— Запомніце мае словы, — прашаптаў перавозчык і падміргнуў. — Сэр Дэніэл рухне. Час яго прайшоў. Ён рухне. Маўчок!
І схіліўся над вёсламі.
Яны доўга плылі ўверх па рацэ, абмінулі адзін з астравоў і асцярожна рушылі ўніз па вузкай пратоцы ўздоўж супрацьлеглага берага. Затым Х'ю павярнуў лодку ўпоперак ручая.
— Я высаджу вас тут, за вербамі, — сказаў Х'ю.
— Тут няма сцяжынкі, — сказаў Дзік. — Тут толькі вербы, балота і дрыгва.
— Майстар Шэлтан, — адказаў Х'ю, — я не магу везці вас далей. Я аб вас турбуюся, не аб сабе. Ён увесь час сочыць за маім перавозам, трымаючы напагатове лук. Усіх прыхільнікаў сэра Дэніэла ён падстрэльвае, як трусоў. Ён пакляўся распяццем, што ніводзін сябар сэра Дэніэла не пойдзе адсюль жывы. Я сам чуў. Калі б я не ведаў вас здавён, калі вы былі вось такім, я нізавошта не павёз бы вас. Але на памяць мінулых дзён і дзеля вось гэтай цацкі, якую вы вязеце з сабой і якая не створана для ран і для вайны, я рызыкнуў сваёй няшчаснай галавой і згадзіўся перавезці вас на той бераг. Будзьце задаволены і гэтым. Больш я зрабіць нічога не магу, клянуся вам выратаваннем сваёй душы!
Х'ю яшчэ працягваў веславаць і размаўляць, як раптам на востраве з самага гушчару вербаў хтосьці гучна крыкнуў; пачуўся трэск галін — відавочна, якісьці дужы чалавек паспешліва прадзіраўся праз нетру.
— Каб яго чорт узяў! — крыкнуў Х'ю. — Ён увесь час быў на востраве!
І Х'ю энергічна павеславаў да берага.
— Пагражайце ж мне лукам, добры Дзік! — узмаліўся ён. — Пагражайце так, каб гэта было відаць. Я стараўся выратаваць вас, ратуйце цяпер мяне!
Лодка з трэскам уляцела ў гушчар вербаў. Дзік зрабіў знак Мэтчэму, і той з бледным, але рашучым тварам спрытна пабег па лаўках лодкі і выскачыў на бераг. Дзік узяў каня за аброць і хацеў рухацца за ім, але справіцца з канём у густой нетры галін было не так проста, і ён замарудзіў. Конь біў нагамі, іржаў, а лодка гайдалася з боку на бок.
— Тут немагчыма вылезці на бераг, Х'ю! — крыкнуў Дзік, працягваючы, аднак, смела цягнуць у гушчар упартага каня.
На беразе вострава з'явіўся высокі чалавек з лукам у руцэ. Краем вока Дзік убачыў, як чалавек гэты, расчырванеўшыся ад шпаркага бегу, з усіх сіл нацягваў цеціву.
— Хто ідзе? — крыкнуў незнаёмец. — Х'ю, хто ідзе?
— Гэта майстар Шэлтан, Джон, — адказаў перавозчык.
— Стой, Дзік Шэлтан! — крыкнуў чалавек на востраве. — Клянуся распяццем, я не зраблю табе нічога кепскага! Стой!… А ты, Х'ю, едзь назад.
Дзік адказаў дзёрзкай насмешкай.
— Ну, калі так, ты пойдзеш пяшком! — крыкнуў чалавек на востраве.
І пусціў стралу.
Конь, пранізаны стралой, забіўся ад болю і жаху; лодка перакулілася, і праз хвіліну ўсе ўжо плёхаліся ў вадзе, змагаючыся з плынню.
Перш чым Дзік вынырнуў на паверхню, яго аднесла на цэлы ярд ад водмелі; ён нічога яшчэ не паспеў толкам разгледзець, як рука яго сутаргава схапілася за нейкі цвёрды прадмет, які з сілай павалок яго кудысьці ўперад. Гэта быў дубец, спрытна працягнуты яму Мэтчэмам з вярбы, што павісла над вадою.
— Клянуся небам, — усклікнуў Дзік, калі Мэтчэм выцягнуў яго на бераг, — ты выратаваў мне жыццё! Я плаваю, як гарматнае ядро.
Ён павярнуўся і глянуў на востраў.
Х'ю-Перавозчык плыў побач са сваёй лодкай і быў ужо на палавіне шляху паміж берагам і востравам. Балотны Джон шалёна роў на яго, патрабуючы, каб ён плыў хутчэй.
— Уцякайма, Джон, — сказаў Шэлтан. — Уцякайма! Пакуль Х'ю пераправіць сваю лодку на востраў і яны прывядуць яе ў парадак, мы будзем ужо так далёка, што яны нас не знойдуць.
І, падаючы прыклад, ён пабег, прадзіраючыся праз зараснікі вербаў і скачучы з купіны на купіну. У яго не было часу выбіраць напрамак; ён імчаўся наўздагад, стараючыся як мага далей уцячы ад ракі.
Аднак глеба паступова пачала падымацца, і гэта пераканала яго, што напрамак выбраны ім правільна. Нарэшце балота засталося ззаду; пад іх нагамі была сухая, цвёрдая зямля, а сярод вербаў пачалі паяўляцца вязы.
Мэтчэм, які моцна адстаў, раптам упаў.
— Кінь мяне, Дзік! — крыкнуў ён, задыхаючыся. — Я не магу больш бегчы!
Дзік павярнуўся і падышоў да яго.
— Кінуць цябе, Джон?! — усклікнуў ён. — Не, на такую подласць я не здольны. Ты ж не кінуў мяне, калі я тануў, хаця цябе маглі застрэліць, а выратаваў мне жыццё. Ты і сам мог патануць, таму што адны святыя толькі ведаюць, як гэта я не пацягнуў цябе за сабою ў ваду.
— Не, Дзік, я б не патануў ды і табе б не даў патануць, — сказаў Мэтчэм. — Я ўмею плаваць.
— Умееш плаваць? — усклікнуў Дзік і шырока расплюшчыў вочы.
Гэта быў адзіны з мужчынскіх талентаў, якім ён не валодаў. Пасля ўмення забіваць ворага на паядынку ён больш за ўсё цаніў уменне плаваць.
— Вось мне ўрок ніколі нікім не пагарджаць! — сказаў ён. — Я абяцаў табе ахоўваць цябе да самага Халівуда, а выйшла так, Джон, што ты ахоўваеш мяне.
— Цяпер мы з табой сябры, Дзік, — сказаў Мэтчэм.
— Я ніколі ворагам табе не быў, — адказаў Дзік. — Ты па-свойму храбры дзяцюк, хаця, канечне, блазан. Ніколі я такіх дзівакоў не бачыў. Ну, аддыхаўся? Ідзём далей. Тут не месца для балбатні.
— У мяне вельмі баліць нага, — сказаў Мэтчэм.
— Я зусім забыў пра тваю нагу, — прамовіў Дзік. — Давядзецца ісці цішэй. Хацеў бы я ведаць, дзе мы знаходзімся! Я згубіў сцяжынку… Зрэшты, гэта, можа, да лепшага. Калі яны каравуляць на перавозе, то могуць каравуліць і на сцяжынцы. Вось бы сэр Дэніэл прыскакаў сюды з паўсотняй воінаў! Ён разагнаў бы ўсю гэтую шайку, як вецер разганяе лісце. Ідзём, Джон, абапрыся на мяне, бедалага. Які ты нізенькі, ты нават не дастаеш да майго пляча. Колькі табе гадоў? Дванаццаць?
— Не, мне шаснаццаць, — сказаў Мэтчэм.
— Значыць, ты кепска рос, — зазначыў Дзік. — Трымай мяне за руку. Мы пойдзем паволі, не бойся. Я абавязаны табе жыццём, а я, Джон, прывык расплачвацца за ўсё спаўна — і за добрае і за ліхое.
Яны падымаліся па адхоне.
— У рэшце рэшт мы выберамся на дарогу, — працягваў Дзік, — і тады рушым наперад. Якая ў цябе слабая рука, Джон! Я саромеўся б, калі б у мяне была такая рука. Х'ю-Перавозчык, здаецца, прыняў цябе за дзяўчынку, — дадаў ён і засмяяўся.
— Не можа быць! — усклікнуў Мэтчэм і пачырванеў.
— А я гатовы біцца аб заклад, што ён прыняў цябе за дзяўчынку! — настойваў Дзік. — Ды і нельга яго вінаваціць. Ты болей падобны на дзяўчынку, чым на мужчыну. І ведаеш, хлапчук з цябе выйшаў даволі нязграбны, а дзяўчынка атрымалася б вельмі прыгожая. Ты быў бы сімпатычнай дзяўчынай.
— Але ж ты не лічыш мяне дзяўчынкай? — спытаў Мэтчэм.
— Канечне, не лічу. Я проста пажартаваў, — сказаў Дзік. — З цябе калі-небудзь выйдзе сапраўдны мужчына! Яшчэ, бадай, праславішся сваімі подзвігамі. Цікава ведаць, Джон, хто з нас першы стане рыцарам? Мне так хочацца стаць рыцарам. «Сэр Рычард Шэлтан, рыцар» — вось як здорава гучыць! Але і «Сэр Джон Мэтчэм» гучыць няблага.
— Пастой, Дзік, дай мне напіцца, — сказаў Мэтчэм, спыняючыся каля светлай крыніцы, якая выцякала з пагорка і падала ў пясчаную ямку, не большую за кішэню. — Ах, Дзік, як мне хочацца есці! У мяне нават сэрца ные ад голаду.
— Чаму ж ты, дзівак, не паеў у Кэтлі? — спытаў Дзік.
— Я даў зарок пасціцца, таму што… мяне ўцягнулі ў грэх, — адказаў Мэтчэм. — Але зараз я з задавальненнем з'еў бы нават скарынку сухога хлеба.
— Садзіся і еш, — сказаў Дзік, — а я пайду пашукаю дарогу.
Ён выняў хлеб і кавалкі вэнджанай свініны з сумкі, што вісела ў яго на поясе. Мэтчэм з прагнасцю накінуўся на яду, а Дзік знік сярод дрэў.
Хутка ён дайшоў да яру, на дне якога, з цяжкасцю прабіваючыся праз мінулагоднюю лістоту, булькаў ручай. За ярам дрэвы былі вышэйшыя і больш раскідзістыя; там раслі ўжо не вербы і вязы, а дубы і букі. Шоргат лісця, якое варушыў вецер, прыглушаў гукі яго крокаў; нягледзячы на тое, што гэты шоргат прыглушаў гукі, накшталт таго, як цемра бязмесячнай ночы прыхоўвае прадметы, Дзік асцярожна краўся ад аднаго тоўстага ствала да другога, зорка аглядваючыся па баках. Раптоўна перад ім, быццам цень, мільганула лань і схавалася ў гушчары. Ён спыніўся, засмучаны: напалоханая лань можа выдаць яго ворагам. Замест таго, каб ісці далей, ён падышоў да бліжэйшага высокага дрэва і хутка палез наверх.