Вось ён капае бульбу, дакладней - перакопвае ўжо двойчы перакапанае поле ў пошуках хоць бы яшчэ дзясятка бульбін, каб зварыць іх сёння на вячэру. Асноўны ўраджай выкапалі яшчэ раней, перабралі, высушылі і вёдраў дваццаць паспелі засыпаць у высланую саломай яму схаванага ад чужых вачэй сенніка. Гэты галоўны запас на зіму бераглі як зрэнку вока. Пра таемную яму ведалі толькі ён і маці. Частку несхаванай бульбы забралі немцы па дзяржнарыхтоўцы, а паўтара мяшкі панеслі людзі з лесу па «партызанскай прадразвёрстцы», як весела хіхікнуў-патлумачыў іх старшы. Маці зноў была цяжарнай, за вайну ўжо чацвёрты раз. Адно дзіцятка нарадзілася нежывым, а два хлопчыкі ўжо плёхалі босымі ножкамі па земляной падлозе хаты. Маці пасля чарговага візіту ці паліцаяў, ці партызан нават спрабавала на сябе рукі накласці, ды Бог адвёў.
У той дзень у вёску прыехалі на двух машынах агітатары зазываць маладняк у «Саюз беларускай моладзі», тым, хто падпісаў прашэнне, адразу выдавалі прыгожую шэрую форму, з нашыўкамі, кепку з доўгім, як у нямецкіх салдат, брылём, а галоўнае - падкаваныя новенькія чаравікі. Машыны ўжо з’язджалі, калі Дзмітрый выйшаў на дарогу і падняў руку. Паперу падпісаў проста на пыльным капоце, абмундзіраванне скруціў у цяжкі вузел і падаўся дадому. Наўздагон яму крыкнулі, каб падагнаў форму і ў наступную нядзелю прыбыў у райцэнтр для прыняцця ўрачыстай прысягі.
У райцэнтры моладзевай дружынай кіраваў яго далёкі сваяк, які адправіў Дзмітрыя ў старадаўні маёнтак Альбярцін на курсы.
Дзіўная гэта была вучоба. Вакол ішла вайна, людзі забівалі адзін аднаго ні за што, проста стралялі - хто па п’янцы, хто з перапуду, а хто па ахвоце. Стралялі, а потым ужо думалі, навошта яны гэта зрабілі. За смерць ні з каго не пыталі. А ў былым панскім маёнтку панаваў нейкі іншы свет. Іх добра кармілі, прымушалі займацца фізкультурай, муштравалі на пляцы, развучвалі песні і доўгімі гадзінамі распавядалі, як будзе добра жыць у вольнай Беларусі, калі Гітлер са сваімі саюзнікамі разаб’е ненавісныя Саветы. Часта навучальныя дні заканчваліся вогнішчамі над старадаўняй сажалкай, печанай бульбай і гарачымі спрэчкамі пра любоў да свайго народа, яго гісторыі, культуры і песняў. У лагер вярталіся строем са звонкай песняй вольных і незалежных сокалаў.
Да канца вучобы ён, як і яго таварышы, свята верыў у веліч Беларусі, ашуканай і зняважанай спачатку расейцамі, затым палякамі і зноў расейцамі. З гэтага часу ён, добра ведаўшы польскую мову, выплюнуў яе, нібы гнілы арэх, і стаў размаўляць толькі на беларускай ці нямецкай мовах. Следам за любоўю да свайго, роднага, непрыкметна ў дуты пасяліўся спачатку недавер, а затым і непрыязнасць да ўсяго чужога. І ўспомніў, што маці першым згвалціў яшчэ ў самым пачатку вайны нейкі хахол, паліцай з суседняй вёскі. А начамі да іх у дом грукалі і завальваліся зарослыя і нямытыя мужыкі, якія гаварылі між сабой па-беларуску ці па-польску...
Дзмітрый з цяжкасцю вырваўся са сваіх успамінаў, зірнуў на гадзіннік. Прайшло ўсяго хвілін сем, як іх паставілі да сцяны.
- Нас жа не расстраляюць? - як здалося Дзмітрыю, спалохана спытаў Бронік Піменчук.
- Вам, фашысцкія выкармышы, пашанцавала! - прагрымеў за спінай той жа голас, што пагражаў з воза пакрышыць іх на кавалкі, - чатыры дні назад у Савецкім Саюзе адменена смяротнае пакаранне. Адно застаецца: застрэліць вас пры спробе ўцёкаў. Так што шанец адправіцца на спатканне да свайго Гітлера ў вас ёсць.
- Пры чым тут Гітлер? - злосна буркнуў Пожыч, - яго ўжо даўно закапалі. За што вы нас арыштоўваеце, а галоўнае - на якой падставе?
- Таварыш маёр, дазвольце я яму прыкладам растлумачу падставы? - спытаў чэкіст, прыстаўлены іх ахоўваць.
- Не, Міханевіч, мы людзі гуманныя і біць нікога не збіраемся. Ты павярні да мяне тварам гэтага разумніка.
Чужая рука не паспела нават дакрануцца да яго пляча, як Зміцер рэзка павярнуўся тварам да святла.
- Прымі ад мяне свае граблі, - працадзіў скрозь зубы хлопец. - Я гэта спытаў. Вайна ўжо чатыры гады як скончылася, а вы ўсё па начах да людзей урываецеся, як немцы. Дзе ордэр на ператрус? За што білі перад тым, як паставіць да сцяны?
- Колькі пытанняў? Як тваё фаміліё, законнік хрэнаў? - пагойдваючыся на абцасах, свідраваў Дзмітрыя калючым позіркам сярэдняга росту чалавек, у тонкіх залацістых акулярах-веласіпедзіках, з гладка зачасанымі на патыліцу пасівелымі ўжо валасамі.
- Гэта, мяркуючы па дакументах, нехта Дзмітрый Пожыч, - паслужліва паведаміў ахоўнік, - па дакументах - ваяваў...