Тэчка была старая, нейкага бялёса-зялёнага колеру, з чырвонымі, моцна завязанымі матузкамі. Чарнільныя надпісы на разлінаваным па сярэдзіне шэрым квадраце ад часу выцвілі і амаль ужо не чыталіся. Патрэбна было больш святла.
- Ты там давай не саромся, сядай да бакавога століка ды лямпу ўключы! -крыкнуў з кухні стары.
- Вось дык дзед! - з захапленнем падумаў Вячаслаў, уладкоўваючыся за невялікім столікам, прысунутым ушчыльную да падваконніка. Запаліў святло. Калісьці акуратна выведзеныя асадкай літары ператварыліся ў мудрагелістыя, злізаныя часам іерогліфы. У правым верхнім куце тлустым сінім алоўкам красаваліся задвукосеныя літары «ЧК». Сэрца забілася часцей: «Няўжо? Быць гэтага не можа! Аддаць амаль год на пошукі хоць нейкіх звестак на гэтую няўлоўную тэму - і вось на табе: «ЧК»! Літаркі гэтыя відавочна пазначалі не першапачатковую абрэвіятуру яго грознага ведамства. Дакументы, затоеныя ў гэтай някідкай тэчцы, хутчэй за ўсё мелі дачыненне да жаданага «Чорнага ката». “Цяпер вось развяжу матузкі і...”
Першым у тэчцы ляжаў пажоўклы аркуш з выпіскай з рашэння закрытага пасяджэння бюро ЦК КП(б)Б ад 13 снежня 1945 года, усяго паўстаронкі тэсту, які складаецца з двух пунктаў. У першым канстатавалася, што пераважная большасць насельніцтва БССР, у тым ліку і заходніх яе абласцей, з радасцю ўспрынялі сваё вызваленне ад фашысцкай акупацыі і актыўна ўключыліся ў працу па аднаўленні разбуранай вайной народнай гаспадаркі. Аднак у рэспубліцы яшчэ засталася значная колькасць былых паліцаяў, членаў іншых прафашысцкіх арганізацый ды іх памагатых. Партыйныя, савецкія органы і работнікі абавязаны аказваць актыўную дапамогу органам НКУС у іх выяўленні і ліквідацыі.
Другі пункт даслоўна абвяшчаў: «Асобныя кіруючыя таварышы, у асноўным раённага і мясцовага ўзроўняў, часам дапускаюць выпадкі панікёрства, перабольшваюць небяспеку, якую наносяць грамадству гітлераўскія недабіткі, і спрабуюць прадставіць адзінкавыя выпадкі праяў бандытызму як арганізаваны супраціў савецкай уладзе, які абапіраецца на разгалінаванае нацыяналістычнае падполле. Гэта недапушчальна».
Ніжэй алоўкам было нешта напісана, а пад запісам ледзь віднеліся тры калонкі лічбаў і нейкіх пазнакаў.
- Вось табе, Слава, лупа і гарбата, - амаль над самым вухам нягучна вымавіў Ягор Кузьміч.
- Таварыш палкоўнік, гэтак жа і заікай можна зрабіць, - уздрыгнуў ад нечаканасці малады чалавек. - Цікавы дакумент, - ставячы на стол кубак з гарбатай, кіўнуў ён галавой на раскрытую тэчку.
- Маёр я, Слава, проста маёр. Ведаю, што ты мне хочаш запярэчыць. Сапраўды, быў падпалкоўнікам, але разжалаваны з цалкам рэвалюцыйнай фармулёўкай: «За страту палітычнай пільнасці і бытавую распушчанасць». Доўга з такім кляймом я на аператыўнай працы не затрымаўся і быў, з улікам былых заслуг, адпраўлены камандаваць ведамасным архівам. Вось такія справы. Так што маёрам і звольніўся. Гэта ўжо потым у запасе нейкі разумнік дадумаўся - і мне яшчэ раз, курам на смех, прысвоілі падпалкоўніка, да даты або да нейкага свята - ужо і не памятаю... А вось у лес цябе з сабой я б не ўзяў, - рэзка змяніў тэму стары чэкіст.
- Гэта чаму ж? Я спартовец, выдатнік па ваенізаваным кросе і арыентаванні. Тэсты на выжыванне не горш за іншых здаў у свой час.
- Глухі ты, вушэй на патыліцы няма. Я з кухні ішоў, лыжка ў кубку бразгала, рукі ж ужо трасуцца. Яшчэ вунь паперку скінуў, калі лупу на сваім стале браў.
- Вы гэта сур’ёзна? Я ж вось на... - хлопец пакрыўджана ткнуў пальцам у тэчку.
- Чытаў, напэўна? Ды так уважліва, што і слых прытупіўся? - здзекліва спытаў стары. - А вось амаль дзевяностагадовы дзед падышоў да цябе, а ты і не пачуў, вунь здрыгануўся, калі пачаў размаўляць. Калі б гэта было ў лесе ці яшчэ пры якіх абставінах - і ўсё, праз тры дні ўжо б і жалобныя залпы над тваёй магілкай прагучалі. Ты давай толькі не крыўдуй і ў зануды мяне не запісвай. Калі ступіў на сцежку контрвыведніка, то абавязаны заўсёды і да ўсяго быць гатовым. Добра, - стары паляпаў хлопца па плячы, - чаго ты там ужо нагледзеўся, як ты кажаш, цікавага?
- Толкам яшчэ нічога і не прачытаў, - адазваўся малады чалавек, - толькі першую старонку прабег, падумаў, што трэба было б неяк гэта павялічыць, як вы падкраліся і вось прынеслі, - ён падняў руку з лупай.
- Ды хопіць дзьмуцца, не паненка! І не падкрадваўся я, гарбату во прынёс табе. Так што крыўдзіць мяне не трэба. Падкраўся, падкраўся! Вось падсохне, у лес як-небудзь з’ездзім, я табе там пакажу сапраўднае падкрадванне. Што там на першай старонцы? Я ўжо і падзабыў.
- Рашэнне ЦК Белкампартыі аб поўнай адсутнасці ў рэспубліцы арганізаванага супраціву савецкай уладзе ў сувязі з мудрым курсам КПСС.