Выбрать главу

- Напэўна, у батальёне СД ці ў іх грэбанай краёвай самаахове.

- Ды не, таварыш маёр, па дакументах. пасля вызвалення Беларусі быў прызваны і ваяваў у Чырвонай Арміі, паранены і нават узнагароджаны медалямі «За баявыя заслугі» і «За перамогу над фашысцкай Германіяй».

- Гэта яшчэ горш: франтавік, а з нацыяналістамі і антысаветчыкамі звязаўся! Мала таго, што гад, дык яшчэ і здраднік. Так, Пожыч?

- Я не разумею, пра што вы кажаце, маёр. Я ваяваў, а ты што ў гэты час ра...?

Удар прыкладам аўтамата не даў яму скончыць.

- Адставіць, Міханевіч! Старшына, пакараю! Гэта яны ў нас з-за кута страляюць і гранаты кідаюць у вокны кватэр, дзе нашы жонкі і дзеці спяць. Давайце закругляцца тут - і ўсіх у аддзел. А з табой, франтавік, у нас яшчэ шмат часу наперадзе для размоў. Хачу, каб ты, варажына, ведаў: я на фронце са студзеня сорак трэцяга. Вядзіце іх.

Падышла машына з фургонам без вокнаў. Іх заштурхалі ўнутр, скрыпнулі завесы клеткі, двое з аўтаматамі селі каля кратаў, папярэдзіўшы: кожны рэзкі рух, спроба ўстаць, перасесці на іншае месца будзе расцэньвацца як напад на канвой. Ехалі моўчкі, ды і казаць не было пра што. На выпадак правалу ў іх была агульная дамоўленасць: ні ў чым не прызнавацца, адмаўляцца ад блізкага знаёмства, маўляў, ніякіх шчырых гутарак не вялі, вучыліся, пілі гарэлку, хадзілі па дзеўках і збіраліся вучыць дзяцей.

На допыт Дзмітрыя выклікалі толькі праз тры дні. Ён ужо галаву зламаў ад усялякіх шкодных думак. Паперадумаў і паўспамінаў усё, што толькі можна было. Як ні круціў, атрымлівалася, што ім нехта здрадзіў. Выснова, вядома, добрая і правільная, заставалася толькі высветліць - хто?

Следчы, ужо немалады, цельпукаваты, у карычневай кашулі з зацёртым гальштукам, з маленькімі, амаль дзіцячымі пухленькімі ручкамі. Вочы блізка пасаджаныя, невялікія і зусім бясколерныя. Мешкаваты чалавек валодаў на рэдкасць прыемным, злёгку ліслівым голасам.

- Ну што ж вы, франтавік, які кроў праліваў за савецкую ўладу, уляпаліся ў такую непрыемную гісторыю. З паказанняў вашых змоўшчыкаў і нашых аператыўных звестак мне зусім незразумелая вашая роля ў антысавецкай моладзевай арганізацыі «Саюз вызвалення Беларусі». Я нават напачатку думаў, што выйшла прыкрая памылка ці выпадковы нагавор, прызнаюся, нават падумваў вас вызваліць з-пад варты. Але я памыляўся. Адкрыліся шматлікія эпізоды з вашай ваеннай маладосці, факты супрацоўніцтва з акупантамі, сяброўства ў антысавецкім «Саюзе беларускай моладзі» ды многае іншае, - следчы прайшоўся па кабінеце, спыніўся перад закратаваным акном, тэатральна ўздыхнуў. - Я вам прапаную два варыянты паводзінаў. Першы: вы бераце чыстыя аркушы паперы і пішаце мне чыстасардэчнае прызнанне. Другое: вы сядаеце вось да гэтага падваконніка і ўважліва чытаеце надрукаваны мною для палягчэння вашай долі тэкст. Калі заўважыце недакладнасці ці відавочныя ляпы, не саромеючыся выпраўляеце, падпісваеце і да суда тупаеце ў сваю камеру.

- А трэцяга варыянту не будзе? - зірнуўшы спадылба, спытаў Пожыч.

- Чаму ж... - ажывіўся следчы, вяртаючыся да стала. - Могуць быць і трэці, і чацвёрты, і нават пяты варыянты нашай сумеснай працы. Пяты, праўда, не пажаданы, пасля пятага мала хто дажывае да суда, але і ён усё ж магчымы.

- Давайце ваты пісанні...

- Правільны падыход, грамадзянін Пожыч. Вас зараз адвядуць у пакой для допытаў, там вы ўсё прачытаеце, падумаеце і вернецеся да мяне. Добра?

- Добрага ў гэтым мала. Я афіцыйна заяўляю: ні ў чым не вінаваты, ні ў якіх нелегальных арганізацыях не знаходзіўся. У Саюзе моладзі быў, дык гэта я свайму асабісту яшчэ перад адпраўкай на фронт распавёў. Па­цаном жа зусім пайшоў, з галадухі, ад таго, што апрануць не было чаго, а зіма на носе і ў хаце малых поўна...

- Следства падобныя факты менш за ўсё цікавяць. Нам больш цікава, як вы збіраліся будаваць новую Беларусь, як захопліваць уладу планавалі. Многае зразумела з вашых статутных дакументаў, якія, між іншым, выявілі ў вашым чамадане.

- У мяне ў інтэрнаце не было чамадана, аддаю перавагу пажыткі насісць у салдацкім рэчмяшку...

- Дык, значыць, у чамадане вашага сябра, - ужо з раздражненнем павысіў голас следчы.

- Зноў вы памыляецеся, у мяне няма сяброў, не такі я багаты, каб іх мець.

- Пожыч, ты ў мяне з такімі размовамі і да пятага варыянту даскочашся.

Следчы прамаўляў свае маналогі неяк вяла, без асаблівага жадання, як бы даючы зразумець, што лёс затрыманых ужо даўно вырашаны і яму ўсё абсалютна да ліхтара, будзе Дзмітрый адказваць на пытанні ці не.

- Добра, разумнік, давай да падваконніка і чытай, зраблю ласку: не павядуць цябе ў затхлыя падвалы, - працягнуў яму стос машынапісных аркушаў.