- Высакародная нянавісць загартоўвае душы, сябры. І ў гэтым схаваны адзін са складнікаў нашай будучай перамогі, - сухім гучным голасам падбадзёрыў Васіля Інакенцій Карповіч, хударлявы, высушаны гадамі і горам палкоўнік царскай арміі, які чытаў у школе блок лекцый па антысаветызму і антыкамунізму. Бальшавікі за доўгія гады грамадзянскай вайны знітчылі ўвесь яго некалі шматлікі род, а дачушак-двайнятак на вачах у бацькі згвалтавалі і затапталі коньмі. - Толькі вось, шаноўны Васіль Францавіч, - з уздыхам дадаў выкладчык, - часам і нянавісці, і вінтоўкі бывае мала. Часам слова, сказанае табой, можа нанесці ворагу куды большыя страты, чым выпушчаная куля. Для таго, каб страляць і справядліва рваць зубамі бальшавіцкае паскуддзе, хапіла б і двух месяцаў перападрыхтоўкі. Усе вы ў мінулым служылі ў войску, хоць і ў савецкім. Страляць і падпарадкоўвацца камандзірам умееце, а многія і самі афіцэры, так што ваяваць зможаце. Аднак Фюрэр нямецкага народа і вашая добрая воля накіравалі вас сюды ў Вустраў. Пройдзе час, і назва гэтага ўтульнага мястэчка будзе для вас як пароль, як візітная картка, каб пазнаць свайго субрата і аднадумца, аднакашніка. Была ў старыя добрыя часы такая назва пабрацімства - аднакашнікі, людзі, якія елі з аднаго катла адну і тую ж кашу. Кашу, што не ведае ні саслоўяў, ні рэлігій, ні маёмаснага цэнзу. Вось і вы, параднёныя, у нейкай ступені, і лагерам, і чужынай, і не заўсёды салодкай кашай, гатовыя да вяртання дадому. Вы гатовыя не толькі да помсты, галоўнае - вы павінны думаць пра будучыню сваёй зямлі, а будучыня і ў Расіі, і ў Беларусі, і ва Украіны можа быць толькі пасля перамогі над бальшавікамі. Заўтра вы пяройдзеце ў фрайлагер, але мы з вамі не расстаёмся і перыядычна будзем сустракацца, вучоба працягнецца. Мне б вельмі хацелася, спадары, каб кожны з вас застаўся верны нашаму братэрству і сваёй адвагай даказаў вернасць новай Еўропе, у якой ваша родная Беларусь зойме годнае месца.
- Жыве Беларусь! - ускокваючы і выцягваючы наперад правую руку, дружна выкрыкнулі дваццаць маладых галасоў.
Падчас перапынку да курылкі падышоў яфрэйтар Думкель і выклікаў Дзмітрыя да начальніка лагера Аука.
- Спадар начальнік лагера, ваеннапалонны Стальмах па вашым загадзе прыбыў!
- Хайль Гітлер! - павітаў яго начальнік.
- Хайль Гітлер, гер камендант!
- Вы больш не ваеннапалонны, вы выпускнік спецыяльнай школы Германіі. Я вас віншую, спадар Стальмах, праверку вы прайшлі паспяхова, - зазіраючы ў паперы, вымавіў зусім не ваеннага выгляду чалавек у старасвецкім пенснэ на доўгім чорным шнурку. - Вы выбралі вельмі правільную і патрэбную спецыялізацыю - прапаганда і праца з моладдзю. Моладзь - гэта заўсёды будучыня. Вамі задаволеныя ўсе выкладчыкі, агульны бал вашага разумовага ўзроўню і здольнасцяў чатыры з паловай. Гэта вельмі добра. Зараз пройдзеце з Думкелем і аформіце апошнія фармальнасці. Паспяховай вам працы на будучыню вялікай Германіі!
- Дзякуй, гер камендант, я апраўдаю ваш давер! - бадзёра павярнуўшы- ся, Дзмітрый выйшаў з кабінета.
Зануда Думкель нікуды не спяшаўся. Дачакаўшыся, калі праз кабінет шэфа прайшлі яшчэ чалавек сем, ён усіх пашыхтаваў і павёў у самы далёкі корпус лагера, які быў абгароджаны асобным высокім плотам і ахоўваў- ся двума сумнымі эсэсаўцамі. Увайшоўшы ва ўнутраны дворык, хлопцы прыціхлі і насцярожыліся. Кожны з іх ужо пабываў у гэтым драўляным бараку з закратаванымі вокнамі і яркімі настольнымі лямпамі. Кожны памятаў, што і пра каго ён тут казаў, якія яму задавалі пытанні і што ён пісаў у апытальных лістах, якія далі ім ветлівыя ваенныя з чэпкімі і недаверлівымі вачыма.
Яфрэйтар пашыхтаваў хлопцаў перад уваходам у корпус, далажыў аб прыбыцці і незаўважна выслізнуў за вароты. Праз некалькі хвілін на ганак выйшаў высокі афіцэр, зацягнуты ў чорную форму аховы СС.
- Мікутовіч! - назваў ён прозвішча аднаго з курсантаў.
- Я! - робячы крок наперад, адазваўся высокі, нелюдзімы хлопец з Мсціслава.
- Ты накіроўваешся са мной, астатнія па адным і без шуму - у чацвёрты кабінет.
Выкліканы са строю, хлопец неяк увесь абмяк, і без таго вузкія плечы апусціліся, рукі выцягнуліся, на твары застыла тупаватая грымаса; цяпер ён быў падобны да агароднага пудзіла, вартага жалю і ўсімі кінутага. Ніхто з мсціслаўцам не развітаўся, быццам яго і не было. Будучыя вяшчальнікі нацыянал-сацыялістычных ідэй вышыхтаваліся і па адным, не гледзячы адзін на аднаго, не кажучы ні слова, прайшлі ў калідор.
У чацвёртым кабінеце іх сфатаграфавалі, узялі адбіткі пальцаў з абодвух рук, выверылі ўсе дадзеныя ў картцы персанальнага ўліку і далі распісацца ў стандартным друкарскім аркушы аб добраахвотным супрацоўніцтве з нямецкай адміністрацыяй і сумленным выкананні сваіх службовых абавязкаў. Потым з нейкім падабенствам урачыстасці тоўсты эсэсаўскі сяржант уручыў кожнаму кардонныя шэрыя пасведчанні, якія пацвярджалі іх пры- належнасць да грамадзянскай адміністрацыі акупаваных тэрыторый рэйха і пашпарт агульнанямецкага ўзору, у якім на першай старонцы готыкай было выціснена: «Без права грамадзянства».