- Куды, на якія пратэсты і, галоўнае, хто нас кліча? У імя чаго? - раздражнёна выкрыкваў ён свае пытанні, час ад часу папраўляючы доўгія сівыя валасы. - Што можа даць нам і нашаму народу гэтае гарлапанства і пустабрэхства? Няўжо вы і напраўду верыце, што нехта і сапраўды іх, нашых бунтаўшчыкоў, сур’ёзна ўспрымае?
- А чаму б і не?! - запярэчыла яму паважных гадоў дама, некалі вядомая актрыса. - І сярод былых таксама светлыя галовы ёсць, а потым. некаторыя вельмі самавітыя вершы пішуць.
- Паслухайце, Кацярына, прычым тут вершы, падбухторванне моладзі і палітыка? - умяшалася ў размову цётка, падштурхнуўшы Стэфанію да невялікай канапы, схаванай ад гасцей высокай нешырокай паліцай, застаўленай посудам і рознымі фігуркамі. Прыклаўшы палец да вуснаў, яна ледзь чутна прашаптала: - Сядзі ціха, табе гэта будзе цікава, - зняўшы з пліты вялікую, старую, каваную медную турку, цётка падалася наперад павольна напаўняць маленькія кубкі пахкім напоем. - Ну, вось і я пішу вершы і друкуюся не менш за некаторых, але зваць людзей да сякеры, пры тым на роўным месцы, мне такога і ў галаву, па праўдзе, ніколі не прыходзіла. Ды і чаго натоўпам можна дамагчыся? Ды і які з яго кіраўнік - ён жа п’яніца.
- «Чалавек, які ідзе ўночы, надумвае кепскае», так, здаецца, гучыць адна з сур Карана, - прымаючы кубак, вымавіў поўны палыселы мужчына, знаўца роднай гісторыі і даўні змагар з рэжымам. - Але ў нашых умовах і днём, і ноччу мітынгамі і шэсцямі, да прыкладу, паходневымі, можна вырашыць многае, галоўнае, як усё арганізаваць. Да мяне па дапамогу ніхто з гэтых выскачак не звяртаўся, а ўжо самому набівацца неяк не з рукі, ды і, ведаеце, узрост ужо...
- Чакайце, калегі! - абурана ўскочыў са свайго месца доўгавалосы. - Што гэта вы ўсе супраць мяне настроіліся? Калі вам усё так да дупы, ну дык і ідзіце, падстаўляйце свае бесталкоўкі і ду... - мастак на хвіліну запнуўся, праглынаючы не зусім прыстойнае слова, - свае мяккія месцы...
- Што ты заміндальнічаў, майстар, які не дапісаў мой партрэт? - з усмешкай спыніла яго актрыса, - вырашыў ужо сказаць «дупы», ну дык і кажы. Сарамлівы ты наш! Супакойся, ніхто на цябе не нападае. Шчыра сказаць, і я падзяляю твае абурэнні. Надакучылі ўсе гэтыя хаджэнні са сцягамі... Глядзіш на некаторых правадыроў - і дзіву даешся: як былі пустабрэхамі дваццаць гадоў таму, такімі і сёння засталіся. Можа, пара прызнацца, што гэта мы самі сабе прыдумалі казку пра нейкую Сінявокую. Казка спадабалася, мы яе палюбілі і ўслед за рамантыкам Ластоўскім пасяліліся ў гэтай віртуальнай краіне былінных крывічоў-ліцвіноў-беларусаў. А пазней са змрочных туманаў нашых не зусім цвярозых мазгоў волатам мінулага выплыла летапісная Літва. ВКЛ! Цуд сярэднявечнай цывілізацыі! Якая ўвайшла ў гісторыю хіба тым, што з’яўлялася першапачаткова пастаяннай часткай Рэчы Паспалітай. Вялікае Княства! Дык тады амаль усе княствы, у тым ліку і схізматыкаў, зваліся вялікімі: і Цвярское, і Уладзімірскае, і Маскоўскае, і Цьмутараканскае, і князі ў іх княжылі ўсе суцэльна вялікія! Але нікім, хіба што толькі самімі, гэтыя вялікасці не прызнаваліся. Такая горкая праўда. Еўропа іх не ведала, а тэрыторыі гэтыя лічыла пустымі і беспрасветнымі. Каралеўскую карону Папа Рымскі толькі верным каталікам дарыў...
- Ты гэта да чаго хіліш, Кацярына? - перапыніў акторку, якая ўваходзіла ў ролю, гісторык. - Фактычна, Міндоўга каранавалі каралём...
- Каранавалі, ды не дакаранавалі. Карону ж запаветную на князеву бесталкоўку так і не ўсклалі, абраду сакральнага не правялі. Якая ж гэтая каранацыя?
- Вы толькі на яе паглядзіце: пры гэткай красе і такое веданне гісторыі! - з’едліва засмяяўся гісторык, - і даўно вы, шаноўная Кацярына Сігізмундаўна, тым пытаннем прасякнуліся?
- Угаманіся, усёведны! Не менш вашага штудзірую гэтую навуку. Балазе, у бацькі яшчэ дзедавы і прадзедавы кніжкі засталіся, бо, у адрозненне ад халопаў, у нас у сям’і не было прынята паліць печы кнігамі.
- Ну вось, а то я ўжо неяк засумавала, - займаючы свой гаспадарскі фатэль, ухвальна прамовіла паэтэса. Жанчына гадоў пяцідзесяці, стройная, апранутая з нядбайнай вытанчанасцю так, каб і джынсы, і свабодная тонкая ваўняная блуза падкрэслівалі ўсе правільныя выгібы і выпукласці яе фігуры. - Адвечны спор варагуючых славян. Вяльможная Кацярына, на тое яна і Кацярына, зараз пачне пераконваць нас, што беларусы - больш палякі, чым беларусы, і я з ёй згодная. Алесь Паўлавіч з уласцівай навукоўцу аргументацыяй кінецца, як заўсёды, пярэчыць, настойваючы на ўнікальнасці і адметнасці беларускай народнасці. Шкада, сёння няма тут нашага нацыянальнага барда, які з дзіцячай наіўнасцю начытаўшыся Трашчанка, узбіўся на хісткія пазіцыі заходнерусізму і будзе стаяць на сваім з фанатычнай перакананасцю езуіта. Усё гэта так, так! Але іншы цяпер вецер дзьме. Мне здаецца, час спыняць гэтую балбатню і неяк вызначацца...