Потым быў лагер. Нават не лагер, а так, загародка для двуногай жывёлы, нават не жывёлы - быдла хоць кормяць і карысць нейкую ад яго маюць. А тут сагналі, дротам сяк-так абматалі перыметр - і забыліся. Колькі народу ад ранаў, хвароб і галадухі перамерла. іх ні Сталін, ні Гітлер не лічылі. А палічыў бы Гітлер, накарміў, слова добрае сказаў ды на фронт адправіў - ужо, глядзіш, і да Урала б падыходзіў.
- Што ж гэта, Дзіма, як дзяжурства, дык цябе на ўспаміны цягне? - з уздыхам перапыніў ён свае роздумы. - Вунь лепш дойч вучы. Больш імпэту па службе, курсант Стальмах, і новае начальства цябе заўважыць.
- Гэй, дзяжурны, што гэта ты ранішнімі прыгажосцямі Вустраў любуется, ці не пара ўжо кукарэкаць? - нягучны голас Гінько вярнуў яго ў рэальнасць. - О, ты толькі глянь на яго. імперскую мову зубрыш, малайцом! - Міхаіл убачыў размоўнік.
Невысокі, добра складзены малады чалавек са стрыжанай, як ва ўсіх тутэйшых насельнікаў, галавой быў не проста земляком і сябрам, ён быў дабрадзеем і выратавальнікам. Менавіта Міхаіл праз правадыра беларускіх нацыстаў Акунчыца выцягнуў Зміцера з лагера ваеннапалонных. Паручыў- ся за яго і ўладкаваў сюды ў навучальны лагер міністэрства Усходніх тэрыторый Розенберга. Паўгода назад дахадзяга лейтэнант, упершыню за доўгія месяцы па-сапраўднаму вымыўшыся ў лазні, надзеўшы новую бялізну і нязвыклую форму, па дарозе ў сталовую даў сабе слова, што заўсёды - што б ні здарылася - будзе побач з гэтым валявым і фанатычным у сваіх перакананнях чалавекам.
- Ды не, камандзір, ранавата яшчэ, хай народ крыху пакімарыць, - зірнуўшы на старэнькі дзяжурны гадзінік, адказаў Дзмітрый. - А тут сапраўды прыгожа, нашыя Браслаўскія азёры нагадвае, толькі неяк пуста...
- Не пуста, а дагледжана ўсё, дагледжана. Гэта табе не віцебскія бураломы, - пазяхнуўшы, адказаў сябар. - Ну што. заўтра апошні дзень зубрылаўкі - і ўсё: фрайлагер. Фрай, братка, гэта свабода, гэта цывільны касцюм, поўная салдацкая пайка і вольны выхад за тэрыторыю. Ты хоць уяўляеш, што там, за плотам? Там, Дзіма, Берлін - сталіца тысячагадовага рэйха, там наша з табой будучыня і дзяўчаты...
- Ага, за сужыццё з...
- Спакойна, спадар Зміцер, мы тут і беларусачак знойдзем. І давай, гэта, выкідваць ужо са сваёй макатыркі лагерныя думкі аб нашай расавай непаўнавартаснасці. Беларус - таксама арыец, малодшы брат германца і, успомніш мяне, хутка нашым хлопцам дазволяць служыць нават у войсках СС. Шэф шапнуў, што паперы па гэтым пытанні ўжо ходзяць па высокіх кабінетах. Добра, глядзі пад’ём не празявай, я ў сарцір, пакуль там усё джыгіты не паабсцыкалі.
Іх спецлагер, як і ўсё, звязанае з усходнімі тэрыторыямі рэйха, быў інтэрнацыянальным. Асновы адміністравання і прапаганды тут зубрылі не толькі беларусы, украінцы, рускія, але і грузіны, армяне, калмыкі, горцы, татары, якія асабліва ганарыліся сваім народным паэтам Мусой Джалілем, які ці трапіў у палон, ці сам перайшоў да немцаў па ідэйных меркаваннях; потым, праўда, яго вярнулі ў Маабіт, дзе і пакаралі смерцю. Неяк у лагернай газеце публікаваліся яго вершы на татарскай і пераклады на рускую. Яшчэ была ў вялікай пашане мастацкая самадзейнасць. Тут цэлыя баталіі разгортваліся, але абскакаць грузінаў ніхто так і не змог, тых нават у Берлін спецыяльна вазілі перад кіраўніцтвам рэйха спяваць. Яны потым хваліліся, што сам Гітлер іх пахваліў. Брахалі, вядома! Дзе палонныя грузіны - і дзе аж сам Гітлер.
Раніца яна і ёсць раніца - шумлівая, мітуслівая, спешкая. Адбрынчэў посудам сняданак. Заняткі ішлі неяк вяла. Група і выкладчыкі, ведаючы пра хуткае расстанне, больш гаварылі аб будучай працы, чым «Аб крытыцы савецкай дзяржаўнай сістэмы», як таго патрабавала вучэбная праграма.
- А што яе крытыкаваць, гэтую ср..лую сістэму, калі бальшавікі з жыдамі ўсё з маёй хаты выграблі, мяне ў войска, бацькоў і малодшых - у Сібір! - завёўся Васіль Трэба з-пад Нясвіжа. - Жыдоўскіх пернікаў наеліся ўдосыць! Я, спадар настаўнік, ні ў якія бурмістрыі служыць не пайду, мне вунь зброю дайце - і дадому адпраўце. Вось ужо я палютую, за ўсё, сукі, адкажуць!