Выбрать главу

Паляна аказалася на месцы, больш за тое, на далёкім яе краі няяснымі сілуэтамі віднеўся ланцужок новаўзведзеных хат.

- Напэўна, дачы, - выключаючы на ўсялякі выпадак фары, чамусьці шэптам вымавіў Скарга, - значыць, з таго боку і дарога новая павінна быць.

- Можа, і ёсць, толькі нам гэтай дарожкі трымацца трэба. Давай святло на паўхвіліны ўключы, каб паварот не праскочыць. Дачы - гэта для нашай справы дрэнна.

Фары міргнулі якраз своечасова, метры праз чатыры ўправа ўніз сы- ходзіў парослы нізкай травой прасёлак, без адзінага колавага следу. Праехаўшы з дзясятак метраў, Вячаслаў уключыў блізкае святло. Тут можна было не толькі аўтамабільныя ліхтары ўключаць, але вялікі аэрадромны пражэктар - іх бы ўсё роўна ніхто не ўбачыў. Здавалася, яны павольна рухаліся ў цесным зялёным калідоры высокага арэшніку, які змыкаўся ўверсе. Як ні дзіўна, дарога тут была раўней, толькі неглыбокія вымоіны дажджавых раўчукоў, садраўшы кволую расліннасць, кідалі пад колы мініяцюрныя, пясчаныя выдмы.

Яны ўжо ехалі па гэтай віхлястай сцежцы больш за паўгадзіны. Злева ад дарогі абмінулі неглыбокі равок, стары і зарослы лесам.

- Славік, давай тармазні і прыпаркуй машыну ў гэтай нізінцы. Так, каб яна не асабліва тырчала на дарозе і не кідалася ў вочы, калі за намі які-небудзь цікаўны дачнік увяжацца.

- Ды якая цяпер цікаўнасць? Пацікавішся лішнім - сабе ж больш балюча будзе.

Машыну грунтоўна замаскіравалі, забралі інструменты і ліхтары. Сумку старога, якую ён усё намагаўся несці сам, Слава ўпіхнуў у свой беспамерны натаўскі заплечнік, прыладзіў на шырокі, падобны на мантажны, пояс сякеру і сапёрную нямецкую рыдлёўку. На галаву па-над тонкай вязанай шапкай начапіў маленькі ліхтарык, такі ж прыладкаваў і на лоб Ягору Кузьмічу, паказаў, як ім карыстацца.

- Зручная свяцілка, як шахцёрская! Галоўнае, рукі вольныя, працуй сабе. Малайчына, экіпіраваны з веданнем справы. А нямецкая рыдлёўка ў цябе адкуль? Я вось сваю дзесьці пасеяў, даўно ўжо.

- Дык у каго вучуся? Гэта яшчэ дзедава спадчына. Куды ідзем?

Яны стаялі ў цемры, у нетрах жывога, напоўненага няяснымі гукамі і шолахамі свету. Цемра, адабраўшы зрок у першыя хвіліны пасля святла, паступова яго вяртала. Начны лес павольна ўцягваў іх у сябе, ператвараючы ў сваю неад’емную частку. Недзе далёка ўнізе ледзь чутна шумела вада.

- Пайшлі, без святла, вочы пачынаюць ужо бачыць, хутка і ўнутраны зрок адкрыецца. Ідзем да каменнага мастка праз ручай...

- Адкуль у гэтых зарасцях каменны мост?

- Сядзіба тут калісьці вельмі даўно была, а можа, і замак...

Да мастка, які сапраўды выгнуўся дугой над нешырокай рачулкай, дайшлі хутка. Дрэвы расхінуліся, стала лепш відаць, ды і вясновыя ночы хуткаплынныя, левы бок неба ўжо наліўся цяжарам будучага світання. Перад імі, на супрацьлеглым баку ручая, крута падымалася лугавіна, мяр­куючы па ўсім, яе штогод абкошвалі. Пасярод гары пад двума велізарнымі дрэвамі цямнеў нейкі будынак. Па краі лугавіны, прыціскаючыся да лесу, выгіналася ўсё тая ж ледзь прыкметная сцяжынка.

- Ну, вось мы амаль і прыйшлі. Там пад ліпамі будан пчаляра, ён цяпер, хутчэй за ўсё, пусты. Але мы з табой рызыкаваць не будзем. Пяройдзем па мосце - і адразу ўніз да вады. Словам, давай за мной.

Дзве размытыя перадсвітальным паўзмрокам цені адна за адной прабеглі мост і шмыгнулі ўніз.

Над ручаём, абвітая каранямі, слалася-віхляла рыбацкая сцежка з рэдкімі здратаванымі да рачнога жвіру месцамі стабільнага клёва. Вячаслава курчыла ўнутры ад цікаўнасці: куды, а галоўнае навошта гэтая начная вылазка? Ён не так бачыў, колькі адчуваў, што яго настаўнік ужо даўно стаміўся: часцей спыняецца, і рухацца яму становіцца цяжэй і цяжэй.

- Усё, прыйшлі, дай дух перавесці, так, ужо не той я хадок. Зараз вось падымемся па гэтым схіле, там рэшткі старадаўніх могілак, вельмі старых. Магілы ўсе спустошаныя, збоку над абрывам рэшткі старой капліцы нейкай, вось у яе нам і трэба з табой...

- А там што?

- А я думаў, ты здагадаўся... Схованка там, мяркуючы па расшыфраваных запісах з тваіх польскіх сшыткаў. Толькі шыфр, як мы і меркавалі, не акаўскі, а, відаць, нямецкі. Польскі разведчык толькі яго скапіяваў і перадаў сваім. Што там - сказаць цяжка.

- А чаго спатрэбілася ўсё гэта рабіць ноччу? Ці не прасцей пад’ехаць днём на машыне на гэтыя могілкі, усё раскапаць, забраць, глянуць для цікаўнасці і перадаць у родную кантору? Я ж вам казаў: тыя знаходкі майму начальству вельмі спадабаліся.

- Пойдзем памаленьку. Дай я на цябе злёгку абапруся, стромка тут. Знаходка наша, можа, акажацца вельмі нязручнай, калі там тое, што мы з Горзбічам, Андрэем Іларыёнавічам, падумалі...