Выбрать главу

— Я не хачу быць абавязанай нікому з вашай партыі! — ускрыкнула яна. — Пусціце мяне!

— Васпані, вы не ведаеце, што гаворыце, — адказаў Дзік. — Вы паранены…

— Не, — запярэчыла яна, — у мяне забіты конь, а я цэлая.

— Я не магу вас пакінуць адну ў снежным полі, сярод ворагаў, — адказаў Рычард. — Хочаце вы або не хочаце, а я вазьму вас з сабой. Я шчаслівы, што ў мяне з'явіўся такі выпадак, бо ён дае мне магчымасць заплаціць вам хоць частку майго доўгу.

Яна прамаўчала. Потым раптоўна спытала:

— А мой дзядзька?

— Мілорд Райзінгэм? — перапытаў Дзік. — Хацеў бы я прынесці вам добрыя весткі, але ў мяне іх няма. Я бачыў яго раз у час бітвы, толькі адзін раз… Будзем спадзявацца на лепшае.

Раздзел V

Ноч у лесе. Алісія Райзінгэм

Сэр Дэніэл, хутчэй за ўсё, трымаў шлях у замак Мот, але з-за глыбокага снегу, позняга часу, неабходнасці пазбягаць вялікіх дарог і прабіцца толькі лесам ён не мог спадзявацца трапіць у замак да раніцы.

Дзік стаяў перад выбарам: або па-ранейшаму ісці па слядах рыцара і, калі ўдасца, напасці на яго ноччу, калі ён размесціцца ў лесе лагерам, або выбраць сабе іншую дарогу і пайсці сэру Дэніэлу напярэймы.

Абодва планы выклікалі сур'ёзныя пярэчанні, і Дзік, які баяўся, як бы Джаана ў баі не трапіла ў небяспеку, даехаў да ўскрайку лесу, так і не вырашыўшы, на якім з іх спыніцца.

Тут сэр Дэніэл павярнуў налева і затым паглыбіўся ў велічную лясную нетру. Ён расцягнуў свой атрад вузкай стужкай, каб лягчэй было рухацца паміж дрэвамі, і след на снезе тут быў намнога глыбейшы. Гэты след ішоў усё прама і прама пад аголенымі дубамі; дрэвы падымалі над ім вузлаватыя сукі і дрымучыя хітраспляценні галін. Не чуваць было ні чалавека, ні звера; не чуваць было нават спеваў канаплянкі; промні зімовага сонца залацілі снег, скрэслены складаным узорам ценяў.

— Як, па-твойму, — спытаў Дзік у аднаго з воінаў, — ці скакаць нам за імі, ці рухацца напярэймы?

— Сэр Рычард, — адказаў воін, — я б скакаў услед за імі да таго часу, пакуль яны не раз'едуцца ў розныя бакі.

— Ты, канечне, гаворыш праўду, — сказаў Дзік, — але мы сабраліся ў дарогу надта паспешліва і як належыць не падрыхтаваліся да паходу. Тут няма дамоў, няма каму нас прытуліць і накарміць, і аж да заўтрашняй раніцы мы будзем галадаць і мерзнуць… Што вы скажаце, малойцы? Ці згодны вы патрываць крыху, каб дабіцца ўдачы? Калі вы не згодны, мы можам павярнуць у Халівуд і павячэраць там за кошт святой царквы. Я не ўпэўнены ў поспеху нашага паходу і таму нікога не прымушаю. Але калі вы хочаце прыслухацца да маёй парады, выбірайце першае.

Усе ў адзін голас адказалі, што паедуць за сэрам Рычардам, куды ён пажадае.

І Дзік, прышпорыўшы каня, зноў рушыў наперад.

Снег на следзе быў добра ўтаптаны, і тым, хто даганяў, было лягчэй скакаць, чым уцекачам. Атрад Дзіка мчаўся шырокай рыссю; дзвесце капытоў стукалі па цвёрдым снезе; бразгат зброі і фырканне коней стваралі ваяўнічы шум пад скляпеннямі прыціхлага лесу.

Нарэшце шырокі след вывеў іх да вялікай дарогі, якая ішла на Халівуд, і тут згубіўся. І калі крыху далей след гэты зноў з'явіўся на снезе, Дзік са здзіўленнем заўважыў, што ён стаў намнога вузейшы і снег на ім не так утаптаны. Відавочна, скарыстаўшы добрую дарогу, сэр Дэніэл раздзяліў свой атрад на дзве часткі.

Дзік паехаў прама, па галоўным следзе, таму што шансы здаваліся аднолькавымі. Праз гадзіну ён быў ужо ў самым гушчары лесу. І раптам агульны след падзяліўся на дзесяткі разрозненых слядоў, якія разбягаліся ва ўсе бакі.

Дзік у адчаі спыніў каня. Кароткі зімовы дзень заканчваўся; матавы чырвона-аранжавы шар сонца марудна апускаўся за голым суччам дрэў; цені, якія беглі па снезе, расцягнуліся на цэлую мілю; мароз жорстка кусаў кончыкі пальцаў; пара падымалася над коньмі, змешвалася са стылым дыханнем людзей і воблакам ляцела ўверх.

— Нас перахітрылі, — прызнаўся Дзік. — Давядзецца ў рэшце рэшт ехаць у Халівуд. Мяркуючы па сонцы, да Халівуда бліжэй, чым да Тэнстола.

Яны павярнулі налева, падставіўшы чырвонаму шчыту сонца свае спіны, і накіраваліся да абацтва. Але цяпер перад імі не было дарогі, утаптанай ворагамі. Ім даводзілася марудна прабірацца па глыбокім снезе, кожную хвіліну патанаючы ў сумётах і бесперастанку спыняючыся, каб абмеркаваць, куды ехаць далей. І вось сонца зайшло зусім; святло на захадзе патухла; яны блукалі па лесе ў поўнай цемры, пад марознымі зоркамі.

Хутка ўзыдзе месяц і асветліць вяршыні пагоркаў; тады лёгка будзе рухацца наперад. Але да таго часу варта зрабіць адзін неабдуманы крок — і яны саб'юцца з дарогі. Ім нічога не заставалася, як размясціцца лагерам і чакаць.

Яны расставілі вартавых, ачысцілі ад снегу невялікую пляцоўку і пасля некалькіх няўдалых спроб распалілі вогнішча. Воіны паселі вакол агню, дзелячыся мізэрнымі запасамі ежы, і пусцілі біклажку па крузе. Дзік выбраў лепшыя кавалкі з грубай і беднай ежы і аднёс іх пляменніцы лорда Райзінгэма, якая сядзела пад дрэвам, убаку ад салдат.

Ёй падаслалі конскую гуньку і далі накінуць на плечы другую; яна сядзела, скіраваўшы позірк на агонь. Калі Дзік прапанаваў ёй паесці, яна ўздрыгнула, быццам яе разбудзілі, і моўчкі адмовілася.

— Васпані, — сказаў Дзік, — малю вас, не карайце мяне так жорстка. Не ведаю, чым я зняважыў вас. Праўда, я забраў вас сілай, але з сяброўскіх пачуццяў; я прымушаю вас начаваць у лесе, але мая паспешлівасць тлумачыцца тым, што трэба ратаваць іншую дзяўчыну, такую ж слабую і безабаронную, як вы. І, нарэшце, васпані, не карайце сябе і паешце хоць трошкі. Нават калі вы не галодныя, вы павінны паесці, каб падтрымаць свае сілы.

— Я не прыму ежу з рук чалавека, які забіў майго дзядзьку, — адказала яна.

— Васпані! — ускрыкнуў Дзік. — Клянуся вам распяццем, я не дакрануўся да яго!

— Пакляніцеся мне, што ён яшчэ жывы, — сказала яна.

— Я не хачу хітрыць, — адказаў Дзік. — Спачуванне загадвае мне засмуціць вас. У глыбіні душы я перакананы, што яго ўжо няма жывога.

— І вы адважваецеся прапаноўваць мне ежу! — усклікнула яна. — А! Вас цяпер называюць сэрам Рычардам! Мой добры дзядзечка забіты, і за гэта вас пасвяцілі ў рыцары. Калі б я не аказалася такой дурніцай, а заадно і здрадніцай, калі б я не выратавала вас у доме вашага ворага, загінулі б вы, а ён — ён, які варты тузіна такіх, як вы, — ён быў бы жывы!

— Гэтак жа, як і ваш дзядзька, я рабіў усё, што мог, для сваёй партыі, — адказаў Дзік. — Калі б ён быў жывы, — клянуся небам, я хацеў бы гэтага! — ён адобрыў бы, а не дакараў мяне.

— Сэр Дэніэл гаварыў мне, — адказала яна, — што бачыў вас на барыкадзе. Калі б не вы, ён упэўнены, што ваша партыя была б разбіта; гэта вы выйгралі змаганне. Значыць, гэта вы забілі майго добрага лорда Райзінгэма. І, нават не памыўшы рукі пасля забойства, вы прапаноўваеце мне есці разам з вамі? Сэр Дэніэл пакляўся загубіць вас. Ён адпомсціць за мяне!

Няшчасны Дзік паглыбіўся ў змрочны роздум. Ён успомніў старога Арблестэра і гучна застагнаў.

— І вы лічыце, што на мне ляжыць такі грэх? — сказаў ён. — Вы, якая абараняла мяне? Вы, сяброўка Джааны?

— Навошта вы ўмяшаліся ў бітву? — запярэчыла яна. — Вы стаіце па-за партыямі, вы ўсяго толькі хлопчык, рукі, ногі і тулава, якія не кіруюцца розумам! З-за чаго вы змагаліся? Выключна з-за любові да насілля!

— Я і сам не ведаю, з-за чаго я змагаўся! — ускрыкнуў Дзік. — Але так ужо вядзецца ў ангельскім каралеўстве, што калі бедны джэнтльмен не змагаецца на адным баку, ён абавязкова павінен змагацца на другім. Ён не можа не змагацца, гэта ненатуральна.

— Той, у каго няма сваіх перакананняў, не павінен выцягваць мяча з ножан, — адказала маладая дзяўчына. — Вы выпадкова прымалі ўдзел у бітве — чым вы лепшы за мясніка? Вайне надае высакароднасць толькі мэта, а вы змагаліся без мэты і абняславілі яе.

— Васпані, — адказаў няшчасны Дзік, — я бачу сваю памылку. Я сапраўды паспяшаўся… я дзейнічаў раней часу. Я ўкраў карабель, думаючы, што раблю добра, і гэтым загубіў шмат невінаватых людзей і прычыніў гора беднаму старому, сустрэча з якім, быццам кінжал, пранізала мяне сёння. Я дабіваўся перамогі і славы толькі для таго, каб ажаніцца, і вось чаго я дасягнуў! З-за мяне загінуў ваш дзядзька, а ён жа быў такі добры да мяне! На жаль, я пасадзіў Йорка на трон, а гэта, магчыма, прынясе Англіі толькі гора! О васпані, я бачу свой грэх! Я не прыгодны для гэтага жыцця. Як толькі ўсё скончыцца, я пайду ў манастыр, каб маліцца і каяцца да канца дзён сваіх. Я адмоўлюся ад Джааны, адмоўлюся ад ваеннага рамяства. Я буду манахам і да самай смерці буду маліцца за душу вашага беднага дзядзькі…