«Ну, гэта ўжо нейкі вясковы дэспатызм, - ледзь не з болем падумаў Скарга і пашкадаваў аб учорашнім глупстве праігнараваць бабуліну гасціннасць і прыехаць да гэтага ўзурпатара. Такую раніцу! Такія планы пачалі выкрышталізоўвацца ў галаве - і вось на табе!» - начапіўшы на твар усмешку, ён павітаўся.
- Вячак, ты прабач, - бянтэжачыся і паціскаючы руку, прагудзеў сваяк, - можа, у цябе ёсць нейкія свае планы, але вельмі моцна патрэбна твая дапамога, адзін з хлопцам не здужаю. Дапамажы салому ў павець прыбраць. Гэта ад сілы гадзіны дзве без перакураў, а?
- Можна падумаць, у мяне ёсць выбар? Добраахвотна не пайду - радню падключыце, і ўсё роўна араць прымусіце. Адно толькі суцяшае: ад маёй працы карысці будзе мала, я паняцця не маю, што такое павець і як туды засоўваць салому.
- Гэта мы цябе навучым ураз. Вядома, кожнаму гарадскому з вышэйшай адукацыяй простая работа будзе давацца нашмат цяжэй. Галава надта разумная, яна заўсёды рукам перашкаджацьме. Але ты хлопак шустры, абвыкнешся хутка.
З працай управіліся толькі пад абед. Цяганне цяжкіх цюкоў спрасаванай саломы не толькі не стаміла Скаргу, а, хутчэй, наадварот - узбадзёрыла. Мышцы, што засумавалі па фізічных нагрузках, хутка прынялі рэльефныя формы і прыемна занылі. Здавалася, ён можа без стомы шпурляць гэтыя рудыя, важкія цюкі, абы ніколі не згасалі захопленыя вочы каханай дзяўчыны, якая на пару з Палінай віламі піхала салому ў дапатопны механічны прэс, што грукатаў рухавіком і смярдзеў саляркай.
Пасля абеду, калі ўся жывая істота, разамлеўшы ад багатай ежы і паўдзённай спёкі, няўхільна імкнулася ў ціхі прахалодны куток, каб там абрынуцца на жаданае ложа і растварыцца ў душным марыве, насланым паўдзённым нячысцікам, а можа, і анёлам Божым, пераеўшым амброзіі. Але, на жаль, сон не заладзіўся.
Вячаслаў толькі і паспеў узяць Стэфанію за руку, як усюдыісны швагер папераджальна выставіў наперад руку.
- А цяпер вам ад мяне сюрпрыз! Не бойся, ужо намыліўся зашыцца ў спальніцу ды пускаць сонныя бурбалкі? Не, тое нікуды не варта! Пайшлі са мной.
За брамай хутара стаяла самая сапраўдная брычка, запрэжаная пры- гожым танканогім конікам. Кіраваў ім сухенькі мужчына, старамодна і ахайна апрануты, у шырокім фетравым капелюшы, з-пад якога да плячэй звісалі расчасаныя сівыя валасы, твар з арліным носам дапаўнялі сівыя доўгія вусы. Не хапала толькі цёмнага банта і пенснэ на тонкім ланцужку...
- Вось, знаёмцеся, наш мясцовы краязнаўца, загадчык школьнага музея і завуч гэтай жа школы Браніслаў Іванавіч Бардзілоўскі, - прадставіў старамоднага фурмана Казімір. - Між іншым, - з непадробным гонарам у голасе дадаў ён, - доктар гістарычных навук, прафесар, вучыўся Сарбоне, выкладаў у Берліне і Маскве, а потым кінуў усё і вярнуўся дадому. Купіў тут недалёка хутар, кветкі разводзіць. Я з цяжкасцю ўгаварыў Браніслава Іванавіча паказаць вам нашыя краявіды і расказаць, што тут і дзе. Пару разоў спрабаваў і сам экскурсаводзіць, але ў мяне неяк усё не атрымліваецца, відаць, язык не тымі ніткамі прышыты. Вы пакуль пакатайцеся, а я пайду са сваімі дажну лета.
- Што ты дажнеш? - перапытаў яго Скарга, дапамагаючы Стэфы забрацца ў рыпучы і хісткі старадаўні экіпаж на рысорах.
- Гэта ў нас так даўней казалі: «Бабы лета дажалі», - замест Казіміра адказаў іх экскурсавод, - гэта значыць: зжалі апошні сноп і ўвесь хлеб звезлі з поля. Сноп гэты лічыўся ў нашых продкаў святым і актыўна ўдзельнічаў у народнай магіі, яму адводзілася ганаровае месца ў чырвоным куце, і яго бераглі да новай пасяўной. Пасеялі хлеб - лета нарадзілі, зжалі хлеб - з ім і лета дажалі. Дык вось, - кранаючыся, шматзначна пачаў Браніслаў Іванавіч, - месцы нашыя былінныя і вельмі старажытныя. Тут кожны пагорак, кожнае азярцо, кожны куток захоўваюць свае таямніцы, у кожнага свае легенды і паданні. Яшчэ гадоў пяцьдзясят таму ўсё навокал выглядала па-іншаму. Хутароў было больш, пералескаў і балацявінак... Але, на жаль...
- Ды пра трагедыю з сялібамі і старымі дрэвамі ўздоўж дарог нам Казімір Казіміравіч распавядаў, - перапыніў настаўніка Скарга, - прабачце, гавораць, тут дзесьці недалёка знаходзіцца Філарэтаў камень?
- Мы да яго абавязкова пад’едзем. Правільна ён называецца «Камень філарэтаў». Вы толькі, маладыя людзі, будзьце цярплівымі. Дык вось, усё гэта і ёсць летапісная Літва, - ён дэманстратыўна абвёў вакол сябе рукамі, - менавіта адсюль пайшла і назва, і мова, і чыноўнікі, і ратнікі вялікага княства. Але я вам раскажу пра іншую гісторыю гэтай зямлі, раскажу пра людзей, якія жылі ў гэтых месцах у васямнаццатым і дзевятнаццатым стагоддзях... <...>
- Браніслаў Іванавіч, мяне вельмі цікавяць не так сівыя стагоддзі нашай зямлі, - здалёк пачаў Скарга, - колькі падзеі апошняй вайны і, галоўнае, праўда пра іх. Бо ў гэтых месцах з фашыстамі, пазней і з Саветамі ваявалі байцы Арміі Краёвай?