Выбрать главу

- Ты чаго гэта шэпчаш, тут крычы не крычы - ніхто не ўчуе. Скрынь, кажаш, зашмат? Дык і скляпеннем гэтым мы, відаць, не адзін год валодаем. Вось калі якая бяда - дык і цягнулі сюды, што на той момант здавалася каштоўным. А потым ці забывалі, ці лянотна было назад перці. За тры, а можа і за чатыры стагоддзі памалу і назбіралася. Але тутака не толькі наша, тут і зусім старыя, яшчэ панскія, вунь там, дзе другі ход завалены, там іх панцежы ляжаць, пікі і шаблі. А польскія скрыні, дык яны вось, - дзед стукнуў нагой адну з трох пляскатых скрынак ля стала і пачаў наладжваць настольную лямпу.

Казімір павольна пайшоў па крузе аглядаць спадчыну, якая немаведама адкуль звалілася на яго. Чаго тут толькі не было!

- Баця, а зброі тут адкуль столькі?

- Ну дык не ў хаце ж яе трымаць, а выкінуць рука ніяк не падымалася, хай ляжыць, ці мала што... Давай выключай сваю батарэйку ды ідзі сюды. Яшчэ паспееш наглядзецца на сваё дабро, яго тут і за месяц усё не перабярэш.

Лямпа зачадзіла і наўздзіў нядрэнна асвятліла падзямелле.

- Дык кажаш, тэрмін даўніны! Ох, і ў спакусу ты мяне, сынок, перад смерцю ўводзіш. А я ж таксама бацьку, калі ён мне гэты схрон паказаў, прасіў адкрыць палукашак, але стары ні ў якую. А я вось, відаць, паддамся. Давай ідзі, падсабі падняць...

Скрыня аказалася відавочна нямецкай з нейкай цёмна-карычневай пластмасы з дзвюмя металічнымі ручкамі па баках. Замка не было відаць, зашчэпкі з пазелянелага сплаву, - хоць і акісліліся, але адкрыліся адразу. Унутры, загорнутыя ў тонкі брызент, ляжалі нейкія пажоўклыя паперы і скураны мяшэчак з двума вялікімі, мяркуючы па ўсім, старадаўнімі ключамі.

У другой дакладна такой жа скрыні, толькі крыху большых памераў, таксама былі паперы: вялікія тоўстыя сшыткі, нейкія кнігі з цыдулкамі і распіскамі аб атрыманні грошай. Скрынка з польскімі ўзнагародамі і незапоўненымі да іх дакументамі, пячаткі ды яшчэ ўсялякая штабная маёмасць.

Пакуль бацька ўважліва вывучаў змесціва другой скрыні, Казімір разгарнуў зляжалыя паперы першай. Яны былі відавочна вельмі старыя, хоць Сапіца ў гэтым не надта разбіраўся, але на асобных аркушах былі акрэсленыя планы нейкіх збудаванняў, усходаў, пераходаў, гарышчаў і вежаў, на кожным аркушы ў ніжнім правым куце акуратнай гатычнай вяззю, хутчэй за ўсё, даваліся тлумачэнні да малюнкаў. Папера ўпрыгожаныя гербам у выглядзе аднагаловага арла з трыма рагамі на грудзях.

«Вось гэта я, мабыць, адсюль і забяру адразу і цяпер. Здаецца, недзе я нядаўна бачыў гэтых птушак», - падумаў сын, паглядзеўшы на бацьку, як быццам той мог пачуць яго думкі.

10

Сёння ўжо амаль не засталося тых людзей, хто памятае Мінск лета сорак чацвёртага года, Мінск напярэдадні вызвалення. Вайна кацілася на захад, у чарговы раз перамолваючы людзей і іх душы, пераворваючы нашую зямлю. Людзі, асабліва хто старэй, і чакалі прыходу Саветаў, і асцерагаліся яго, бо многія ўжо на сваёй скуры выпрабавалі ўсе вабноты і ласкі змены ўлады. Здаецца, вось толькі з такой цяжкасцю адвыклі ад звароту «таварыш» і з горам напалам прызвычаіліся да забытага «спадар» - і на табе: зноў усё вяртаецца назад. Зноў усе вакольныя табе спрэс таварышы, а за спадара добра калі па мордзе дадуць, а то ж і тэрмін атрымаць можна.

Так, па-рознаму чакалі вяртання савецкай улады былыя савецкія грамадзяне. Хтосьці спяшаўся далей перахаваць несправядліва нажытае дабро, хтосьці шукаў магчымасць ціскануць новыя дакументы і зашыцца ў якую-небудзь глухмень суседняй вобласці, стаіцца, адседзецца. Хтосьці суткамі шастаў па горадзе, усё заўважаючы і запамінаючы, каб было чым парадаваць родную ўладу і выявіць гадаў ды іншы варожы элемент. Камусьці трэба было выкруціцца і схаваць таемнае супрацоўніцтва з другім аддзелам СД, які выконваў у Беларусі абавязкі гестапа. Многія актыўна змагаліся з акупантамі, многія з імі супрацоўнічалі і рыхтаваліся ваяваць з хуткімі вызваліцелямі. Хтосьці проста жыў, як жыў і раней, будзённа і абыякава. Многім, вельмі многім было што хаваць і ад немцаў, і ад Саветаў.

Бесперапынна працаваў у гэтыя дні «Абвернебенштэле-Менск». Яго начальнік, палкоўнік Олер, маладжавы статны чалавек, нетаропка крочыў па сваім прасторным кабінеце, размешчаным у будынку былой партшколы ВКП(б)Б на былой вуліцы Карла Маркса. За доўгім сталом сядзелі ўсяго тры чалавекі.

- Панове, я вельмі хачу, каб вы ўважліва паставіліся да сур’ёзнасці гэтага моманту. Створаная намі ў Беларусі сетка з’яўляецца толькі часткай вялікага плана пад агульнай назвай «Майн лібе кэц». Нашыя «каты» павінны напоўніць часова пакідаючыя войскамі Вермахта тэрыторыі і пасеяць у тыле ворага жах. Такім чынам, у зоне падкантрольнага нам органа з сённяшняга дня пачынае дзейнічаць аперацыя «Чорны кот», ва Украіне «Стэпавы кот», у Прыбалтыцы «Лясная котка». Так што - з Богам, спадары! Так, і які ў выніку атрымаўся аб’ём сфарміраванай тут сеткі, Ота?