Чым больш Пожыч учытваўся ў следчую пісаніну, тым мацней калацілася сэрца. Усё ў паперы было праўдай: і тройкі, і паролі для сувязі, і явачныя кватэры, і планаваныя базы на хутарах, і нават напрамкі будучай прапагандысцкай працы ў сельскіх школах, толькі вось пра збор зброі і падрыхтоўку тэрактаў - нейкая бязглуздзіца. Пра гэта, наколькі ён ведаў, размоў наогул не вялося. «Але адкуль усё ім вядома? Быць не можа, каб за тры дні ўсе так распусцілі языкі. Хаця... Хаця ўсё можа быць, у камеры, як і ў адзіночным акопе, кожны сам за сябе. Не, штосьці тут не так. Не так з самага пачатку: і следчы млявы, і эмгэбэшнік гуманны? Дзесьці тут крыецца падвох, дзе? Ох і дарэмна ты ў гэтую байду ўлез, цяпер разграбай не разграбай, а сухім не выкараскаешся.
Ён успомніў першы сход, на які яго прывёў Мікола Самасей, праз хвілін дваццаць ён ужо быў свой сярод сваіх, здавалася, зноў трапіў у Альбярцін, не хапала толькі вогнішча, печанай бульбы і хвацкай песні маладых нацыяналістаў. Потым, абдумваючы гэты крок, ён прыходзіў да адной і той жа высновы: спрацавала нейкая схаваная глыбока ўнутры спружына, эмоцыі перасталі падпарадкоўвацца розуму, далёкая нязбытная мара здабыла канкрэтныя абрысы рэальнасці. Прынятая калісьці дзіцячым сэрцам залатая казка пра вольную і сытую дзяржаву ўваскрэсла ў ім патрэбай да дзеянняў. І колькі ён не спрабаваў сябе адгаварыць ад гэтага, выходзіла ўсё наадварот: словы і думкі зацягвалі ўсё мацней у беспрасветны вір пагібелі. Ды яму і хацелася загінуць, загінуць за будучыню сваёй краіны, загінуць за сваю мару.
І вось яна, яго пагібель, недарэчная і тоўстая, стаіць каля акна, сапе, соўгаецца па кабінеце і чакае яго адказу. Аднак ён не чакаў такога канца. Вось так будзённа загінуць, нават не зрабіўшы нічога выбітнага і гераічнага...
- Ну што, я бачу, вы ўразіліся? - перапыніў яго роздум бясколерны голас эмгэбэшніка, - падпісвай - і справе канец.
- Таварыш следчы...
- Ужо грамадзянін следчы, у лагеры за такую агаворку будуць выбіваць зубы. Давай падпісвай, сам жа бачыш: мне ўсё вядома. Гадзіну таму на гэтым самым месцы сядзеў ваш верхавод Казлак і ў раскаянні расціраў кулакамі слёзы па твары.
- Грамадзянін следчы, усё мяне неяк агаломшыла. У галаве поўны вэрхал, тут падумаць трэба. Калі падпішу - прызнаю сябе вінаватым, а я ж і на самой справе нічога пра гэта не ведаў. Казлак, ён жа настаўнік, які верхавод?
- Ну добра, кожны сам каваль свайго шчасця! Не хочаш дабром, выб’ем дуб’ём, - націснуў на кнопку ўмантаванага ў стол званка. - У допытную, - няспешна паварочваючыся да акна, кінуў ён салдату.
23
Агледзінамі засталіся задаволеныя ўсе. Скарга вёў машыну па пустой начной трасе і радаваўся як дзіця, што ўсё гэта так нечакана і складна атрымалася. У тым, што мама ўслед за бабуляй ухваліць яго выбар, ён, у прынцыпе, не сумняваўся. Але ж ад цёткі Гэлі і пераборлівага дзядзькі падобнай аднадушнасці не чакаў. Усё склалася. Напэўна, гэта і называецца шчасцем, калі твае справы, пачуцці і ўчынкі сугучныя блізкім табе людзям. Стэфка, па-дзіцячы скруціўшыся абаранкам, спала на заднім сядзенні. Ёй то добра, яна ўжо абвыклася, - з трывогай падумалася яму, - а мяне ўсё гэта яшчэ чакае. А калі я не прыглянуся яе радні, ці мая радня яе сваякам прыйдзецца недаспадобы. Бо і з яе ж боку, хутчэй за ўсё, наравістыя дзядзькі і цёткі маюцца. Не каханне, а кастынг нейкі. Ажаніцца - і праўда: як на вайну ісці, усе жылкі трасуцца, таго і глядзі, на роўным месцы баязліўца ўключыш. Бацькі яе працуюць за мяжой і пакуль ехаць у Гродна не збіраюцца, ну, па такой справе, хутчэй за ўсё, выберуцца. Так што не тлумі галаву, усё будзе добра. Глядзі на дарогу і не празявай паварот на Нясвіж, хоць які там Нясвіж - не хапала ў дзве гадзіны начы ў бабусіным доме пярэпалах зрабіць. Паеду я на хутар да новага сваяка, будзем спадзявацца, не адмовіць у прытулку. Раніцай пазваню Равічу - і ўсё вырашым.
Ранкам замкавы дырэктар патэлефанаваў сам і папрасіў не спяшацца і не мітусіцца, бо ён мусіць быць у міністэрстве ў тэрміновым парадку. Нарада. А пры нарадах заўсёды патрэбна спешка, як пры лоўлі ўсім вядомых насякомых. Вернецца са сталіцы на працоўнае месца толькі пад вечар. І наогул, - развіваў думку вучоны, - кіраўнік, які не ўмее і не хоча працаваць, хавае гэта пад маскай частых і працяглых нарад, ад якіх няма карысці, а толькі скаланаецца паветра. Святы абавязак чыноўніка - заўсёды і ўсюды скаланаць паветра, ператвараючы жывую прастору ў пустэчу. - Прыслухаўшыся да паўсоннага маўчання сябра і, па ўсёй бачнасці, застаўшыся задаволеным сваім маналогам, Равіч паклаў слухаўку.