.
— Ну, што там, Эпльярд? — спытаў Дзік.
— Птушкі, — сказаў Эпльярд.
І сапраўды, там дзе лес урэзваўся ў лугі доўгім клінам, які заканчваўся двума зялёнымі вязамі, акурат на адлегласці палёту стралы ад поля Эпльярда спалохана мітусілася чарада птушак.
— Што нам за клопат да птушак? — сказаў Бенет.
— Вось ты, майстар Бенет, выпраўляешся на вайну і лічыш сябе мудрацом, а не ведаеш, што птушкі — цудоўныя вартаўнікі, — адказаў Эпльярд. — Яны першыя папярэджваюць аб магчымай бітве. Калі б мы зараз знаходзіліся ў лагеры, я б сказаў, што нас высочваюць варожыя стралкі. А ты б нічога не заўважыў!