Гаспадар выпіў, адставіў бутэльку пад абразы. Адламаў кавалачак хлеба ад вялікага акрайца і запытальна ўтаропіўся на госця. Як быццам той мог даць яму адказы на ўсе пакутлівыя пытанні, што турбавалі яго сялянскі розум.
- Прабач, гаспадар, як вас завуць? Мяне Зміцер Іванавіч.
- Андрэем Апанасавічам завуся...
- А дзеткі вашы дзе? - падсоўваючы да сябе толькі што пастаўленую на стол гаспадыняй патэльню, спытаў як мага спакайней Зміцер.
Гаспадары пераглянуліся і неяк дружна засаплі.
- Дык няма дзяцей, - наліваючы сабе яшчэ адну чарку, адказаў гаспадар, - сышлі абодва. І дачка, і сын. Дачка яшчэ перад савецкай акупацыяй у райцэнтр вучыцца на медзічку падалася, а па вайне завербавалася на заробкі ў Нямеччыну. Сын, пасля таго, як школу зачынілі, у Баяры бегаў вучыцца, а потым неяк прыйшоў у шэрай форме, сказаў: «Усё, бацька, трэба змагацца за незалежную Беларусь без немцаў і саветаў!» І папёр у нас фармаваць аддзел нейкага моладзевага саюза з беларусаў. А тут тых беларусаў як кот наплакаў. Кругом больш усё каталікі і палякі. Ну, чалавек, можа, з восем назбіраў, неўзабаве кіраўнік іх старшы прыехаў на падводзе ды хлопцам і дзеўкам тожа форму выдаў, прамовы ўсякія казаў. А дзесьці праз месяц прыйшлі з лесу, спачатку «акаўцы», вызвалі сынка нашага ноччу на двор і добра так адлупцавалі, з тыдзень адлежваўся і па сябрах хаваўся. Потым прыйшлі «саветы», тыя днём прыйшлі, усю вёску сагналі, нашага Мішу і сябрукоў яго ля хлява паставілі...
- Яны дурняў гэтых някемлівых спачатку ў пустой школе пабілі, моцна змардавалі, - перапыніла мужа гаспадыня, - а што ім, многа трэба, дзеці ж зусім.
- Ну так, пабітых паставілі ля сценкі ды імем савецкага комсамола, якому, значыць, гэтыя хлопцы здрадзілі, прысудзілі іх да растрэлу. А ніхто з іх пра той камсамол нічога і не чуў. Ды і не было ў нас камсамоліі. Не паспела яна з’явіцца ў нашых мясцінах. У нас дзеці па касцёлах і цэрквах больш хадзілі, а не па чырвоных сходах. І вось іхні камандзір кажа: хто дабравольна адмовіцца ад іхняга саюза і ўступіць у партызанскі атрад, каб біцца за савецкую ўладу, тых памілуюць як аблудных. Чалавек шэсць выйшлі, а наш Мішык, ягоны сябар і яшчэ адна дзяўчынка засталіся ля сценкі. А тым, хто выйшаў, далі вінтоўкі з адным патронам і прымусілі страляць у нашых дзяцей. І што ты думаеш, гаспадзін харошы, стралялі дзеці ў дзяцей. Ну, пастралялі і сышлі ў лес, паабяцалі, калі яшчэ якая моладзевая суполка ў вёсцы з’явіцца, папаляць нас усіх разам з хатамі.
Але ж Бог літасцівы, і хлопчыка нашага не забілі, хоць і дзве кулі ў яго трапіла. А мы яго ўжо абмываць пачалі, а ён ачуняў. Ноччу завезлі ў Наваградак. Ён там у шпіталі паляжаў і пайшоў вучыцца ў гімназію, а цяпер і не ведаем, дзе. Кажуць, бачылі яго сярод коннікаў Рагулі. Толькі мы маўчым пра гэта, на магілку пустую ходзім, каб гэтыя чэрці з лесу не даведаліся. Табе вось распавёў, бо ты ёсць уласць.
Гаспадар цяжка ўздыхнуў, пацёр даўно не голеную шчаку і пачаў круціць чарговую самакрутку.
- Вы, гэта, ешце, а то стыне яешня. Ешце. Толькі вось гляджу я на вас і думаю, што ж з вамі, хлопчыкі, далей будзе? Пруць жа радзенцы зноўку да нас. І калі ўжо іх германец не адолеў, то што вы са сваімі пукалкамі зможаце? - Гаспадар закурыў і наліў сабе яшчэ. Падумаў, узяў парожнюю гранёную шклянку, чамусьці падзьмуў у яе і таксама наліў.
- Снедалі б вы і паціху ехалі ў Цырын, пакуль светла. Там хоць нейкі гарнізон ёсць, - парушыла маўчанне гаспадыня, падсаджваючыся да стала.
- Паршывымі нас усіх гэтая вайна зрабіла, і веры ні да каго не засталося. Развіднее, а калі хто сані вашыя ў нас на двары ўбачыць і пабяжыць да лесу? І што там будзе далей, аднаму Богу вядома. Вунь у Варончы, тут ад нас недалёка, прыйшлі насупраць ночы перад першым маем год таму да паноў Чарноўскіх партызаны, там толькі адны жанчыны былі, адна з іх цяжарная са сваім хворым мужам, ну яшчэ і ўбогі калека сляпы. Прыйшлі гэта, пасядзелі, паелі, гарэлкі гаспадарскай папілі, дзверы падперлі і спалілі маёнтак разам з жыхарамі. Ці то жывымі людзей спалілі, ці то спачатку пастралялі, толькі калеку выпусцілі, ты, кажуць, ужо і так слепатой пакараны за сваё буржуйства. А баб і дзяцей варанчанскіх прымусілі салому і сухое голле насіць, каб мацней гарэла. Так што беражыся ты, гаспадзін...
- На вунь, кульні чарку, халера яго ведае, як той дзень пройдзе, - падтрымаў жонку гаспадар. - І паслухай жанчыну: снедайце і з’язджайце, бо ні шкаляроў, ні настаўнікаў у нас няма, а тая моладзь, што засталася, з вамі гаварыць не стане. Бо ім тут жыць.