Інспектарская паездка спецыяльнага ўпаўнаважанага гэбіцкамісарыята па справах моладзевай палітыкі Вайсрутэніі ў Навагрудскі і Нясвіжскі паветы праходзіла ў штодзённым рэжыме. Каб не звязвацца з запраўкай аўтамабіля, яго пакінулі ў двары мясцовага аддзялення СД, пераселі ў зручныя, лёгкія вазкі, якія, як ні дзіўна, яшчэ ўмелі рабіць мясцовыя майстры, і паехалі па навакольных сёлах і хутарах. Моладзь у вёсках яшчэ заставалася. Ні немцы, ні партызаны, ні акаўцы так і не змаглі загнаць усю беларускую моладзь у шэрагі сваіх прыхільнікаў і расцягнуць яе па рабочых брыгадах, лясных атрадах і вайсковых аддзелах. Хлопцы і дзяўчаты ў гэтых заходніх раёнах жадалі трымацца сваёй гаспадаркі і на павабныя абяцанкі глядзелі коса, а ў лес прывыклі хадзіць толькі па грыбы. Тады моладзь сталі зганяць сілай.
Нягучна за сцяной шкрабнулі ўваходныя дзверы. Зміцер сцепануўся пад коўдрай, уявіўшы белыя клубы пары ад марозу, што ўваліліся ў чалавечае жытло.
«Трэба ўставаць, сябе не пералежыш, а хлопцы хай яшчэ паспяць, дасталося ім учора. Добра, што хоць усё абышлося, усе жывыя і здаровыя». Ён ціха апрануўся. Вочы хутка прывыклі да шэрага паўзмроку. Выцягнуўшы з-пад падушкі пісталет, сунуў яго ў кабуру і, прыхапіўшы лёгкія футровыя боты, выйшаў у пярэдні пакой пяцісценка. Справа над сталом цьмяна гарэла лямпа. Жанчына, худзенькая, някідкая, апранутая ва ўсё шэрае, бязгучна сноўдалася ля распаленай печы. За сталом сядзеў змрочны гаспадар у самаробным футровым кабаціку і курыў крамяны самасад. Тытунёвы дым мудрагелістымі шызымі пластамі слаўся па пакоі і, ляніва танцуючы перад агнём печкі, ныраў у яе чырвоны ад распаленага вуголля зеў.
- Добрага ранку, гаспадар! - Зміцер прысеў на ўслончык, які стаяў збоку ад стала, нацягнуў крыху здубелыя ад сушкі боты. Боты былі незвычайныя для гэтых месцаў і дасталіся яму выпадкова яшчэ ў Нямеччыне. Тонкая, добра вырабленая скура, трывалая калодка, якая амаль не прамакае, а галоўнае - унутры мяккае, залаціста-рудое футра. Якія толькі грошы яму за іх не прапаноўвалі!
- Хай сабе і вам будзе добрым, гаспадзін харошы, гэты ранак, - азваўся гаспадар, скручваючы новую самакрутку. - Толькі з таго канца ў вёску ноччу чужыя прыходзілі, добра, што да нас не дайшлі. Скрайку хаты тры абрабавалі і зніклі ў сваім лесе. Галоўнае, вас ніхто не шукаў. Можа, падумалі, што вы далей на Баяры праскочылі. Ужо вельмі вы ля мастка нашумелі, калі да нас ехалі. Добра, хоць нікога з лясных не зачапілі. З кім хоць ваявалі - бачылі?
- Ды хто ж яго ведае? З лесу па нас стрэльнулі разы два, ну і мае хлопцы з кулямёта паласнулі ў белы свет як у капеечку. Не тыя ў нас сілы, каб з бандытамі ваяваць. Балазе хоць кулямёт на другім вазку прыстасавалі.
- Можа, яно і добра, а можа, і дрэнна, хто ж яго адгадае. Што вы гэта, гаспадзін харошы, па нашых гмінах ездзіце? Калі не сакрэт, канечне...
- Ды які тут сакрэт: па школьных i моладзевых справах ездзім. Школы правяраем, з вучнямі і настаўнікамі сустракаемся...
- Дык гэта. няма ўжо ў нас школы, хоць і вёска вялікая, а школу забаранілі, даўно, яшчэ той вясной. Адну зімку дзеткі толькі і павучыліся. Кажуць, сам Кубэ, каторага потым забілі, дазвол даў. І настаўнік у нас харошы быў з суседняй вёскі, а настаўніцай жонка яго з нашых. І школу спраўна яшчэ за польскім часам грамадой пабудавалі. Школа, яна, вядома, засталася, а настаўнікаў пабілі. Хлопца - чырвоныя, а жонку ягоную «краёўцы» з сабой звялі. Дзе яна цяпер, ніхто і не ведае, - хутка і гучна вымавіла гаспадыня. Прамовіла, убачыла няўхвальны позірк мужа, сумелася і зноў пачала глядзець у печ.
- Во-во, ты там, гэта, яешню лепей смаж...
- Пачакай, гаспадынька, там у нас у мяшках недзе кавалак сала павінен быць, і хлеб, - успомніў Зміцер.
- Не хвалюйся, гаспадзін харошы, - перапыніў яго гаспадар, - твой кулямётчык перад тым, як спаць пайсці, мне харчаванне на ваш пражытак выдаў. Аж неяк няёмка: упершыню ўлада нас корміць, а не мы ўладу. Во трымайце ручнік, жонка святочны адшкадавала.
Стальмах прайшоўся па пакоі, разношваючы боты, перакінуў праз шыю ручнік, памыўся. Апрануў напаўвайсковы фрэнч з вялікімі накладнымі кішэнямі, паправіў кабуру з надзейнай невялікай «Берэттай», так што збоку яе амаль не было відаць, сеў за стол.
- Ну што, гаспадзін харошы, можа, па чарачцы, каб дзень не дарма прайшоў? - ці спытаў, ці прапанаваў гаспадар, дастаючы з-пад лаўкі пузатую бутэльку.
- Ды не, дзякуй, з раніцы неяк не з рукі. Ды і са школьнікамі, калі з імі не піў, размовы не атрымаецца. Можа, вечарам, калі заначуем, то і па чарцы не пашкодзіць. Самі гоніце?
- А то ж. Да нас у краму гарэлку даўно ўжо ніхто не возіць. Калі б не дзедавы рэцэпты, ужо б даўно запаршывелі. Ну, няволіць не магу, а сам па звычаю кілішак апрастаю. На двары зіма, не вып’еш - акалееш. Ну, хай вам памагае пан Бог!