Выбрать главу

Хутка ўзыдзе месяц і асветліць вяршыні пагоркаў; тады лёгка будзе рухацца наперад. Але да таго часу варта зрабіць адзін неабдуманы крок — і яны саб'юцца з дарогі. Ім нічога не заставалася, як размясціцца лагерам і чакаць.

Яны расставілі вартавых, ачысцілі ад снегу невялікую пляцоўку і пасля некалькіх няўдалых спроб распалілі вогнішча. Воіны паселі вакол агню, дзелячыся мізэрнымі запасамі ежы, і пусцілі біклажку па крузе. Дзік выбраў лепшыя кавалкі з грубай і беднай ежы і аднёс іх пляменніцы лорда Райзінгэма, якая сядзела пад дрэвам, убаку ад салдат.

Ёй падаслалі конскую гуньку і далі накінуць на плечы другую; яна сядзела, скіраваўшы позірк на агонь. Калі Дзік прапанаваў ёй паесці, яна ўздрыгнула, быццам яе разбудзілі, і моўчкі адмовілася.

— Васпані, — сказаў Дзік, — малю вас, не карайце мяне так жорстка. Не ведаю, чым я зняважыў вас. Праўда, я забраў вас сілай, але з сяброўскіх пачуццяў; я прымушаю вас начаваць у лесе, але мая паспешлівасць тлумачыцца тым, што трэба ратаваць іншую дзяўчыну, такую ж слабую і безабаронную, як вы. І, нарэшце, васпані, не карайце сябе і паешце хоць трошкі. Нават калі вы не галодныя, вы павінны паесці, каб падтрымаць свае сілы.

— Я не прыму ежу з рук чалавека, які забіў майго дзядзьку, — адказала яна.

— Васпані! — ускрыкнуў Дзік. — Клянуся вам распяццем, я не дакрануўся да яго!

— Пакляніцеся мне, што ён яшчэ жывы, — сказала яна.

— Я не хачу хітрыць, — адказаў Дзік. — Спачуванне загадвае мне засмуціць вас. У глыбіні душы я перакананы, што яго ўжо няма жывога.

— І вы адважваецеся прапаноўваць мне ежу! — усклікнула яна. — А! Вас цяпер называюць сэрам Рычардам! Мой добры дзядзечка забіты, і за гэта вас пасвяцілі ў рыцары. Калі б я не аказалася такой дурніцай, а заадно і здрадніцай, калі б я не выратавала вас у доме вашага ворага, загінулі б вы, а ён — ён, які варты тузіна такіх, як вы, — ён быў бы жывы!

— Гэтак жа, як і ваш дзядзька, я рабіў усё, што мог, для сваёй партыі, — адказаў Дзік. — Калі б ён быў жывы, — клянуся небам, я хацеў бы гэтага! — ён адобрыў бы, а не дакараў мяне.

— Сэр Дэніэл гаварыў мне, — адказала яна, — што бачыў вас на барыкадзе. Калі б не вы, ён упэўнены, што ваша партыя была б разбіта; гэта вы выйгралі змаганне. Значыць, гэта вы забілі майго добрага лорда Райзінгэма. І, нават не памыўшы рукі пасля забойства, вы прапаноўваеце мне есці разам з вамі? Сэр Дэніэл пакляўся загубіць вас. Ён адпомсціць за мяне!

Няшчасны Дзік паглыбіўся ў змрочны роздум. Ён успомніў старога Арблестэра і гучна застагнаў.

— І вы лічыце, што на мне ляжыць такі грэх? — сказаў ён. — Вы, якая абараняла мяне? Вы, сяброўка Джааны?

— Навошта вы ўмяшаліся ў бітву? — запярэчыла яна. — Вы стаіце па-за партыямі, вы ўсяго толькі хлопчык, рукі, ногі і тулава, якія не кіруюцца розумам! З-за чаго вы змагаліся? Выключна з-за любові да насілля!

— Я і сам не ведаю, з-за чаго я змагаўся! — ускрыкнуў Дзік. — Але так ужо вядзецца ў ангельскім каралеўстве, што калі бедны джэнтльмен не змагаецца на адным баку, ён абавязкова павінен змагацца на другім. Ён не можа не змагацца, гэта ненатуральна.

— Той, у каго няма сваіх перакананняў, не павінен выцягваць мяча з ножан, — адказала маладая дзяўчына. — Вы выпадкова прымалі ўдзел у бітве — чым вы лепшы за мясніка? Вайне надае высакароднасць толькі мэта, а вы змагаліся без мэты і абняславілі яе.

— Васпані, — адказаў няшчасны Дзік, — я бачу сваю памылку. Я сапраўды паспяшаўся… я дзейнічаў раней часу. Я ўкраў карабель, думаючы, што раблю добра, і гэтым загубіў шмат невінаватых людзей і прычыніў гора беднаму старому, сустрэча з якім, быццам кінжал, пранізала мяне сёння. Я дабіваўся перамогі і славы толькі для таго, каб ажаніцца, і вось чаго я дасягнуў! З-за мяне загінуў ваш дзядзька, а ён жа быў такі добры да мяне! На жаль, я пасадзіў Йорка на трон, а гэта, магчыма, прынясе Англіі толькі гора! О васпані, я бачу свой грэх! Я не прыгодны для гэтага жыцця. Як толькі ўсё скончыцца, я пайду ў манастыр, каб маліцца і каяцца да канца дзён сваіх. Я адмоўлюся ад Джааны, адмоўлюся ад ваеннага рамяства. Я буду манахам і да самай смерці буду маліцца за душу вашага беднага дзядзькі…

Зняважанаму, поўнаму раскаяння Дзіку раптам падалося, што юная лэдзі рассмяялася.

Ён узняў галаву і ўбачыў пры святле вогнішча, што яна глядзіць на яго неяк дзіўна, але зусім не сярдзіта.

— Васпані! — усклікнуў ён, мяркуючы, што смех толькі пачуўся яму, хаця яе пацяплелы твар даваў яму надзею, што ён крануў яе сэрца. — Васпані, вам мала гэтага? Я адмаўляюся ад усіх радасцей жыцця, каб загладзіць зло, якое я прычыніў. Я сваімі малітвамі забяспечу рай лорду Райзінгэму. Я адмаўляюся ад усяго ў той самы дзень, калі быў пасвечаны ў рыцары і лічыў сябе самым шчаслівым маладым джэнтльменам на зямлі!