Выбрать главу

Перайшоўшы на чацвёрты курс, Вячаслаў абвясціў маме, што будзе жыць асобна і каб яна правільна яго зразумела ды не крыўдзілася. Сёння ён вяртаўся на сваю здымную кватэру позна. Пасля працы забег да Ягора Кузьміча і засядзеўся. Ды ў гэтага чалавека не тое што засядзецца - у яго можна было б і пасяліцца жыць, здымаючы ўсяго толькі вузкую скрыпучую кушэтку, калі б прапанаваў яму гэта гаспадар.

- Грамадзяначка, давайце толькі без аказання супраціву прадстаўнікам улады! Грамадзянка...

Два паставыя міліцыянты спрабавалі затрымаць дзяўчыну, якая вырывалася ад іх. Трэці, па ўсім старшы нарада, спрабаваў звязацца з кімсьці па рацыі. Вячаслаў, не раздумваючы, падышоў да яго, паказаў службовае пасведчанне і пацікавіўся, што адбываецца.

- Вось, таварыш лейтэнант, непадпарадкоўваецца грамадзянка і затрымліваецца для высвятлення асобы...

- Старшына, маё прозвішча Скарга, і давай без званняў ды казыранняў, -упаўголаса папрасіў лейтэнант. - За што затрымліваеце? - Вячаслаў уважліва паглядзеў на дзяўчыну: тая маўкліва ўпіралася, але з ёй усё ж справіліся ахоўнікі парадку і вялі да старшага. Сімпатычная, меднавалосая, з бел-чырвона-белым шалікам вакол шыі, у бярэтцы з бел-чырвона-белай стужкай і з бел-чырвона-белай значкай на кароткім палітончыку ў чырвона-белую клетку.

- Так, старшына, з чырвона-белым відавочны перабор, - усміхнуўшыся, з разумением вымавіў Скарга.

- Ну дык і я пра што! Як нейкі бэнээфаўскі хадзячы плакат.

Вячаслаў ужо быў сабраўся пайсці далей, але, зірнуўшы яшчэ раз на дзяўчыну, прыкінуў, што з ёй можна было б папрацаваць як з будучай даверанай асобай з пратэстных моладзевых тусовак.

- А ведаеш што, старшына, аддай ты мне гэтую хадзячую бяду, тут думка адна мільганула.

- Што ж, лейтэнант, - з ухмылкай вымавіў міліцыянт, - давай бяры, толькі глядзі - і за нас яе дзерані.

- Добра, як цябе завуць?

- Эдзік...

- Эдуард, давай вось што, - Скарга нешта таропка зашаптаў яму на вуха.

- Ага, усё зразумеў, зраблю...

Вячаслаў, адвярнуўшыся, каб не сустрэцца вачыма з затрыманай, пайшоў з метро. Ужо на вуліцы ён прытаіўся за бакавой сценкай выхаду і стаў чакаць. У хуткім часе з’явіліся старшына Эдзік і прыціхлая затрыманая. Чэкіст умела адштурхнуў канваіра, перахапіў руку дзяўчыны і з нягучным крыкам «Уцякайма!» нырнуў з ёй у яшчэ зімовы змрок вясновай ночы. Ззаду сіпла заліваўся міліцэйскі свісток. Прабегшы пару двароў, уцекачы перайшлі на хуткі крок, пераканаўшыся, што пагоні няма, спыніліся і зарагаталі.

- Ну ты даеш, я спалохацца не паспела, як ты мяне вырваў у гэтага монстра і завалок у цемру, - скрозь смех сказала дзяўчына. - Мяне завуць Стэфанія, сябры Стэфа, а ты - як табе зручней, ты ж мой выратавальнік.

- Я Вячаслаў, у сяброў Слава, Славец, таксама выбірай, як зручней, -працягваючы руку, адказаў хлопец. - Ты дзе жывеш?

- Наогул-та я з Горадні. У Менску вучуся ва ўніверы замежных моў, жыву ў здымцы на іншым канцы горада, тут у сяброўкі была на адной тусоўцы. Як дадому дабірацца - не датумкаю, у метро, напэўна, цяпер нельга?

- Гэта ўжо так! Ні табе, ні мне туды сёння лепш не совацца. Мянты, хутчэй за ўсё, да закрыцця там будуць тырчэць. Давай лепш я цябе да тусовачнай сяброўкі правяду, гэта далёка?

- Ды не, калі пешшу і наўпрост - хвілінаў трыццаць, на аўтобусе дзесяць, але яго ў гэты час не дачакаешся. Вось звалілася на тваю галаву, табе, мабыць, дадому трэба, жонка ўжо мо зачакалася?

- Малады я яшчэ для жонкі. Дзед мой быў перакананы, што кавалер задумвацца пра сям’ю мае права толькі пасля трыццаці пяці, а заводзіць жонку пасля сарака.

- Відаць, дзед твой быў дока па частцы дзяўчат! Бедная бабка!

- Не, з бабкай у іх усё было нармальна, яна была яго маладзей на дваццаць пяць гадоў, а вось да бабулі, - Вячаслаў злёгку свіснуў, - там, кажуць, шмат чаго было. Давай паказвай дарогу. А чаго гэта ты так кідка апранулася? - змяніў ён тэму.

- Ды вось хацела даказаць аднаму дзіваку сваю смеласць і нацыянальную заангажаванасць.

- І атрымалася?

- Ды ну яго, змагар прыезджы! Вось тут направа і прама праз пустку. Ты не збаішся туды пайсці?

- Ты ж не баішся?

- Дык гэта ж з табой, адна ні за што не паперлася б, нават па п’янцы.

- Я цябе якраз пра гэта самае «з табой» і пытаю: не боязна з незнаёмым мужыком ноччу па будаўнічых пустках швэндацца?

- Слухай, ну цябе! - дзяўчына спынілася і, як здалося Вячаславу, нібыта зморшчылася. - Пайду я лепш у метро ці вунь на прыпынку аўтобуса пачакаю. А я думаю, што гэта ты мне пра дзеда свайго заліваць стаў. Можа, ты маньяк?