Выбрать главу

Дзік збянтэжыўся, калі яны дзёрзка кінулі ў твар яго ўласныя словы пахвальбы; ён пачырванеў, але ўсё ж загаварыў.

— Мы ў цяжкім становішчы, — сказаў ён. — Аднак, калі б мне ўдалося выбрацца з гэтага дома хоць бы на паўгадзіны, усё было б цудоўна. Вянчанне было б прадухілена…

— А львы, — перадражніла дзяўчына, — разагнаныя.

— Я зараз не схільны хваліцца, — сказаў Дзік. — Я прашу дапамогі і парады. Калі я не прайду міма вартавых і не выйду з гэтага дома, мне нічога не ўдасца зрабіць. Прашу вас, зразумейце мяне правільна!

— Чаму ж ты казала, што ён не выхаваны, Джаана? — спытала дзяўчына. — Язык у яго добра падвешаны. Калі трэба, яго мова дасціпная, калі трэба — пяшчотная, калі трэба — адважная. Што табе яшчэ?

— Майго сябра Дзіка падмянілі, — з усмешкай уздыхнула Джаана, — гэта абсалютна зразумела. Калі я пазнаёмілася з ім, ён быў грубаваты. Але ўсё гэта дробязі… Ніхто не дапаможа маёй бядзе, і я стану лэдзі Шорбі.

— А ўсё-такі, — сказаў Дзік, — я паспрабую выйсці з дома. На манаха мала звяртаюць увагі, і калі я знайшоў добрую чараўніцу, якая прывяла мяне наверх, я магу знайсці і такую, якая спусціць мяне ўніз. Як звалі гэтага шпіёна?

— Прайдоха, — сказала юная лэдзі. — Вельмі справядлівая мянушка! Але што вы збіраецеся рабіць, утаймавальнік ільвоў? Што вы задумалі?

— Я паспрабую прайсці міма вартавых, — адказаў Дзік. — І калі хто-небудзь спыніць мяне, я спакойна скажу, што іду маліцца за Прайдоху. У царкве ўжо, верагодна, моляцца аб яго беднай душы.

— Выдумка не дужа хітрая, — сказала дзяўчына, — але можа сысці.

— Тут справа не ў выдумцы, а ў дзёрзкасці, — запярэчыў малады Шэлтан. — У цяжкую хвіліну дзёрзкасць лепш за ўсялякія хітрыкі.

— Ваша праўда, — сказала яна. — Добра, ідзіце, і няхай беражэ вас неба! Вы пакідаеце тут няшчасную дзяўчыну, якая кахае вас, а таксама другую, якая адносіцца да вас як да самага лепшага сябра. Помніце пра нас, будзьце асцярожнымі і не падвяргайце сябе небяспецы.

— Ідзі, Дзік, — сказала Джаана. — Хаця калі пойдзеш, ты будзеш усё роўна не ў меншай небяспецы, чым калі застанешся тут. Ідзі, ты забіраеш з сабой маё сэрца. Хай ратуюць цябе святыя!

Дзік прайшоў паўз першага вартавога з такім упэўненым выглядам, што той толькі здзіўлена глянуў на яго. Але на другой пляцоўцы воін перагарадзіў яму шлях дзідай, спытаў, як яго завуць і куды ён ідзе.

— Pax vobiscum, — адказаў Дзік. — Я іду памаліцца за душу беднага Прайдохі.

— Ахвотна веру, — адказаў вартавы, — але ісці аднаму не дазваляецца.

Ён перагнуўся цераз дубовыя поручні і пранізліва свіснуў.

— Да вас ідзе чалавек! — крыкнуў ён і дазволіў Дзіку прайсці.

У канцы лесвіцы стаяла варта і чакала яго прыходу. І калі вартавы яшчэ раз паўтарыў свае словы, начальнік варты загадаў чатыром воінам праводзіць яго да царквы.

— Не давайце яму выслізнуць, малайцы, — сказаў ён. — Завядзіце яго да сэра Олівера, калі вам жыццё дарагое!

Адчынілі дзверы. Двое воінаў узялі Дзіка пад рукі, трэці пайшоў наперадзе з факелам, а чацверты, трымаючы напагатове лук і стралу, замыкаў шэсце. У такім парадку яны прайшлі праз сад, праз шчыльную начную цемру і снегапад і падышлі да слаба асветленых вокнаў манастырскай царквы.

Ля заходняга партала стаяў пікет зацярушаных снегам стралкоў, якія хаваліся ад ветру пад аркай. Праваднікі Дзіка сказалі ім некалькі слоў, і толькі тады іх прапусцілі ў свяцілішча.

Царква была слаба асветлена васковымі свечкамі, якія гарэлі ў алтары, і дзвюма-трыма лямпамі, што віселі на скляпеністай столі перад магільнымі склепамі славутых сем'яў. Пасярод царквы, у труне, ляжаў мёртвы шпіён з набожна складзенымі рукамі.

Пад скляпеннямі чулася паспешлівае мармытанне вернікаў; на клірасе стаялі ўкленчаныя фігуры ў расах, а на прыступках высокага алтара свяшчэннік у рызе служыў абедню.

З прыходам новых людзей адзін з апранутых у расу мужчын падняўся на ногі і, сыходзячы з кліраса, спытаў у пярэдняга воіна, што прывяло іх у царкву. З павагі да службы і нябожчыка яны размаўлялі напаўголаса; але рэха велізарнага пустога будынка падхоплівала іх словы і глуха паўтарала ў бакавых прыдзелах.

— Манах! — сказаў сэр Олівер (гэта ж быў ён), выслухаўшы данясенне стралка. — Брат мой, я не чакаў вашага прыходу, — працягваў ён, паварочваючыся да маладога Шэлтана. — Хто вы? І па чыёй просьбе вы далучаеце свае малітвы да нашых?

Дзік, не здымаючы капюшона з твару, зрабіў сэру Оліверу знак адысці крыху ўбок ад стралкоў. І як толькі свяшчэннік адышоў, Дзік сказаў:

— Я не спадзяюся падмануць вас, сэр. Маё жыццё ў вашых руках.

Сэр Олівер уздрыгнуў, яго тоўстыя шчокі пабляднелі; ён доўга маўчаў.

— Рычард, — сказаў ён нарэшце, — я не ведаю, што прывяло цябе сюды; напэўна, што-небудзь благое. Але ў імя нашай ранейшай дружбы я цябе не выдам. Ты прасядзіш усю ноч на лаўцы побач са мною; ты прасядзіш са мною да таго часу, пакуль не павянчаюць мілорда Шорбі; калі ўсе вернуцца дамоў цэлымі і здаровымі, калі ты не задумваеш нічога кепскага, ты пойдзеш куды захочаш. Але калі ты прыйшоў сюды дзеля крыві, кроў гэтая ўпадзе на тваю галаву. Амін!

Свяшчэннік набожна перахрысціўся, павярнуўся і пакланіўся алтару.

Ён сказаў некалькі слоў салдатам, узяў Дзіка за руку, правёў яго на клірас і пасадзіў побач з сабою на лаўку. Малады чалавек дзеля прыстойнасці зараз жа апусціўся на калені і, здавалася, паглыбіўся ў малітву.

Але думкі і вочы яго блукалі па баках. Ён заўважыў, што трое воінаў, замест таго каб вярнуцца дамоў, спакойна расселіся ў бакавым прытворы; і ён сумняваўся, што яны засталіся тут па загадзе сэра Олівера. Такім чынам, ён апынуўся ў пастцы. Гэтую ноч ён правядзе ў царкве, сярод мігатлівых агеньчыкаў і прывідных ценяў, гледзячы на бледны твар забітага ім чалавека; а раніцай яго каханую ў яго на вачах павянчаюць з другім.

Але, нягледзячы на журботныя думкі, ён авалодаў сабою і цярпліва чакаў.

Раздзел IV

У манастырскай царкве

У манастырскай царкве горада Шорбі служба ішла не спыняючыся, усю ноч, то пад спяванне псалмоў, то пад бумканне звона.

За шпіёна Прайдоху маліліся старанна. Ён ляжаў так, як яго паклалі: мёртвыя рукі, скрыжаваныя на грудзях, мёртвыя вочы, скіраваныя ў столь. А побач, на лаўцы, юнак, які забіў яго, чакаў з вялікай трывогай надыходу раніцы.

Толькі аднойчы на працягу гэтых гадзін сэр Олівер павярнуўся да свайго палонніка.

— Рычард, — прашаптаў ён, — сын мой, калі ты задумаў прычыніць мне зло, я хачу запэўніць цябе, што ты загневаўся супраць невінаватага чалавека. Я сам прызнаю сябе грэшным перад нябёсамі, але перад табою я бязгрэшны.

— Бацька мой, — гэтак жа ціха адказаў Дзік, — верце мне: я нічога супраць вас не задумваю; аднак я не магу забыць, як нязграбна вы апраўдваліся.

— Чалавек можа здзейсніць злачынства незнарок, — адказаў свяшчэннік. — Чалавек можа быць аслеплены, можа выконваць чужую волю, не ведаючы, што робіць. Так было і са мной. Я завабіў твайго бацьку ў пастку. Але я не ведаў, што рабіў, і хай будзе мне сведкаю Бог, які бачыць нас з табою ў гэтым свяшчэнным месцы.

— Зусім верагодна, — адказаў Дзік. — Аднак паглядзіце, якую страшную павуціну вы сплялі; я адначасова і палоннік ваш і суддзя. Вы адначасова і пагражаеце мне смерцю і стараецеся ўміласцівіць мяне. Мне здаецца, калі б вы заўсёды былі сумленным чалавекам і добрым свяшчэннікам, вам не давялося б ні баяцца мяне, ні ненавідзець. А таму вярніцеся да сваіх малітваў. Я падпарадкоўваюся вам, таму што мне нічога іншага не застаецца; але я не жадаю абцяжарваць сябе вашай прысутнасцю.

Свяшчэннік апусціў галаву на рукі, быццам схіляючыся пад цяжарам гора, і ўздыхнуў так цяжка, што ледзь было не абудзіў у сэрцы юнака пачуццё, падобнае на спачуванне. Сэр Олівер болей не спяваў псалмоў. Дзік чуў толькі, як пастукваў ружанец у яго руках і як ён праз зубы мармытаў малітву.

Яшчэ крыху, і шэрае світанне пачало прабівацца ў вузкія вокны царквы; мігатлівыя агеньчыкі свечак пабялелі. Святло пакрысе рабілася ўсё ярчэй, і раптам праз вокны на паўднёва-ўсходнім баку царквы прарваліся ружовыя сонечныя промні і зайгралі на сценах. Бура скончылася; снежныя хмары сплылі, і новы зімовы дзень весела асвятліў пакрытую снегам зямлю.