Выбрать главу

- Што, твае бацькі прыехалі? Не, без цябе я туды ні за што не пайду,

- учапілася ў яго руку Стэфа.

- Супакойся, да маіх пазней паедзем, ды і да тваіх таксама. Цётка з бабуляй жыве, і яе дачка, мая малодшая стрыечная сястрычка, хоць гэта яна для мяне малодшая, а для цябе хутчэй аднагодкай будзе. Яшчэ і брат жыў, ды вось з’ехаў у Маскву пасля інстытута. Не бойся, ніхто цябе там не пакрыўдзіць, ты ўжо ў бабулі ўлюбёнкай ходзіш.

- Так?

- Упэўнены. Толькі я цябе вельмі папрашу, - пераходзячы на шэпт, сказаў Вячаслаў, - не гавары, з кім я пайшоў сустракацца. Потым усё растлумачу. Ну, вось мы і дома. - Не паспеў ён паднесці руку да кнопкі званка, як дзверы адчыніліся, і на парозе іх сустрэла маладжавая жанчына гадоў сарака. - Вось, Стэфанія, знаёмся - мая любімая цётачка Вераніка. Цёця, вы там уладкоўвайцеся, а я хутка буду, - цмокнуўшы цётку ў шчаку, вымавіў Слава і растаў у цемры, якая за рысай нязыркага святла здавалася яшчэ гусцейшай.

9

Казімір сабраўся паміраць: ці жарт - праз тры месяцы семдзесят дзевяць гадоў. Думка пра блізкую смерць прыйшла неяк раптам, рана раніцай, калі ён, пакарміўшы курэй, ужо збіраўся вяртацца ў хату.

«Вось, напэўна, хутка памру, - падумалася старому, і думкі гэтай ён не спалохаўся, нават не здзівіўся, - а колькі ж можна? - ці то сам сябе спытаў, ці то ў кагосьці іншага. Уздыхнуў, прысеў на ўнукам збітую лаў- ку пад старой чарэшняй. - А што ты хочаш, пажыў ужо - і годзе. «Усе мы тут госці, - успомніліся яму словы, якія любіў паўтараць бацька-нябожчык, - пагасцявалі, трэба й меру ведаць». Вось і мне прыйшоў час рыхтавацца да дзядоў».

Тое, што душы памерлых продкаў ляцяць у далёкі і незразумелы «вырай» і там становяцца «дзядамі», ён ведаў з самага свайго нараджэння, можа, ужо з гэтай упэўненасцю і нарадзіўся.

«Ну, да дзядоў, дык да дзядоў, можа, яно там і не горш будзе. Тут жа асабліва не шыкаваў, ды і дзе там пашыкуеш, калі ўсе землі ў калгас забралі, скаціну трымаць забаранілі, самому сваё прадаваць нельга стала. Вунь, навакольныя хутары пазвозілі ў вёскі, людзі, хто спрытней, у гарады падаліся, кінуўшы бацькоўскія куты і цяжкую, няўдзячную працу на зямлі. А колькі тых жа самых хутароў улады папалілі?! Пянькі ад яблынь ды ліпак выкарчавалі, зааралі - і ўсё, і няма нават следу ад былой сядзібы. Спрэс калгасія! Невясёлае жыццё было наша, ох, невясёлае!» Ён жа ні ў які калгас ісці не захацеў - ні да, ні пасля вайны. Чым яго толькі не палохалі, як толькі не здзекаваліся: то дарогу да хутара зааруць, то падаткі падвысяць, электрычнасць не давалі, коніка раз дзевяць канфіскоўвалі, не паложана, маўляў, аднаасобнікам. Бацька трываў, але з хутара не пайшоў. «Ад яго, відаць, і мая ўпартасць, хоць можна было і сысці, можна было і не раз. У войску прапаноўвалі застацца і на «куска», і ў ваеннае вучылішча. ісці, і ў горад таксама можна было. Сваяк колькі разоў прапаноўваў да яго на завод уладкавацца, і з кватэрай абяцаў паспрыяць. Але ж і сумневы іншы раз адольвалі, і жонка, бывала, не-не - ды і ўпрошваць бралася, але ўтрымаўся ж, застаўся. Ды і рука ніяк не падымалася перакрэсліць усё вось так уадначас. Яно і дзякуй Богу. А пасля смерці бацькі - куды ж ісці, уся гаспадарка на мне засталася. Не кідаць жа чужынцам і агню на патраву. Не палац, вядома, але не горш, чым у людзей, а галоўнае - сваёй працай нажытае і адбудаванае.

Улада ж яшчэ пры бацьку памянялася, толькі неяк куртата памянялася, калгасы - у нейкія СПК-а ператварылі, а людзям лепш жыць так і не стала, а хутары, дзе старыя паўміралі, як палілі, так і працягвалі паліць. А паліць жа навошта? Можа, у каго, хто ў горад з’ехаў, штосьці ў дуты зварухнецца - і пацягне яго да роднай хаты, можа, не ў самога, можа, у дзяцей, ва ўнукаў... Душа - гэта Божае вызначэнне, яе ж ні камунамі, ні дэмакратыямі згарнуць ну аніяк нельга.

Бацька, помніцца, тады, ну калі ўлада перавярнулася, пайшоў у сельсавет, зямлю, якую Саветы забралі, назад патрабаваць. А не аддалі яму нічога, як аднаасобніку, які ў калгасе не лічыўся, то, аказваецца, паёў яму зямельных не адведзена. Ну, не адведзена, дык не адведзена. Толькі, вярнуўшыся да­дому, ён пазваў сына, сярэдняга брата і ўнукаў, чорт ведама адкуль дастаў землямерны аршын, прымусіў начасаць дзясяткі тры калоў і павёў нашую, забраную калісьці Саветамі, зямлю межаваць. Адмежаваліся. Прыстойнае поле выйшла, калі яшчэ і лясок з лагчынкай, і возерка дадаць - зусім маёнтак атрымліваецца. Канёк тады ў нас быў - за два. Мама слабенькая ўжо, але таксама за вароты з абразамі выйшла. Памаліліся ўсім сямействам, межавую баразну прааралі, як калісьці нашыя продкі. Вечарам стол святочны накрылі, хоць і будзённы дзень быў. Вясёлыя ўсе былі, а ў душы неспакой. Дазнаюцца сельсаветчыкі - «казлоў» на «казле» прышлюць.