Выбрать главу

- Адна тысяча дзвесце рэзідэнтур, спадар палкоўнік, - зазірнуўшы ў сшытак, далажыў пажылы маёр са стомленым, шэрым тварам.

- Вялікі атрымаўся кацішча, - застаўся задаволены сабой начальнік, -хай нават з іх толькі пяцьдзясят адсоткаў пачнуць працаваць - і гэтага будзе дастаткова. Усім дзве гадзіны паспаць - і зноў на пярэдні край на­шай барацьбы, дарэчы, пярэдні край фронту рэальна амаль у Мінску, таму працягнуць асабісты кантроль за эвакуацыяй усяго каштоўнага. Ніводнага кавалачка паперы мы не павінны тут пакінуць.

11

Вярнуўшыся ў Мінск, Стэфанія яшчэ доўга заставалася пад уражаннем неспадзяванай паездкі ў Нясвіж. За свой нядоўгі век яна ўмудрылася аб’ехаць ледзь не ўсю Еўропу, нават у далёкай і многімі жаданай Амерыцы пражыла амаль месяц у занудлівай заможнай сям’і нейкіх баптыстаў. Здавалася б, паездка як паездка, нічога асаблівага. Вунь у Чэхіі ці ў Францыі такіх замкаў на кожным пагорку па пары. Ды і, наогул, да гэтага выпадку яна не любіла ніякіх спантанных паездак, нечаканых зрыванняў з месца. Раней усё было згодна з планам, абдумана і сотні разоў узважана. І вось на табе: паляцела, аж сама сабе спадабалася. А бабуля ж кожны раз палохала: «Не ўдумай сабе падабацца, прыгажосць сыдзе!» На ўсялякі выпадак зірнуўшы ў люстэрка і пераканаўшыся, што ўсё яе з ёй, яна зазбіралася ў інстытут. Першая пара ўжо незваротна праспаная, але ісці ўсё ж трэба. «Вось дзеўкі, сучкі, нават не штурханулі, сяброўкі яшчэ тыя!» Каля ложка на падлозе ляжала невялікая кніжка, з якой яна ўчора, зацалаваная да страты галавы, заснула - «Таямніцы Нясвіжскіх муроў».

«Ты глядзі, па-беларуску зачытала, ці не да замужжа гэта? Крыўляйся не крыўляйся, а ўсё роўна было добра. І нашыя замкі не роўня замежным, - яна падняла з падлогі кніжку і сунула яе ў сваю, як і ва ўсіх маладых асоб, бяздонную сумку, - гэта яны ў нас, а не мы ў іх замкі падрывалі, хоць Скарга распавядаў, што нашыя гарады і замкі, і сядзібы мы самі і паўзрывалі. Нешта не тэлефануе краязнаўца...» - падумала яна, замыкаючы дзверы кватэры.

А Скаргу ў гэты час распякала начальства. Уедлівы мент Стасік накатаў рапарт свайму начальству, а тое ў парадку ўзаемадзеяння і правядзення сумесных аператыўных мерапрыемстваў накіравала яго копію ў іх кантору. Усё б нічога, але ў рапарце ўказавалася, што затрыманая невядомая гра­мадзянка была перададзеная старшаму оперупаўнаважанаму па асабліва важных справах капітану дзяржбяспекі Скаргу для далейшай аператыўнай распрацоўкі.

Начальства спачатку кінулася высвятляць, адкуль у жаўтаротага лейтэнанта з’явілася такая высокая пасада, да якой яму яшчэ служыць, як меднаму кацялку, і чаму мянты падвысілі яго на дзве прыступкі ў званні? Накрычаліся і наздзекваліся з лейтэнанта, аднак выслухалі яго аргументаваныя адказы, строга папярэдзіўшы надалей пра падобныя эксцэсы дакладваць неадкладна, і, ужо выправоджваючы з кабінета, спынілі ля самых дзвярэй пытаннем...

- Лейтэнант, а дзе тая бэнээфаўка, хто яна і дзе ўсё, што належыць у такіх выпадках, паперы дзе? - з крывой усмешкай спытаў намеснік начальніка аддзялення маёр Хрункевіч.

- Як толькі ва ўсім разбяруся, адразу ж і данясенне вам прадстаўлю. Няма чаго пакуль дакладваць...

- А калі няма чаго дакладваць, тады і да работнікаў унутраных спраў няма чаго совацца. Мы гэта мы, а яны гэта яны. Запомні, лейтэнант, «гусь свінні не таварыш», так што пра гонар чэкіста ніколі не забывай.

- Ёсць, таварыш маёр! У далейшым ніякіх кантактаў са свіннямі! Дазвольце ісці, таварыш палкоўнік? - звярнуўся ён да начальніка.

- Ідзіце. Толькі на сяброўскія парады старэйшых таварышаў раю надалей рэагаваць спакайней, тым больш слушныя парады. Ідзіце, ідзіце, лейтэнант.

За гэтыя паўгадзіны ў кабінеце начальніка, здавалася, з яго сышло дзесяць патоў. Скарга адчуў, як агідны струменьчык сцёк уніз па хрыбетніку.

«Вось дурань, Хруню нагрубіяніў, ды яшчэ пры начальніку... Ён зараз сапраўды на чымсьці больш сур’ёзным мяне падловіць і адыграецца. Чорт! - ён зірнуў на гадзіннік, - я ж абяцаў раніцай патэлефанаваць Стэфцы!

Сустрэліся бліжэй да вечара ў нейкай незнаёмай кавяраньцы на галоўным праспекце горада. Застарэлы смурод грамадскага харчавання, змяшаны з пахамі смажанай цыбулі і прыгарэлага алею, плаваў прэлюдыяй да будучага позняга абеду. Людзей ва ўстанове было шмат, што казала пра яго папулярнасць і прыстойную ежу. Разглядаючы зашмальцаванае меню, якое не мянялася, мяркуючы па ім, яшчэ з часоў вызвалення Мінска ад нямецкага супастата, Скарга думаў свае лейтэнанцкія думы.