- Эх, Лаўрэнцій, - перастаў жаваць Панамарэнка, - можа, і меў рацыю ў сорак пятым твой зямляк і цёзка, трэба было не спыняцца нам у Берліне, а перці далей. Жукаў з Коневым у сваім дурным спаборніцтве за ўзяцце сталіцы рэйха і людзей паклалі дарма, і Заходнюю Германію з Францыяй прафукалі. А вазьмі іх мы, наколькі б сёння спакайней было?
- Ды не кажы ты! І спакайней, разумеет ты, жылося б, і правадыр быў бы адзін на ўсю Еўропу з Азіяй у дадатак. І мы з табой, Панцеляймон, камандзіроўку ў ЦК выпісалі б - і ў Парыж! Ох і дзеўкі там! Кажуць, не роўня нашым і нават немкам! Такое з мужыкамі вытвараюць!
- Ну ты і хапіў! - ужо лагодна працягнуў галоўны камуніст рэспублікі, - вам, генералам, толькі шашкай махаць, што сваёй, што казённай! Калі б Францыя стала сацыялістычнай, - яму гэтая тэма відавочна прыйшлася да душы, - французскі пралетарыят зачыніў бы гэтыя гадзючнікі распусты. А вось з іншымі прастытуткамі - халуямі фашысцкімі, якіх сёння прыгрэлі ў сябе на грудзях былыя сраныя саюзнічкі, было б нашмат прасцей. Хлопцам тваім не прыйшлося б па лясах лазіць, недабіткаў з іх смярдзючых нор выкурваць. Ты толькі на хвіліну прыкінь: казлы, якія засылаюць сюды ўвесь гэты зброд, таксама лічаць сябе правадырамі! Вунь у сваіх паганых лістках так і пішуць: правадыр беларускага народа, прэзідэнт БНР...! Які правадыр, якая народная рэспубліка?! Толькі аднаго ашалелага правадыра прыдушылі, а гэтыя, як блохі, са шчылін павылазілі! Гітлер ім не дапамог, цяпер, бачыш, уся надзея на амерыканцаў з англічанамі.
- Дай час, Панцеляймон Кандрацьевіч, вычысцім Беларусь і ад гэтага бруду. А чаго ты хацеў?.. Пасля кожнай вялікай буры рознага смецця і га.на шмат застаецца. Вось мы з табой і чысцім!
- Чысціць то чысцім, але ж крыўдна! Партызанская рэспубліка, народ паўстаў супраць фашыстаў...
- Была б яна партызанскай! НКВД жалезнай рукой і гарачым жалезам стварыла гэты народны рух! Але я з табой цалкам згодны - крыўдна! Мне вунь дакладваюць, што і былыя партызаны з абрэзамі па лясах швэндаюцца, актывістаў страляюць! Не ўсім, відаць, на карысць пайшла твая і мая навука. Я загадаў такіх браць толькі жывымі. Слова камуніста, я іх прыцягну ў твой кабінет, і хай баявыя таварышы судзяць гэтых вылюдкаў! Калгасы ім не падабаюцца, хутары ім лепей.
- Гэта ты правільна вырашыў, Лаўрэнцій Фаміч! Мы ўвесь Мінск, ды што Мінск, усю рэспубліку партызанскую падымем і люта, усенародна пакараем! Здраднікам - туды і дарога, ды вось іншае мяне турбуе... Я тут спісы асуджаных і ліквідаваных перачытваў, паслухай, адкуль столькі моладзі? Дзеці зусім!
- Э, бэл! Гэта ж выкармышы Кубэ, гэтага ім арганізаванага сранага Саюза беларускай моладзі. Бачыш, яшчэ і пяці гадоў не прайшло, як рэспубліку вызвалілі, а гадзяняты падраслі і галовы на сваіх балотах падымаць пачалі...
- Вось толькі гэтага не хапала! Гэтую заразу, гэтую поскудзь... яе ўсю пад нож! Кубэ! А што Кубэ? Ён сваё ўжо даўно атрымаў. У нас тут у Мінску і пры Кубэ, і да яго, і пасля гэтага Кубэ сваіх дамарослых нацыянал-настаўнікаў хапала і цяпер хапае! Гэтыя больш страшныя за лесавікоў, свалаты гэтай недабітай. Яны вунь у паліто і капелюшах па сталіцы разгульваюць, разам з намі на партканферэнцыі ходзяць, кафедры і рэдакцыі ўзначальваюць, кніжачкі папісваюць і чакаюць, чакаюць любой нашай прамашкі. Толькі во ім! - галоўны камуніст закруціў смачную дулю. - Давай мы гэтаму, моладзеваму, пытанню пленум ЦК прысвяцім. З тваім загалоўным дакладам, а тэму моладзевага нацыяналізму асабліва падсвецім і меры, канкрэтныя меры па канкрэтных асобах прама ў зале прымем! А? Каб ад гэтых недабітых намі ў свой час купала-луцкевічаўскіх паслядоўнікаў і падпявалаў толькі мякіна паляцела.
- Згодзен, біджо! Фактуру падбяру, фактаў прыгожых зраблю. За даклад, за давер дзякуй. Сёння і пазваню Лаўрэнцію Паўлавічу, далажу пра тваю ініцыятыву. Думаю, яму спадабаецца, а калі спадабаецца яму, то ён абавязкова самому гаспадару скажа.
- А ці не позна, ужо ж адзінаццатая гадзіна?
- Самы раз. У цябе тут круцёлка працуе?