Выбрать главу

Стальмах паслухаў параду, і яны ціха, без лішняга шуму на світанні выехалі.

Настаў ясны зімовы дзень. Коні, адпачыўшы за ноч, беглі ахвотна, весела фыркалі. Яркае сонца не спяшала вылазіць з-за цёмнага ў белых шапках лесу, знізу падсвятляла мудрагелістае вязьмо пакрытых інеем галін стогадовых бяроз, якія раслі па баках старадаўняга гасцінца да першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага. Пераплеценыя ўверсе галінкі гарэлі пяшчотным ружовым святлом, ствараючы таямнічую карціну забытай каляднай казкі.

Зміцер, зручна ўладкаваўшыся ў вазку, глядзеў на нерукатворныя ўзоры, якія ляцелі над ім нібы ў нейкім чароўным кіно. «Гасподзь, вялікі і ўсемагутны, якога я не ведаю і чыё імя ўспамінаю па-здрадніцку рэдка! Што будзе заўтра, ды што там заўтра, што будзе з намі за наступным паваротам? Ты ведаеш, Божа, не хацеў я гэтых турботаў, не шукаў службы ні ў гэтых, ні ў тых, гатовых вынішчыць увесь табою створаны свет. Спытайся цяпер, навошта і ў імя чаго еду я ў гэтых санях? З надзеяй на якую будучыню кажу я прыгожыя словы затурканым і не заўсёды сытым хлапчукам? Што іх чакае наперадзе? Што яны змогуць зрабіць у імя нашых далёкіх ідэалаў свабоды і нацыянальнага ўваскрашэння краіны. Ды і ці трэба большасці людзей гэтае ўваскрашэнне міфічнай краіны, якое патрабуе ўсё новых ахвяраў і новай крыві? Калі наканавана мне сёння загінуць, кім я застануся ў людской памяці? Ды і ці ёсць гэтая памяць? Перамогуць Саветы, а, падобна, яны перамогуць, хоць немцы і талдычаць апошнім часам пра нейкую звышзброю. І будзе табе і памяць, і следства, і прысуд! Так што лепш ужо без аніякай памяці: вырашыў ісці гэтай дарогай, дык не віляй. І чым больш твае выхаванцы натвораць спраў у тыле Саветаў, тым лепш. Тваімі мазгамі і чужымі рукамі закладваецца вялікая справа новай вайны з Саветамі. А потым, чым чорт не жартуе, можа, менавіта твае выхаванцы ці іх дзеці калісьці і даб’юцца гэтай самай незалежнасці. Чаго ты сябе мучыш? Чаго свае мары сам жа і топчаш? Ты сейбіт, і зусім не абавязкова менавіта табе жаць пасеяны табой хлеб будучага дня».

Рыпеў снег пад палазамі, цішыня і спакой павольна раставалі белымі воблачкамі дыхання людзей і жывёл у празрыстым, амаль шкляным марозным паветры бліскучага сонечнага дня. Асляпляльная зімовая казка была такой жа зыбкай і часовай, як летуценні рамантыкаў, якія рызыкнулі на свой страх і рызыку ўваскрасіць былую моцу сваёй Радзімы, уваскрасіць, чаго б тое ні каштавала, уваскрасіць любой цаной, не грэбуючы запэцкацца крывёю і службай чарговым акупантам роднай зямлі.

Гарэў ружовым полымем пажару і крыві халодны ўзыход зімы сорак чацвёртага года, апошняй яго зімы на радзіме. Але ні Стальмах, ні яго паплечнікі гэтага не ведалі і не жадалі ведаць, яны ехалі, мерзлі, моклі, атрымлівалі з-за вугла кулі, асіпла гаварылі на мітынгах і ехалі далей, упэў- неныя ў тым, што іх словы пра волю, пра незалежнасць, пра справядлівую вайну за сваё роднае і мілае застануцца ў сэрцах тых хлачукоў і дзяўчат...

Наваградак сустрэў іх сваёй будзённасцю. Толькі добра ўмацаваныя пасты на ўездах у горад і патрулі на вуліцах гаварылі пра вайну, сляды якой старанна замяталі лютаўскія завеі. Бурмістрам у горадзе служыў аднакашнік Стальмаха Мікалай Буляк, злёгку паўнаваты, каржакаваты мужчына гадоў пад сорак, маўчун і працаголік з-пад Любчы. У немцаў ён у асаблівых перадавіках не хадзіў, разнарадкі на адпраўку моладзі ў Германію хранічна недавыконваў, па хлебанарыхтоўках і іншых паборах асабліва не стараўся, але задание выконваў і гарадскую гаспадарку вёў спраўна. Усё ў яго працавала: і пошта, і бальніца, і школа, і педагагічная семінарыя, нават конная гвардыя свая была, як жартам называлі эскадрон Барыса Рагулі, сфармаваны з дазволу і пад патранажам самога фон Готберга.

У гарадскую ўправу і накіраваліся сталічныя візіцёры.

- О, глядзі на яго, жывы! - выйшаў з-за стала насустрач Змітру бурмістр,

- а мне тут з раніцы дакладваюць, што пад Баярамі ўчора нейкія менскія паліцыянты на партызанскую засаду нарваліся, і ўсе палеглі. Ну, здароў, братка! - і яны абняліся.

- Як бачыш, жывы і на той свет пакуль не збіраюся. Аднак да цябе навіны хутчэй, чым тэлефанаграмы, бягуць. Адкуль ведаеш, што нас абстралялі?

- Дык я табе ўсё і распавёў. Эй, хлопцы! - крыкнуў у прыёмную гаспа­дар кабінета, - вы там скумекайце нам перакусіць са сталічным госцем. А ты давай сядай вось на канапу і расказвай мне ўсе менскія навіны, якія там у вас плёткі ходзяць, які настрой у начальства? А галоўнае - з якога ты перапуду вырашыў у нашую глухамань наведацца?

- Ведаеш, Мікола, я табе яснага нічога і не скажу. З Мінска выязджаючы, ведаў, навошта сюды еду, нават план у начальства падпісаў. А вось у Нясвіжы пабыў, у вёскі ды хутары завітаў, і ўжо не ведаю, якога я ражна тут у вас соўгаюся, смерць спакушаю. - Стальмах устаў з дапатопнай, на здзіўленне моцнай канапы, падышоў да дзвярэй кабінета, акуратна іх зачыніў. - Не ведаю, Мікола, усё ўадначас у растапырку ўстала. Хрусь - і ўсё.