Выбрать главу

Між тым Дзік павярнуўся да старога марака, які, здавалася, быў раўнадушны і да блізкай ужо было смерці і да раптоўнага вызвалення.

— Арблестэр, — сказаў Дзік, — я прычыніў табе шмат зла. Але цяпер, клянуся распяццем, мы ў разліку.

Аднак стары марак толькі тупа зірнуў на яго і прамаўчаў.

— Жыццё ўсё ж ёсць жыццё, стары буркун, — працягваў Дзік, — і каштуе яно больш, чым караблі і віно. Ну скажы, што даруеш мне. Калі ты сваё жыццё зусім не цэніш, то мне яно каштавала ўсёй маёй будучыні. Я дорага заплаціў за яго. Ну, не будзь жа такім няўдзячным.

— Калі б у мяне быў мой карабель, — сказаў Арблестэр, — я бяспечна плаваў бы ў адкрытым моры разам з маім матросам Томам. Але ты забраў у мяне карабель, кум, і я стаў жабраком; а майго матроса Тома застрэліў якісьці нягоднік. «Каб ты здох!» — прамовіў Том, паміраючы, і больш ніколі не скажа ні слова. «Каб ты здох!» — былі яго апошнія словы, і бедная душа яго адляцела. Я ніколі ўжо больш не буду плаваць з маім бедным Томам.

Раскаянне і жаль ахапілі Дзіка; ён спрабаваў узяць шкіпера за руку, але Арблестэр адхапіў руку.

— Не, — сказаў ён, — кінь. Ты сыграў са мною д'ябальскі жарт і будзь задаволены гэтым.

Словы заселі ў Рычарда ў горле. Праз слёзы бачыў ён, як бедны стары, не помнячы сябе ад гора, апусціўшы галаву, хістаючыся, пабрыў па снезе, не заўважаючы сабаку, што скавытаў каля яго ног. І першы раз Дзік зразумеў, якую безнадзейную гульню мы вядзём у жыцці і што зробленае аднойчы нельга ні змяніць, ні паправіць ніякім раскаяннем.

Але ў яго не было часу аддавацца дарэмным шкадаванням. Кэтсбі сабраў вершнікаў, пад'ехаў да Дзіка, саскочыў на зямлю і прапанаваў яму свайго каня.

— Сягоння раніцай, — сказаў ён, — я крыху зайздросціў вашаму поспеху. Але поспех ваш аказаўся нетрывалым, і зараз, сэр Рычард, я ад душы прапаную вам гэтага каня, каб вы на ім паскакалі прэч.

— Растлумачце мне, — папрасіў Дзік, — чым быў выкліканы мой поспех?

— Вашым імем, — адказаў Кэтсбі. — Імя — галоўная прымха мілорда. Калі б мяне звалі Рычардам, я заўтра ж быў бы графам.

— Дзякую вам, сэр, — адказаў Дзік. — І паколькі малаверагодна, што я даб'юся новай ласкі, дазвольце мне развітацца з вамі. Не буду біцца аб заклад, быццам я абыякавы да поспеху; аднак я не вельмі засмучаны, развітаўшыся з ім. Улада і багацце, канечне, слаўныя рэчы, але, паміж намі, ваш герцаг — страшны чалавек.

Кэтсбі рассмяяўся.

— Так, — сказаў ён, — але той, хто едзе за Гарбатым Дзікам, можа заехаць далёка. Ну, няхай беражэ вас Бог ад усялякага зла! Жадаю вам удачы!

Дзік стаў на чале свайго атрада і, загадаўшы яму рухацца за сабой, крануўся ў шлях. Ён праехаў праз горад, мяркуючы, што ідзе па слядах сэра Дэніэла, і ўвесь час азіраўся наўкол з надзеяй знайсці доказы, якія пацвярджалі б справядлівасць яго меркавання. Вуліцы былі засланыя мёртвымі і параненымі; становішча параненых у такі марозны дзень было досыць сумным. Шайкі пераможцаў хадзілі з дома ў дом, рабуючы, забіваючы, распяваючы песні.

З усіх бакоў да Дзіка даляталі крыкі абрабаваных і пакрыўджаных; ён чуў то грукат молата ў чые-небудзь забарыкадзіраваныя дзверы, то гаротны лямант жанчын.

Сэрца Дзіка толькі што абудзілася. Ён упершыню ўбачыў жорсткія паследкі сваіх уласных учынкаў; думка аб усіх няшчасцях, што абрынуліся на горад Шорбі, напаўняла яго душу адчаем.

Нарэшце ён дасягнуў прадмесця горада і знайшоў шырокі, утаптаны след на снезе, заўважаны ім са званіцы. Ён паскакаў шпарчэй, уважліва ўглядаючыся ў трупы людзей і коней, што ляжалі па абодва бакі сцяжыны. Многія з забітых былі апрануты ў колеры сэра Дэніэла; Дзік нават пазнаваў твары і тых, якія ляжалі на спіне.

Паміж горадам і лесам на атрад сэра Дэніэла, відавочна, напалі стралкі; тут паўсюдна валяліся трупы, пранізаныя стрэламі. Сярод мерцвякоў Дзік заўважыў юнака, твар якога здаўся яму надзіва знаёмым.

Ён спыніўся, злез з каня і прыўзняў галаву юнака. Ад гэтага руху капюшон адкінуўся, і доўгія, густыя цёмныя валасы рассыпаліся па плячах. Юнак расплюшчыў вочы.

— А! Утаймавальнік ільвоў! — вымавіў слабы голас. — Яна наперадзе. Скачыце хутчэй!

І небарака зноў страціла прытомнасць.

У аднаго з воінаў Дзіка была з сабою біклажка з нейкім моцным віном, пры дапамозе гэтага пітва Дзіку ўдалося прывесці яе ў прытомнасць. Ён пасадзіў сяброўку Джааны да сябе на сядло і паскакаў да лесу.

— Навошта вы паднялі мяне? — сказала дзяўчына. — Я вас толькі затрымліваю.