Выбрать главу

Прайшлі трохі моўчкі. Кожны маўчаў пра сваё, і, хутчэй за ўсё, гэтым маўчанням не наканавана было скрыжавацца. Як не наканавана было кожнаму з іх ведаць сваю будучыню. Яўген Леанідавіч раптам сканае ад шырокага інфаркту за сваім рабочым сталом, не дажыўшы трох дзён да ганебнай смерці самага страшнага цемрашала стагоддзя - Іосіфа Сталіна... Алена восенню пяцьдзясят шостага, ужо цяжарная, вяртаючыся з этнаграфічнай экспедыцыі, неспадзявана зваліцца з высокага і самага доўгага ў рэспубліцы пешаходнага маста на станцыі Орша, пад якім па рэйках будзе праходзіць таварняк. Сведкаў гэтага няшчаснага выпадку не знойдуць. З Ягорам яны так і не паспеюць распісацца, хоць заяву ў ЗАГС пададуць...

25

Моладзь з нечаканай экскурсіі вярнулася прыціхлай і агаломшанай, нібы не рыпучая, дапатопная калымага вазіла іх, а нейкая нябачная машына перамясціла збянтэжаныя душы амаль на два стагоддзі назад - у закінуты свет іх любімай радзімы. Радзімы, якой тады яшчэ не было ні на картах, ні нават у галовах жыхароў, але якая, нібы вясновая рака, налівалася нябачнай сілай, спела і гатовая была ўзламаць тоўсты лёд забыцця, узламаць і вынесці здзіўленаму свету веліч свайго мінулага, накіраванага ў будучыню.

Стоячы там, каля Каменя філатэраў, і Вячаслаў, і Стэфанія думалі пра сваё, кожны сам-насам спрабаваў пераадолець супраціў тугой заслоны часу, прарвацца ў той далёкі свет, спасцігнуць намеры і памкненні такіх жа маладых, як і яны самі, людзей, якія стаялі даўным-даўно ля гэтага каменя і якія прымалі рашэнні, што змянілі сёння іх жыццё.

Адкуль ён узяўся тут, гэты камень, дакладней, адна палова вялізнага валуна - скалы, як ён тут апынуўся і колькі доўгіх тысячагоддзяў праляжаў? Якія таямнічыя знакі ажываюць на яго амаль ідэальна-роўнай паверхні, павернутай убок рова?

Падзякаваўшы ветліваму і вельмі незвычайнаму для вясковай школы завучу, Вячаслаў і Стэфанія, узяўшыся за рукі, павольна пакрочылі да хутара. Маўчанне іх аб’ядноўвала, радніла і не хацела вяртаць у свет рэальнасці, звычайных умоўнасцяў і патрэбаў. Першымі іх пачулі сабакі і паднялі вясёлы брэх, паведамляючы хутаранцам аб прыбыцці сваіх. Ва­роты адчыніў сын Казіміра Казімір і, цыкнуўшы на сабак, па-змоўніцку прыціснуўшы ўказальны палец да вуснаў, жэстамі запрасіў ісці за сабой да верхняга дома.

У двары стаяла незнаёмая машына з расійскімі нумарамі.

- Казя, што - у вас госці? - шэптам спытала Стэфанія.

- Ну, маміна сястра з яе мужам прыехалі аж з Масквы. Вы толькі ціха ідзіце, я вас з другога боку правяду, паслухаеце, пасмеяцеся, як бацька з масквічом праўду шукаюць, і кожны сваю.

Вячаслаў неўразумела зірнуў на Стэфу, тая ў адказ няпэўна пахітала галавой, і яны пакорліва падаліся за Казімірам-малодшым.

- Ды кінь ты фанабэрыцца немаведама чаго. Вы вунь прыехалі, хвасты тут у нас параспускалі, у казіно аблягчыліся, дурніц нашых палавілі - і назад у матухну-Расію, - грымеў на тэрасе голас Казіміра-старэйшага.

- Толькі ў чым яно, тваё фанабэрства? Гляджу, ты ўжо і дзяржаўнікам становішся, ці даўно ў цябе такія думкі завяліся? Ты ж, як пагоны зняў - у дэмакраты падаўся, наколькі мне помніцца. Толькі ведаеш, нам тут не залівай, што яно ў вас лепш, чым у нас! А чым лепш? Можа, народ багацей жыве, можа, парадку больш? Можа, голас чыноўніка гучыць гучней і ў ім сілы і праўды больш? Ну хоць забі ты мяне, не разумею я, Мікалай, тваёй бравады! Вось слухаў я цябе, слухаў - і ні храна ў толк не вазьму: што, гэты газ, нафта гэтая, вугаль і руда, яны што - у вас народнымі ўжо сталі і вы імі на карысць свайго народанасельніцтва валодаеце?

- Стой, Казімір, стой! Дзе тая нафта, і дзе я! Ды і па казіно я, як ты кажаш, не соўгаюся, здаліся яны мне. А лайна вы яшчэ з тых казіно, асабліва з гульнявых аўтаматаў, адграбяце! Папомніш мае словы. Ты ведаеш, я даўно заўважыў тут у вас, у беларусаў, адну дзіўную рысу: ледзь што супраць поўсці, адразу спускаць на суразмоўцу ўсіх сабак. Супакойся, сённяшнія справы ў Расіі мне гонару вялікароса не дадаюць. Аднак у апошні час справы пайшлі да лепшага. Правадыр наш мужнее. Аўтарытэт у яго зашкальвае, ужо і на вашынгтонскі абкам азірацца перастаў, можа, аднак, для выгляду, але ўсё ж. Сяброўства з вамі канкрэтнымі справамі ўмацоўвае, і я вось прыехаў з дабраслаўлення свайго алігархічнага начальства: носам павадзіць, прыкінуць, што і дзе ў вас можна прыдбаць для сумеснай, так бы мовіць, карысці. Можа, ты, гэта, па-сваяцку дапаможаш у гэтай справе?