- Не, і мяне, і род мой Гасподзь ад такой заганы збярог. Пажартаваў я, ну дык ідзем?
Стэфанія, міжволі імкнучыся быць бліжэй да маладога мужчыны, пакрочыла побач.
4
Хтосьці стукаў у вароты. Спачатку стук быў нягучны, нібыта даверлівы, можа, нават разлічаны на тое, што яго чакаюць у соннай хаце. Потым узмацніўся. І ўжо не адзін чалавек і не рукой злосна лупіў у счарнелыя дубовыя дошкі варотных палавін.
Першай слабы стук пачула Эва і, сцяўшыся пад коўдрай, прыслухалася, імкнучыся адагнаць ад сябе страх, што змусіў мацней забіцца сэрца. Чым маглі скончыцца для закінутага ў глушэчы хутара гэтыя чужыя гукі яна, як і ўсе навакольныя сяляне, ведала яшчэ з ранняга дзяцінства.
Казімір прачнуўся хутчэй ад спалоху жонкі, чым ад груку, і, мацюкаючыся, няспешна падышоў да стала, дастаў запалкі, падняў шкло і запаліў вялікі нямецкі ліхтар.
- Каго там яшчэ халера прынесла? - загаварыў ён нізкім, асіплым спрасоння голасам, - добра хоць дзяцей дома няма. Ты давай, тамака, Эўка, апранайся ды паглёньдзь, што там на стол можна пакласці. Калі ўжо ўсё гэта скончыцца? - Гаспадар, па-ранейшаму не спяшаючыся, нацягнуў штаны, боты, накінуў на плечы ватнюю безрукаўку. У цёмных сенцах, за вялікімі жорнамі, сунуў руку ў схованку, пераканаўся, што зброя і гранаты на месцы, і выйшаў на двор.
Прыхадні, мабыць, заўважыўшы ў акне святло ліхтара, сціхлі.
- Каму там не спіцца па начах?
- Добрым людзям, гаспадар! - адказалі яму па-польску.
- Добрыя, яны па начах у чужыя вароты не ломяцца, панове, - пераходзячы на польскую, запярэчыў Казімір, зазірнуў у прачыненыя дзверы. На парозе стаіўся з кулямётам яго нямы работнік. Гаспадар ледзь кіўнуў галавой уверх, маўляў, давай на гарышча, як было ў іх загадзя дамоўлена.
За варотамі стаялі трое, са зброяй. Аднаго з няпрошаных гасцей ён ведаў, звалі яго, здаецца, Янэкам. Быў ён сярэднім сынам мясцовага асадніка іхняй гміны пана Высчынскага, неблагога чалавека і моцнага гаспадара. Калі прыйшлі Саветы, дык яго яшчэ ў кастрычніку трыццаць дзявятага забралі ў баранавіцкую турму, там і знішчылі. Сям’ю неўзабаве загналі ў таварны вагон і вывезлі кудысьці ў Сібір. Янэка на той час дома не было, ён, казалі, вучыўся недзе ў Вільні, тым і ўратаваўся. Казімір і яшчэ трое сялян з суседніх хутароў падабралі на разрабаваным падворку амаль нежывую маці Высчынскага. Відаць, нехта з вызваліцеляў штурхнуў старую, тая стукнулася галавой аб кут, так з разбітай галавой і ляжала, можа, падумалі, што сканала. Але Бог не даў, уратавалі ўсім светам. Дзесьці праз паўгода аб’явіўся гэты самы Ян з нейкім сваяком і забраў бабку.
У Казіміра крыху адлягло ад сэрца: «Можа, усё і абыдзецца? Хоць па цяперашніх часах дабро ў чалавечай душы надоўга не затрымліваецца. На цябе, Гасподзь, спадзяёмся!»
- Ну заходзьце, калі ўжо завіталі, - прапускаючы ў двор прыхадняў, вымавіў гаспадар. Зачыніў вароты. - Тут пагутарым ці ў хату зойдзеце?
- У дом нам без патрэбы, жонку і дзяцей палохаць няма чаго. Цябе, хоць ты і схізматык, добра рэкамендуюць нашы людзі, - адказаў, відаць, старшы, чалавек сярэдняга ўзросту, зарослы сівой шчэццю, амаль увесь твар хаваў цень ад шырокага брыля канфедэраткі. - Адным словам, пан Казімір, будзе ў польскай Арміі Краёвай да цябе адно даручэнне. Можаш гэта лічыць просьбай. Можаш адмовіцца, але не можаш здрадзіць. Ты мяне разумеет?
- Не, пан афіцэр, пакуль не разумею. Што трэба зрабіць?
- Рабіць нічога не трэба, трэба не выдаць той таямніцы, якую табе давераць...
- А, ну так бы і казалі, я, праўда, не ведаю ніякай таямніцы, але калі пан скажа, то буду маўчаць. Мы тутака, - мужык павёў рукой, - усё адно больш маўчым, з канём шмат не пагаворыш.
- Час, гаспадар, цяжкі, Саветы асільваюць, шмат, вельмі шмат людзей загінула, - прастуджаным голасам казаў камандзір, - трэба ратаваць тых, хто застаўся, трэба сыходзіць на Захад. - Паляк замаўчаў, быццам нешта абдумваючы.
«Відаць, і насамрэч прыціснулі вас, - стараючыся не ўсміхнуцца, падумаў Казімір, - за польскім часам ды і пры немцах, калі вас тут ва ўсіх лясах і хутарах як прусакоў сядзела, стаў бы ты са мной так гаварыць адкрыта...»
- Мы вырашылі пакінуць у цябе адзін груз, каб ты яго схаваў і аддаў толькі нашаму чалавеку. Ты згодны?
- Калі тое, пан, нешта малое і не зброя, то чаму не схаваць.
- Гэта не зброя, гэта тры малыя жалезныя скрыні. Там не пянёнзы, не золата, там нашыя вайсковыя паперы. Мы іх адамкнём - і ты сам усё ўбачыш.
- Пан, мне чужога не трэба, мне хопіць і таго, што вы дасце за ахову папер. Нясіце свае скрыні сюды, да адрыны. Як пойдзеце, я іх надзейна схаваю. Я вось толькі аніяк не даўмеюся, за якія заслугі мне ад вас такі давер? Вунь вашых палякаў кругом колькі...