Выбрать главу

- Тэлефон працуе, але ты ведаеш, Лаўрэнцій Фаміч... - зменшыўшы напор і партыйны запал, адступіў Панамарэнка. Яго заўсёды жорсткі твар з вялікім носам і доўгім падбародкам набыў выраз чалавека, які адчуў нешта нядобрае. - Давай мы, брат, з табой пераначуем з гэтай ідэяй, а заўтра да абеда сустрэнемся, усё абмяркуем і прымем канчатковае рашэнне. Мы ж з табою не жаўтаротыя камсамаляты. Справа сур’ёзная, ды і не справа нават, а тэма, тэма вельмі слізкая. Нацыяналізм, Лаўрэнцій, зараза інфекцыйная, мы яе ў гэтым забітым краі вытруцім, выпалім гарачым жалезам. Тут іншых меркаванняў быць не можа. Пытанне ў іншым: ці трэба пры гэтым шум вялікі падымаць?

Кандрат Панцеляймонавіч устаў, заклаў рукі за спіну і павольна пакрочыў вакол стала.

- А то ў нас нестыковочка выходзіць: арганізаванага нацыяналістычнага супраціву ў рэспубліцы няма, а моладзевы нацыяналізм і падполле множацца, як грыбы, з чаго б гэта? Такое толькі на Кубэ не спішаш, як ні як -сорак сёмы год на двары. Тут партыя і кіраўніцтва не толькі могуць, але і абавязаныя спытаць: «А чаму гэта ў вас, таварышы, у рэспубліцы такое дзеецца? Дзе вы самі да вашага пленума былі, чаму парадак не навялі? Сіл у саміх не хапіла, дык чаму дапамогі і садзейнічання ў Палітбюро не папрасілі?» І спытаюць яны ў першую чаргу з мяне і цябе! Вышэй за нас у рэспубліцы няма. Таму, дарагі мой таварыш, давай пачакаем пакуль са званкамі ў сталіцу. Трэба было б спачатку вылічыць вінаватых у гэтых про­махах на нізах, базу падвесці з мясцовай інтэлігенцыі, паўдзясятка пісакаў паршывых падабраць, а можа - і партыйцаў несвядомых рэспубліканскага ўзроўню двойку-тройку пашукаць. І галоўнае: не самім гэта пачынаць зверху, а своечасова падхапіць абурэнне знізу, народнае абурэнне. Вось тады і пачын, можна сказаць, можа ў нас з табой атрымацца ўсесаюзны! Ну як табе? Згодны? Разумеет, да чаго я хілю?

- Ну ты, біджо, малайчына! Ай, малайчына! Нездарма цябе гаспадар паважае. Згодны, давай з гэтай ідэяй, як са свавольнай дзеўкай, пераспім, а раніцай пагаворым, ды і поўную карціну па нашым пытанні сам я належным чынам вывучу, так што гаворка наша будзе прадметнай. З прозвішчамі, справамі і дзеяннямі! Ай, малайчына ты, Панцеляймон! Давай, налівай па поўнай, ноч толькі пачынаецца...

6

- Калі ўжо і гаварыць, дык гаварыць трэба праўду. А мне не толькі вы- хаванне і высокі чын выкладчыка, але ўжо і сам узрост хлусіць не дазваляе. Ды і што ад той маёй праўды ў вашым цяперашнім жыцці зменіцца? А ў выніку - нічога. Як існаваў люд у хлусні, дык там і ахвоту мае заставацца. Так што, шаноўны мой пляменнік Вячаслаў, Мінск наш бамбілі часта. На пачатку вайны трохі немцы, а з пачатку сорак другога свае, савецкія. Хоць і не ўсім яны тады былі, ды і сёння даводзяцца, сваімі. Я, як і ты, карэнны мінчук, можа, у сямі, а то і ў дзесяці пакаленнях. Продкі нашыя першы дом, паводле паданняў, пабудавалі яшчэ ў старым горадзе, за сценамі і валам. Там яны ў ліхія часіны адседжваліся, а так у асноўным зімавалі, калі ў сталіцы не выязджалі. Балазе сталіц для беларускага шляхціча ў тыя часы было аж чатыры: Варшава, Вільня, Масква і Санкт-Пецярбург. Ды ў Вільні, Варшаве і Піцеры продкі нашы мелі такія-сякія дамкі. Да зімы ж сямейства, як правіла, пражывала ў вялікім маёнтку, недалёка ад Заслаўя. Ды і самі мы раднёй заслаўскім князям даводзіліся. Вось такія, браце, гарбузы. А што гэта вас, шаноўны сваячок, на гістарычныя экскурсы пацягнула? Вы ўжо нібыта і пры пагонах, і пры такім ведамстве. Трапна, ой трапна вас люд наш просты ахрысціў: «Пільныя вочкі»! Дакладней не скажаш. Усё, усё! - убачыўшы наструненага, з кулакамі пляменніка, капітуляваў дзядзька-прафесар. - Бо­льш ніякіх адхіленняў ад тэмы... Другая сусветная, яе пачатковы, так бы мовіць, і завяршальны этапы на нашых беларускіх землях. Так? Дзіўна. Пачну з таго, што вялікіх і зацятых баёў на нашых тэрыторыях, можна сказаць, і не было. Менш чым за месяц яе немец акупаваў і прыкладна за месяц з невялікім, ні за што не чапляючыся, арганізавана пакінуў. Нейкіх значных бітваў, як Сталінградская ці Курская, у нас таксама не назіралася. Аднак, трэба адзначыць, на ўсходзе рэспублікі, на рубяжы ракі Проні, фронт даволі доўга стаяў. Так што ў цэлым вялікіх, татальных разбурэнняў, здавалася б, і не павінна было б быць. Во як я «забыкаў». Смешна, трэба запомніць. Вось і сам, любы пляменнік, рабі выснову. Атрымліваецца дзіў- ная карціна: пры адсутнасці працяглых абаронных баёў населеныя пункты павінны былі, па ідэі, захавацца. Заканамернае пытанне: адкуль жа такія каласальныя разбурэнні, у тым ліку ў Мінску? Адказаў ёсць некалькі, аднак самы праўдзівы, самы страшны і які найбольш замоўчваецца: сталіцу БССР амаль зраўняла з зямлёй савецкая авіяцыя, ды і не толькі сталіцу. Не было ніводнага чырвонага дня календара, каб уначы над горадам не гулі цяжкія самалёты, якія сыпалі на галовы сонным гараджанам смяротныя падарункі. Аднойчы ў такім налёце ўдзельнічала больш за дзвесце цяжкіх бамбавозаў. Нават кідалі звышцяжкія паўтаратонныя. І ведаеш, Славік, у што яны цэлілі? У цяперашні Дом урада. Ноччу, калі ён пусты! Вось гэта стратэгі! Уяўляеш, раніцай немцы прыходзяць на працу, а працаваць жа няма дзе! Як ім, паганым фрыцам, было б? У гэтым уся геніяльнасць савецкай улады. Адступаюць - усё падарваць і спаліць, усіх выгнаць! Без надзеі на вяртанне. Наступаюць - усё разбамбіць, разбурыць! Без надзеі на зварот. Ну а пра тое, што ў цёмных начных гарадах жывуць савецкія людзі -ды якія яны савецкія! Застаўся на акупаванай тэрыторыі - ужо вораг, а да ворагаў ніякай літасці! Супрацьпаветранай абароны горад наш не меў, немцам яна была без патрэбы праз адсутнасць у горадзе хоць якіх значных ваенных аб’ектаў і буйных вайсковых фармаванняў. Перападала свая доля крамлёўскіх пачастункаў і абласным цэнтрам. Вось і атрымлівалася: арміявызваліцельніца ўваходзіла ў сорак чацвёртым у разбітыя і спустошаныя непрыяцелем гарады. Тады гэтага патрабавала прапаганда. Пазней гэтыя агіткі ўвайшлі ў падручнікі гісторыі, увайшлі, ды так і да гэтага часу там і засталіся. А праўда? Праўда, яна - фу-ух! - прафесар дзьмухнуў на сваю вузкую з тонкімі касцістымі пальцамі далонь. - Субстанцыя нябачная, амаль што дух!