Выбрать главу

З гэтымі словамі ён паднёс да рота ражок і затрубіў. Надышла невялікая замінка. Пакуль Дзік, баючыся за дам, марудзіў пачынаць бой, маленькі атрад Хэтча кінуўся да зброі і выстраіўся да кругавой абароны — спіна да спіны, рыхтуючыся да адчайнага супраціўлення. У час гэтай сумятні Джаана падхапілася і стралой памчалася да свайго каханага.

— Я тут, Дзік! — закрычала яна, схапіўшы яго за руку.

Дзік усё яшчэ вагаўся. Ён быў малады і не прывык да непазбежных жахаў вайны; пры думцы аб старой лэдзі Брэклі словы каманды засядалі ў горле. Яго воіны пачалі праяўляць нецярпенне. Некаторыя з іх клікалі яго па імені, іншыя пачалі страляць, не чакаючы загаду. І першая ж страла паваліла беднага Бенета. Тут Дзік ачухаўся.

— Наперад! — крыкнуў ён. — Страляйце, хлопцы, і не высоўвайцеся з кустоў! Англія і Йорк!

Але ў гэтае імгненне ў начной цішыні раптоўна пачуўся глухі стук мноства капытоў аб снежную дарогу, які набліжаўся з неверагоднай хуткасцю і рабіўся ўсё гучнейшым, і рогі затрубілі ў адказ на заклік Хэтча.

— Усе сюды! — ускрыкнуў Дзік. — Хутчэй да мяне, калі вы даражыце жыццём.

Але яго пешыя воіны, якія разлічвалі на лёгкую перамогу, былі заспеты знянацку; адны яшчэ марудзілі, іншыя кінуліся бегчы і зніклі ў лесе. І калі першыя коннікі кінуліся ў атаку, ім удалося закалоць толькі некалькі воінаў, якія адсталі; большая ж частка атрада Дзіка растварылася пры першых гуках, што абвясцілі аб набліжэнні праціўніка. Дзік стаяў, з горыччу гледзячы на вынікі сваёй неразважлівай і неабдуманай адвагі. Сэр Дэніэл заўважыў яго вогнішча. Ён рушыў да яго са сваімі галоўнымі сіламі, каб атакаваць праследавальнікаў або абрынуцца на іх з тылу, калі яны адважацца напасці на лагер. Ён дзейнічаў, як вопытны правадыр, а Дзік вёў сябе, як гарачлівы хлапчук. І вось у маладога рыцара не засталося нікога, акрамя каханай, якая моцна трымала яго за руку. А ўсе яго воіны і коні згубіліся ў цёмным лесе, быццам іголкі ў сене. «Хай дапаможа мне Бог! — падумаў ён. — Добра, што мяне пасвяцілі ў рыцары за ранішняе змаганне, бо гэтая бітва робіць мне мала гонару».

І, цягнучы за сабою Джаану, ён кінуўся бегчы. Цяпер начную цішыню парушалі крыкі тэнстолскіх воінаў, якія мчаліся ва ўсе бакі, шукаючы ўцекачоў. Дзік прадзіраўся цераз кусты і бег наперад, быццам алень. Усе адкрытыя мясціны былі заліты серабрыстым святлом, і ад гэтага ў лясным гушчары здавалася яшчэ цямней. Пераможаныя разбегліся па ўсім лесе і звялі за сабою праследавальнікаў. Дзік і Джаана схаваліся ў густой нетры і спыніліся, прыслухоўваючыся да галасоў, што пакрысе заціхалі наводдаль.

— Калі б я пакінуў рэзерв, — горка ўсклікнуў Дзік, — я б яшчэ мог паправіць справу! Але, жыццё вучыць нас! У наступны раз я буду разумнейшы, клянуся распяццем!

— Ці не ўсё роўна, Дзік, — сказала Джаана, — калі мы зноў разам?

Ён зірнуў на яе. Зноў, як у былы час, яна была Джонам Мэтчэмам, апранутым па-мужчынску. Але цяпер ён ведаў, што гэта дзяўчына. Яна ўсміхалася яму і нават у гэтым няўклюдным адзенні ўся іскрылася каханнем, напаўняючы яго сэрца радасцю.

— Любая, — сказаў ён, — калі ты даруеш усе мае промахі, ці варта мне аб іх гаварыць? Пойдзем прама ў Халівуд; там жыве твой апякун і мой добры друг лорд Фоксгэм. Там мы і павянчаемся. І ці не ўсё роўна, бедны я альбо багаты, праслаўлены альбо невядомы? Любая мая, сягоння мяне пасвяцілі ў рыцары. Я ўдастоіўся пахвалы праслаўленых вяльможаў за сваю адвагу. Я ўжо лічыў сябе самым лепшым воінам ва ўсёй Англіі. І вось я спачатку пазбавіўся прыхільнасці вяльможаў, а затым быў разбіты ў баі і страціў усіх сваіх салдат. Які ўдар па маім самалюбстве? Але, дарагая, я не гарую. Калі ты кахаеш мяне, калі ты згодна павянчацца са мной, я гатовы скінуць з сябе рыцарскае званне і ніколькі не буду шкадаваць аб гэтым.

— Мой Дзік! — ускрыкнула яна. — Няўжо цябе пасвяцілі ў рыцары?

— Але, мая дарагая. І з гэтага часу ты мілэдзі! — пяшчотна адказаў ён. — Дакладней, заўтра раніцой ты станеш ёю — ты ж згодная?

— Згодная, Дзік, згодная ўсёй душой! — адказала яна.

— Вось як, сэр! А я ж думала, што вы збіраецеся пайсці ў манахі!

— Алісія! — усклікнула Джаана.

— Яна самая, — адказала, набліжаючыся, юная лэдзі. — Тая самая Алісія, якую вы лічылі мёртвай і якую знайшоў ваш утаймавальнік ільвоў, вярнуў да жыцця і да якой ён нават заляцаўся, калі хочаш ведаць!

— Я не веру гэтаму! — ускрыкнула Джаана. — Дзік!

— «Дзік»! — перадражніла Алісія. — Вось вам і Дзік!… Ага, сэр, і вам не сорамна пакідаць няшчасных дзяўчат у бядзе? — працягвала яна, павярнуўшыся да маладога рыцара. — Вы пакідаеце іх пад шатамі дуба, а самі ўцякаеце. Відаць, праўду кажуць, што час рыцарства мінуў.