За спінай немца на сцяне вісеў вялізны партрэт Гітлера, у расшпіленым скураным паліто і фуражцы; Дзмітрыю раптам здалося, што фюрэр упіўся ў яго сваім застылым, усёвідушчым поглядам і нібы пытаўся: «А ты, Стальмах, не здрадзіш мне і майму Рэйху, як некалі здрадзіў Сталіну і яго Саветам?»
- Я буду верны табе, мой Фюрэр! - выструніўшыся, даволі гучна прамовіў ён і пачырванеў, крадком азіраючыся, ці не пачулі іншыя міжвольнага рапарту. Здаецца, не. Затое сяржант здзіўлена падняў галаву і самазадаволена выскаліўся:
- Гэта не я, гэта ён Фюрэр! - паказаў на партрэт. - Далей раю не блытаць. Давай, хто там наступны?
Дзмітрый збянтэжаным выходзіў з кабінета.
- Нічога, Дзмітрый Іванавіч, - каля самых дзвярэй ухвальна паляпаў яго па плячы чалавек у шэрым гарнітуры, якога Дзмітрый нават не заўважыў, уваходзячы ў пакой, - некантраляваны выкід эмоцый толькі пацвярджае вашу шчырасць у вернасці Рэйху. Давайце мы з вамі трошкі пагаворым. Я капітан вермахта Маркус. Хадзем да мяне ў кабінет.
Кабінет быў невялікі, але ўтульны для казённых памяшканняў.
- Сядайце, Дзмітрый, можаце курыць, я за адно з вамі падыхаю такім жаданым і ўжо амаль забытым водарам.
- Дзякуй, спадар капітан, я наогул ніколі не курыў, - адказаў Стальмах. Тысячы думак скакалі ў яго галаве вар’яцкі танец невядомасці. Хто гэты капітан? Якая ў яго да мяне размова? Можа, нешта не так з праверкай? Але тады б Аук не пераводзіў бы на мяне сваю хвалу. Спакойна, Дзіма, сядай, не псіхуй і слухай пытанні, уважліва слухай, і не толькі вушамі, усёй сваёй скурай слухай...
- Спадзяюся, ад кавы нованабыты Нямеччынай чыноўнік не адмовіцца? Тым больш, што я яе гатаваў сам і літаральна хвілін дваццаць назад. Зараз мы разагрэем гэты цудоўны дар далёкай Бразіліі. - Пад прыгожым срэбным кававарнікам сіняватым агнём замігцела спіртоўка. - А вы, Дзмітрый, ведаеце, дзе знаходзіцца Бразілія?
- У Паўднёвай Амерыцы, спадар капітан!
- Досыць вам салдафоннічаць, вы такі ж, як і я, афіцэр. Вось бачыце, артылерыст, а геаграфію ведаеце. У нас многія пяхотныя афіцэры не ведалі нават, дзе знаходзіцца Польшча, пакуль туды не прыйшлі. А вы інтэлектуал, і стыль у вас нядрэнны, я вось усе вашыя ўлёткі і нататкі для беларускіх газет сабраў, - кіўнуў ён рукой на тэчку, якая ляжала на стале. - Напэўна, вершамі забаўляліся ў інстытуце, угадаў?
- Ды якія там вершы...
- Не скажыце, вершы, як казаў вялікі Гётэ, яны нібы горная плынь, і ўтрымаць іх у сабе немагчыма. Я вось, уявіце, да гэтага часу грашу. Думаю, у нас будзе час, мы і вершы пачытаем, і яшчэ што-небудзь цікавае. Як вы думаеце, хто я і навошта вас паклікаў? - рэзка змяніў тэму капітан.
- Вы, вы, - ускокваючы з крэсла, завыкаў Дзмітрый, - вы капітан Вермахта...
- Правільна, толькі не зусім звычайны капітан, я тут прадстаўляю ваенную выведку «Абвер». Чулі пра такую?
- Так!..
- Дзмітрый, сядайце і давайце гаварыць без усяго гэтага...- раздражнёна сказаў афіцэр, вымаляваўшы рукамі ў паветры нейкую загадкавую фігуру. - І так. дзе і ад каго вы чулі пра Абвер?
- У лагеры «Стары ксёндз», у Польшчы, месяцаў восем таму. Хлопцы паміж сабой гаварылі пра тое, што павінны хутка прыехаць вярбоўшчыкі з вашай арганізацыі. Адзін з іх, мой цёзка Дзмітрый Раманюк, нібыта нават у вашай школе вучыўся, але правініўся, і яго назад за калючку кіну... прабачце, адправілі.
- Пахвальна, што вы шчыры, і радуе, што наіўны. У нас, курсант Стальмах, з разведшколы людзі сыходзяць ці ў тыл да Саветаў, ці прама на Месяц. Могуць, праўда, са спецзаданием у канцлагер патрапіць, для ўнутранай распрацоўкі, - манатонна, як пра нешта спрадвечна пэўнае апавядаў капітан, варагуючы са сваім кававарнікам, - а вось і нашая кава гатова. Трымайце кубак, цукар кладзіце самі. Ну як напой?
- Ведаеце, я ж з усходніх раёнаў, з-пад Віцебска, - збянтэжана пры- маючы маленькі кубачак з танюсенькай, як шкарлупіна яйка, парцаляны, шчыра прызнаўся Зміцер. - Я асабліва ў такіх напоях не разбіраюся. Калі шчыра, я наогул каву першы раз у жыцці п’ю. Гарбату там, узвары, кісялі, какаву - усё гэта піў, а сапраўдную каву не даводзілася. Дзякуй.