Выбрать главу

Каўказец з налітымі, як ва ўсіх грузінаў, вуснамі, хітра прыжмурыўшыся, працягваў уважліва глядзець на свайго сабутэльніка.

- Ага, з табой шчыра, Лаўрэнцій Фаміч, не пагаворыш, - абыякава, без напружання і эмоцый, размешваючы салату, адазваўся галоўны партыец Беларусі. - Усё ты хочаш перакруціць, перайначыць. Усё імкнешся нейкую крамолу ў звычайных словах адшукаць ды пад манастыр як-небудзь падвесці. Я з табой не аб канкрэтным правадыры і канкрэтнай краіне гавару. У нас з гэтым усё даўно ўжо вызначана, народам і партыяй вызначана. У іншым маё пытанне: вось як так атрымліваецца, што менавіта гэтага, а не нейкага іншага чалавека ўзвялічвае воля народа...

- Э, родны, якая воля?! Якога народа? Гэта сам, разумеет, сам правадыр сябе робіць вялікім і вядзе за сабой народ. Пачакай, пачакай! - заўважыўшы здзіўлена ўзнятыя бровы суразмоўцы, замахаў рукамі Цанава, - чытаў я і статут, і праграму нашай сталінскай партыі, усё пра калектывізм ды іншыя прыгожыя словы памятаю і сяброўскія складкі плачу. Тут, калі я правільна ўлавіў тваю думку, размова пра іншае: якая сіла простага, зямнога чалавека робіць вялікім? Так, біджо?

- Во, бачыш, пры пэўнай крытыцы і ты па-таварыску загаварыў. Менавіта пра тое я і тлумачу. Нешта ў такім узвышэнні ёсць асаблівае, вось толькі што? Не быў бы бальшавіком і атэістам, падумаў бы, што бог, але адкуль яму ўзяцца, калі яго няма? Я вось гляджу на Самога - мяне збянтэжанасць бярэ! Гэта ж якая ў ім сіла сядзіць, каб усім гэтым варочаць! - ён крыху па-тэатральнаму павёў рукамі. - Ну, цяпер яно лягчэй, а вайна? Вайну дык ён выйграў! Не было б яго - страшна і падумаць, што было б з намі. Ці вось з таго боку таксама правадыр быў, і о-го-го які правадырына! Я сам, на свае вочы бачыў, як яго немцы гатовыя былі на руках насіць...

- І дзе гэта ты бачыў? - з непадробнай цікавасцю спытаў чэкіст.

- Ды каб цябе! - з прыкрасцю выгукнуў суразмоўца, адстаўляючы міску.

- У хроніках закрытых бачыў, у кіно, яшчэ да вайны. А ты ўжо, відаць, падумаў, што я з іхнім фюрэрам на трыбунах стаяў? Добра, не лепіцца ў нас сёння размова. Давай па астатняй, як тут гаворыцца, і разыходзімся, а то зноў пасабачымся. Не люблю я пасля нашых узаемных падколак і хмельных крыўдаў хадзіць. Што ўжо тут дурыць, калі я зусім пра іншае з табою хацеў за чаркай пагаварыць...

- Ну дык і гавары! Якія тут падазрэнні могуць быць? Чаго мы толькі з табой не перажылі за гады сумеснай працы, а ты ўсё як хлопчык: ледзь якую дурную думку ў галаву ўзяў - адразу ў крыўду. «Па астатняй, па хератняй»! Толькі прыселі, вунь колькі ежы твае партызанскія кашавары нанеслі. Давай за нашага адзінага і вялікага правадыра вып’ем! Пакуль ён з намі, і мы будзем з ім! За здароўе Іосіфа Вісарыёнавіча!

Выпілі прымірэнчы тост. Засаплі, апетытна жуючы закуску. За плячыма гэтых людзей было столькі агульнага, што лепш бы пра яго і не ўзгадваць. Кажуць, няма страшней нянавісці і мацней дружбы, чым тая, якую звязвае кроў сумесна загубленых ахвяраў. Колькі гэтай крыві было на руках нахмураных суразмоўцаў, гэтага нават яны самі не памяталі і памятаць не хацелі. Ды і не кроў яны пралівалі нявінную, не жыцці і лёсы людскія калечылі, яны непарушна выконвалі свой абавязак партыйцаў і высякалі пад корань усякую нечысць, якая замінае савецкім людзям будаваць сваю светлую будучыню. Яны засвоілі яшчэ кастрычніцкую ісціну: не ты, дык цябе! Галоўнае - нічога ад сябе, усё імем партыі, імем народа. А тое, што яны самі жылі не ў бараках і смярдзючых, счарнелых ад часу хатах, як увесь народ, дык гэта не іх выбар! Гэта воля партыі. Так вырашылі таварышы. Скажы ім сёння нехта ў твар пра бязвінна загубленыя дуты, абодва саноўныя партыйцы схапіліся б за зброю ці клікнулі б ахову, каб сцерці ў лагерны пыл антысаветчыка, які сумняецца ў правільнасці іх учынкаў і мудрасці вялікага правадыра.

Барацьба з ворагамі народа, усялякімі нацыяналістамі і касмапалітамі ў той не такі ўжо і далёкі ад нас час з’яўлялася, як сёння б сказалі, прыярытэтным праектам. А перадавікоў і застрэльшчыкаў падобных праектаў шанавалі ва ўсе часы. Перад пачаткам вайны, улетку сорак першага, памёр ад цырозу пасля цяжкіх запояў легендарны чэкіст Пётр Магго. Легендарнасць энкавэдэшнага стаханаўца непарушна стаяла на асабістым рэкордзе: Пётр уласнаручна расстраляў з тысяча дзевяцьсот дваццаць сёмага па саракавы год роўна дзесяць тысяч чалавек! Рэкорд, што называецца, зафіксаваны кіраўніцтвам і высока ацэнены. Ордэны Леніна, «Баявога Чырвонага Сцяга», «Чырвонай Зоркі» і шматлікія медалі ўпрыгожвалі грудзі ката. Як і належыць выдатнай асобе, пахавалі заплечных спраў майстра на самых прэстыжных могілках Масквы.