- Ну і суцешыў ты старога таварыша! З чаго гэта столькі песімізму ў голасе? Дзе мой баявы сябар Стальмах, нястомны змагар за нацыянальную будучыню роднай Беларусі? Куды дзелася былая ўпэўненасць у заўтрашні дзень у беларускага Гебельса?
- Мікола, перастань ты пацвяляцца! Хіба не бачыш, што вакол творыцца? Немцы ўсё мятуць і адсылаюць дадому, ім ужо не да ўсходніх тэрыторый, фронт вунь на Проні стаіць. Пра менскія навіны пытаеш? Калі ласка: нашыя разумнікі, каб перад фон Готбергам ці яшчэ перад кім у Берліне прагнуцца, вырашылі сусветны кангрэс беларусаў гэтым летам правесці. Я разумею - у сорак першым ці сорак другім такое можна было б задумаць, ды і тое пры ўмове самакіравання і магчымасці нацыянальнага адраджэння нашых земляў. Цяпер жа навошта? Тут самім самы час валізы збіраць. Навошта, скажы мне, перад прыходам Саветаў усіх сваіх прыхільнікаў свяціць. Яны што, не разумеюць?! Гэта ж смерць! Вось табе і сталічныя навіны. Яшчэ яны прымушаюць нашых хлапцоў з СБМ у паліцыю ўступаць, а затым адпраўляюць у беларускі батальён СД. Вінтоўку ў рукі - і на акцыі. А яны ж дзеці зусім, двое рукі на сябе наклалі. Вось такія ў нас невясёлыя навіны. А ты, я гляджу, - Зміцер перастаў хадзіць і прысеў на край канапы, - як крот тут абкапаўся, вакол чысціня, парадак, рамонт гандлёвых шэрагаў задумаў. Што, з Наваградка немцы бегчы не збіраюцца?
- Ды чаго ж не збіраюцца? Збіраюцца. І барахло экспрапрыяванае адпраўляюць у свой фатэрлянд. І я, у добры прыклад, там таксама адрасок займеў і сёе-тое туды перакідваю. І табе, Зміцер, раю. Вось так. Не думаю, што саюзнікі дадуць Саветам Нямеччыну цалкам забраць, яна ім яшчэ спатрэбіцца, а калі яна спатрэбіцца, то і мы на што-небудзь спатрэбімся. А пакуль будзем мацаваць вялікі нямецкі парадак у адным асобна ўзятым павеце. Ды і на з’езд беларусаў я паеду, можа, цяпер гэта і дурнота, а вось у будучыні, упэўнены, спатрэбіцца. І ацэняць гэта не толькі немцы, павер маёй інтуцыі.
8
Скарга ўпершыню ішоў на спатканне з нейкімі невядомымі раней перажываннямі, унутранай збянтэжанасцю і нават немаведама адкуль узніклай сарамлівасцю. Яшчэ з пазаўчарашняга дня, пасля нечаканага разладу з дзядзькам ды такога ж нечаканага прымірэння, ён знаходзіўся ў навакольнай рэчаіснасці, нібы муха ў талерцы з супам: і не еў, і не плыў, чакаючы, пакуль абставіны яго самі неяк вызваляць. Чым, уласна, гэтае спатканне адрознівалася ад дзясятка іншых, што яму папярэднічалі, ён ніяк не мог уцяміць - і ад таго злаваўся.
Перабіраючы ў галаве ўсе дробязі іх першай сустрэчы, ён ужо стаміўся ў пошуках лагічнага тлумачэння дзівосаў, якія адбываюцца з ім. Па-першае, ён парушыў службовую інструкцыю і не праінфармаваў кіраўніцтва пра інцыдэнт з міліцыяй і знаёмствам з актыўным членам маладзёжнай нацыянальна-арыентаванай групы. Пісьмова не данёс пра свой удзел у зборышчы нефармалаў, не прыняў меры да ўстанаўлення іх асоб. Па-другое, усяляк спрабаваў апраўдваць сваю правіну нейкай неабходнасцю ва ўсім разабрацца, устанавіць, што і як, а не секчы з пляча. З жахам Вячаслаў усведамляў, што ўпершыню ён спрабуе хлусіць самому сабе.
«Д’ябальшчына нейкая, так і са службы паляцець можна. Чаго гэта ты буксуеш? Прайшло тры дні, тэрмін яшчэ не крытычны, можна і заўтра ўсё напісаць і аддаць начальству. Ды супакойся ты і перастань рыцца ў сабе, як кабан пад плотам. Сходзіш на сустрэчу, выцягнеш дадатковую інфармацыю, трахнеш гэтую размаляваную кралю - і ўсё ўстане на свае месцы: ты ёй сэкс, яна табе інфармацыю». Ён дакладна ведаў: такая формула, непрадугледжаная службовымі інструкцыямі, у паўсядзённай працы практыкавалася і артыкуламі карпаратыўнай маралі не забаранялася. «Добра, з гэтым ты як-небудзь сам разбярэшся. Разабрацца - разбярэшся, а чаго тады так старанна збіраўся, вунь усе шмоткі па пакоі раскідаў, кветачкі ўжо ў трэцяй кветачніцы пераглядаеш? Не, Скарга, праняла цябе дзяўчына - беларуская жар-птушка! Вершы толькі не пачні з перапуду пісаць. Наогул, гэта першы раз у цябе, калі асабістае так пераплятаецца са службовым. Напэўна, праз гэта ўсе нашы ў маладосці праходзяць, толькі адны так, а, можа, і па-іншаму. Да старэйшых не сунешся - засмяюць ці яшчэ якую хрэнь прыдумаюць. Сам, сам як-небудзь выкарасквайся. А можа, і сапраўды закахацца, ты ж пра гэта нават марыў калісьці. Закахацца, жаніцца, дзетак нараджаць і жыць размераным жыццём абывацеля. Цікава, а чэкістаў да абывацеляў аднесці можна?»