Выбрать главу

- Але пачакайце, Генрых Браніслававіч! Вы што, сцвярджаеце, што немцы былі дабром для нашага народа і ніякіх зверстваў тут не чынілі? - узбуджана ўскочыў са свайго месца малады Скарга. - А каласальныя ахвяры, а ўсенародны партызанскі рух? Ды ў мяне наогул мазгі набакір у апошнія дні! Аказваецца, што пасля вайны ў нас, у Беларусі, больш за сто тысяч чалавек загінулі і былі рэпрэсаваныя за супраціў савецкай уладзе! І гэта толькі ў тры пасляваенныя гады! А вайна невядомая ішла ледзь не да пяцьдзясят сёмага. Жах нейкі! Цяпер вы мне кажаце, што беларускія гарады ў асноўным бамбавала нашая ж авіяцыя! Можа, і бамбавала, але ж ішла вайна!

Суразмоўца абуранага юнака, утульна ўладкаваўшыся ў зручным старадаўнім фатэлі, схаваўшы аскетычны твар у мяккі цень цьмяна-залацістага лямпавага абажура, уважліва слухаў і крыху ўсміхаўся ў акуратна падрэзаныя вусы, якія пераходзілі ў невялікую казліную бародку. Сваёй бародкай спадар быў падобны да Дзяржынскага, і падабенства гэтае больш дапамагала вальналюбіваму прафесару, чым шкодзіла.

Вячаслаў яшчэ доўга абураўся, прыводзіў доказы ў абарону сваіх перакананняў, якія ён, як і любы грамадзянін любой краіны, увабраў у сябе з завучаных школьных ды інстытуцкіх урокаў і лекцый. Напэўна, прытаміўшыся і не сустракаючы пярэчанняў з боку апанента, ён здзіўлена замоўк.

- Вы што, не слухаеце мяне? - зніякавела спытаў ён.

- Вельмі, вельмі ўважліва слухаў, бацечка! - са шпількай уставіў любімае ленінскае слоўца прафесар і з лёгкасцю ўстаў з нізкага фатэля. - Цяпер будзьце добрымі - прысядзьце вы, а я ўжо, так бы мовіць, разамну старэчыя косткі. Заседзеўся, ведаеце. Першае: бамбардзіроўкі, іх частату і колькасць бомбавылетаў можна лёгка ўдакладніць у архівах, а на першы час раю абмежавацца інтэрнэтам. У працяг гэтага ж пытання я цалкам аўтарытэтна даводжу да вашага ведама, што канчатковую кропку ў разбурэнні нашых гарадоў і замкаў паставілі бяздарныя і бязродныя архітэктары пасляваеннага часу. Гэта паводле іх прапаноў былі прынятыя савецкай уладай рашэнні аб ачыстцы беларускіх гарадоў ад неперспектыўных руінаў, і тое, што не дашчэнту разбурыла авіяцыя, узарвалі сапёры. У гарадах з амаль тысячагадовай гісторыяй засталося па пяць-дзесяць будынкаў, старэй за трыста гадоў! Ці гэта не варварства?! Немцы бурылі чужое, хоць і Саветы таксама бурылі чужое, класава чужое. Як ім, народжаным у свінарніках, было зразумець прыгажосць готыкі і позняга беларускага барока? А местачковыя недавучкі бурылі з поўнай упэўненасцю, што змогуць пабудаваць лепшыя і яшчэ больш грандыёзныя гмахі, але перад тым, як прыступіць да будаўніцтва, яны разнеслі ўсё па каліву! Бедная мая Айчына! Гады табе Гасподзь даваў на мір і будаўніцтва, а на дзясяткі гадоў насылаў войны і разбурэнні. Ды і цяпер мы ў нашай сацыялістычнай рэзервацыі жывем, у асноўным, з чужой галавы. Хвала Богу, хоць у модныя цяпер войны ў імя талерантнасці не спяшаемся лезці і моладзь сваю губіць...

- Дзядзька, давайце толькі не будзем усё звальваць у адну кучу і так рэзка пераходзіць на сучаснасць. Мінулае - гэта мінулае, у ім трэба разбірацца, і тут без вашай дапамогі ніяк не абысціся, тут я ваш вучань. Вы і вашы папярэднікі так заблыталі гэтую гісторыю, што сам чорт нагу зломіць. Але ж тое далёкае і недалёкае мінулае вы стваралі без нас і дзеля сябе, вам яно больш зразумелае і блізкае. Вы мне даруйце, але што вам да сённяшняга дня? Цяперашняе - гэта ўжо наша мінулае, у разуменні якога, баюся, вам слова могуць і не даць. Гэта, пагадзіцеся, нам, маладым, трымаць адказ перад будучыняй за цяперашнія справы і ўчынкі...