- У нашых будуць шукаць, пан Казімір, - адказаў за камандзіра, які адышоў да варот, Ян, - пра гэтыя паперы многія ведаюць. І сярод сваіх бываюць юды, нешта нам апошнім часам часта не шанцуе: куды ні сунемся, а нас там ужо чакаюць радзенцы. Вы за сябе не бойцеся, пра нашую справу ведаем толькі мы ўтрох.
- О, пан Янак, пан Янак! Усё вакол пылам пайшло, люд злым стаў, ні дабра, ні Бога не памятае. Горш звяроў сталі. Вайна стрэльбы дала, а сэрца ў чалавека забрала, а галоўнае, што там наперадзе будзе, нікому невядома. Ссунуўся ўвесь свет, усе бягуць адзін ад аднаго. Ну, а вы куды пабежыцё? За кардон? Дык у вашай Варшаве даўно ўсё тыя ж радзенцы, і ў Чэхіі, і ў самой Нямеччыне скрозь Саветы. Бедныя вы людзі, ну бяжыце, хай ужо хоць Бог вам спрыяе. А за паперы не бярыце нічога такога да галавы, даглёнжу.
- Вельмі на вас спадзяемся. Гэта я прапанаваў пану харунжаму схаваць архіў у вас. Слова даў за вашу надзейнасць і галаву сваю. Другі раз Бог нас зводзіць...
Афіцэр прытрымаў палавіну варотаў, трэці акавец выслізнуў на вуліцу і хутка вярнуўся з цяжкай, мяркуючы па ўсім, скрыняй. Паставіў яе каля сцяны хлява, прынёс другую, крыху большую, і яшчэ адну.
- Вось, гаспадар, і ўвесь груз, як бачыш, месца шмат не зойме. Калі прыйдзем па яго, я не ведаю, але прыйдзем абавязкова. Вось ён, хутчэй за ўсё, і прыйдзе, - камандзір паказаў на Яна, - а як ён не зможа, то прыйдзе чалавек і скажа: «Прывітанне вам ад пана Яна з Гальшан, таго, што пакінуў у вас свайго каня» - яму і аддасі скрыні. Скрыні гэтыя добра зачыненыя і не баяцца вільгаці, ну ў вадзе іх, вядома, трымаць не трэба. Што вам яшчэ сказаць, нават і не ведаю. Вось, вазьміце грошы. Тут дастаткова, усё ў радзецкіх купюрах, ад граху далей. Для вашай навакольнай галечы грошай шмат, так што траціць іх варта з аглядкай, памалу і лепш не тут, а ў горадзе, каб не было прыкметна, ніхто не спытае, адкуль яны ў цябе, а галоўнае - суседзі зайздросціць не будуць. А яшчэ, каб ты не забыў пароль. - афіцэр махнуў рукой жаўнеру, што насіў скрыні. Той выйшаў з двара і вярнуўся з пародзістым жарабцом.
- Не, не, не, родненькія вы мае паночкі, - спалоханым голасам узмаліўся Казімір, - нельга, нельга мне такога каняку. Гэта ж верная пагібель! І мяне заарыштуюць, і дзяцей паб’юць. Не, забярыце вы яго з вачэй маіх! Ой, і добры, добры конік, толькі ён араць не зможа і ў аглоблі не стане. Не, дзякуй, забярыце. Я, можа, вось за грошы вашыя куплю якую кабылку, нібыта як з кумам і шваграм у складчыну, так яно спакойна будзя.
- Добра, гаспадар, ты сапраўды маеш рацыю. Дадамо да каня, - і харунжы дастаў яшчэ некалькі савецкіх пяцідзесяцірублёвак з афіцэрскай сумкі.
- Вось за гэта дзякуй! - з паклонам прыняў нечаканае багацце Казімір, -дык вы хоць на хвіліну зайдзіце ў хату, а тамака жонка ўжо, відаць, і на стол накрыла. Перакусім і бімберу паспрабуеце майго.
- Дзякуй за запрашэнне, пан Казімір, але нам пара, наперадзе яшчэ доўгія зборы. Паперы беражыце, яны вельмі важныя, хацелася б, каб хоць дзеці нашыя калісьці прачыталі іх і зразумелі, за што мы тут гінулі. Пра здраду і пакаранне я казаць не буду, сам усё разумеет. Усё, да відзэння!
Госці, казырнуўшы, сыйшлі, забраўшы свайго прыгажуна, які насцярожана стрыг вушамі.
Казімір замкнуў на завалу вароты, пастаяў, паслухаў. Хмурная, начная цішыня вісела над хутарам, ні гуку, ні шоргату, быццам і не было гасцей, толькі грошы адтапырвалі кішэню ды каля сцяны хлява цямнелі тры сплюшчаныя скрыні. На ганку хаты стаяла, прыціснуўшы да грудзей рукі, Эва, а з дзвярэй адрыны выглядваў здзіўлены твар работніка Міхала.
- Ну што застылі, як ёлупы? Ты, Эўка, ідзі адчыняй падполак, а ты, чорт нямы, бяры скрыні і цягні ў хату. Вось як яно іншым разам выпадае. не ўсялякі начны стук да бяды, бывае, што і да прыбытку.
- Ох, Казімірка, баюся я гэтага начнога багацця, - заходзячы ў хату, адказала жонка.
«Бойся, бойся, дурная баба, - падумаў Казімір, падымаючы адну з скрыню, - а коніка я сабе ўжо прыгледзеў. Цяжкая, зараза! А калі там не паперы? Не, нарабаванае яны б ні за што не кінулі. Хай пакуль у гэтай блізкай хованцы паляжаць скрыні, а пасля справаджу і жонку, і ентага калеку - ды ўжо без лішніх вачэй перавалаку ў далейшую, яшчэ бацькаву схованку. Так яно будзе спакайней. Хвала Богу, ёсць на хутары такое месца».
5
- Вось ты мне, Лаўрэнцій, адкажы, ты там да вярхоў бліжэй, можа, навука якая маецца, якая тлумачыць, як і адкуль з’яўляюцца правадыры?
- Правадыры не з’яўляюцца, і наогул. - са здзіўленнем зірнуўшы на суразмоўцу, з лёгкім каўказскім акцэнтам вымавіў сярэдніх гадоў мужчына ў напаўвайсковым фрэнчы, - правадыроў у адных народаў і адной краіны шмат быць не можа. Правадыр - ён адзін і множнага ліку не трывае. І такі правадыр у нас ёсць! А вось начальнікаў, начальнікаў якраз правадыр і прызначае. І потым, - ён з-пад ілба глянуў на суразмоўцу, - ты, Панцеляймон, давай не прыкідвайся: «Да вярхоў бліжэй», ужо хто з нас і бліжэй, дык гэта ты. І я б папрасіў цябе без гэтых, без правакацыйных пытанняў пра правадыроў. А то і не пагляджу, што сябар, пяро папросту магу ў чарнільніцу макнуць, - Лаўрэнцій падсунуў да сябе талерку з салёнымі агуркамі.